У Новалукомлі арыштаваны пастар
15 сутак прысудзіў суд Чашніцкага раёна пастару Царквы Хрысціян Веры Евангельскай Аляксандру Зарэцкаму. Пра затрыманне пастара «Віцебскай вясне» распавялі мясцовыя жыхары.
Пастара асудзілі за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) праз «лайкі» і каментарыі да матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
Пастар Аляксандр Зарэцкі быў адным з тых, хто пасля падзей жніўня 2020 года падпісаў калектыўны Адкрыты ліст хрысціян Беларусі супраць гвалту. З гэтай нагоды ён меў гутарку ў Чашніцкім РАУС і ў раённым аддзеле ідэалогіі. 8 ліпеня 2021 года па месцы яго жыхарства правялі ператрус з нагоды крымінальнай справы, у якой ён меў статус сведкі.
На пачатку 2022 года Евангельская царква ў Новалукомлі атрымала адмову ад Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці наконт рэгістрацыі гуманітарнай дапамогі на суму 25625 шведскіх крон, атрыманай ад дабрачыннай арганізацыі «Осс-Хельпен» (Швецыя). Сярод гуманітарнай дапамогі, дасланай у Новалукомль, былі інвалідныя вазкі, адзенне, абутак, мэбля, посуд.
Чытайце таксама:
У Докшыцах зноў хапун за «экстрэмісцкія матэрыялы»
Праваабаронцы паведамляюць пра рэйды сілавікоў і затрыманні ў Пінску і Пружанах
Супрацоўніцу Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка звольнілі падчас адбыцця арышту





