Знайсці
22.05.2024 / 19:181РусŁacБел

Свядомая правакацыя ці памылка чыноўнікаў? Што можа стаяць за намерамі Расіі ўдакладняць свае межы ў Балтыйскім моры

Апублікаваны Міністэрствам абароны Расіі праект пастановы ўрада, які прадугледжвае ўдакладненне межаў Расіі ў Балтыйскім моры, справакаваў палітычны скандал. Суседзі Расіі ўбачылі ў ім правакацыю Масквы. Аднак, магчыма, гаворка тут усё ж ідзе пра бюракратычную фармальнасць, да якой падчас вайны паставіліся больш сур'ёзна, чым звычайна, піша тэлеграм-канал «Агентство».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Eriks Zilbalodis / vecteezy.com

Увечары ў аўторак журналісты звярнулі ўвагу на праект пастановы ўрада, у якім плануецца ўдакладніць знешнія марскія межы Расіі ў Балтыйскім моры. Дакумент падрыхтавала Мінабароны, а памяняць прапаноўвалася пералік пунктаў, ад якіх вядзецца адлік шырыні тэрытарыяльных водаў Расіі.

Адрас электроннай пошты, пазначаны на партале праектаў нарматыўных актаў, вёў да вайсковай часці 25106, адказнай за картаграфію Балтыйскага флоту, звярнуў увагу журналіст Марк Крутаў. Гэта, на яго думку, даказвае, што дакумент быў сапраўдным.

Праз некалькі гадзін пасля таго, як пра гэта сталі пісаць, дакумент быў выдалены. А раніцай у сераду ТАСС, «РИА Новости» і «Інтэрфакс» практычна адначасова выпусцілі матэрыялы са спасылкай на «вайскова-дыпламатычную крыніцу».

«Ніякіх намераў па пераглядзе на Балтыцы шырыні тэрытарыяльных водаў, эканамічнай зоны, кантынентальнага шэльфа ля мацерыковага ўзбярэжжа і лініі дзяржаўнай мяжы РФ не было і няма», — сказала гэтая крыніца.

Падобным чынам пракаментаваў сітуацыю і прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

«Нічога палітычнага тут няма, хоць і палітычнае становішча сур'ёзна памянялася з тых часоў. Вы бачыце, наколькі эскаліруецца напружанасць, які ўзровень канфрантацыі, асабліва ў Балтыйскім рэгіёне. Гэта патрабуе ад нашых ведамстваў адпаведных крокаў для гарантавання бяспекі», — сказаў ён.

У краінах, якія мяжуюць з Расіяй па Балтыйскім моры, сітуацыю ацанілі ў першую чаргу як наўмысную правакацыю Масквы. Такую заяву зрабіў, напрыклад, кіраўнік МЗС Літвы Лаўрынас Кашчунас. На ягоную думку, мэта Расіі — «запалохаць суседнія краіны і іх грамадствы». «Гэта пэўныя геапалітычныя канвульсіі», — дадаў ён.

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута знешняй палітыкі Фінляндыі Юсі Ласіла таксама сказаў выданню Iltalehti, што публікацыя праекта Мінабароны, верагодна, носіць правакацыйны характар для павышэння нервовасці. «Магчыма, Расія кінула пробны мяч у бок Фінляндыі і НАТА», — падкрэсліў ён.

Галоўнакамандуючы шведскай арміяй Мікаэль Бюдэн заявіў, што Расія «паклала вока» на Готланд. На гэты востраў, паводле яго слоў, цяпер часова перакідваюцца дадатковыя сілы.

Кіраўнік парламенцкага камітэта Фінляндыі па замежных справах Кімо Кільюнен паабяцаў вырашаць праблему па дыпламатычных каналах, а міністр замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанен выказала надзею, што Расія будзе прытрымлівацца Канвенцыі ААН па марскім праве. Яна таксама дапусціла, што Мінабароны спрабуе «ўнесці блытаніну» для гібрыднага ўплыву.

У той жа час практычна адразу частка каментатараў звярнула ўвагу на некаторыя дзівацтвы дакумента. «Правядзенне межаў фактычна не ўваходзіць у кампетэнцыю Міністэрства абароны — датуль, пакуль межы не будуць змененыя сілай», — напісаў карэспандэнт выдання Yle па Расіі Хейкі Хейсканен.

Былы дарадца прадстаўніцтва Расіі пры ААН у Жэневе Барыс Бондараў лічыць найбольш верагоднай версіяй, чаму так адбылося, простую памылку расійскіх уладаў.

«Мне здаецца, гэта, хутчэй за ўсё, нейкае неасцярожнае абыходжанне з дакументамі. Я не стаў бы з гэтага нейкую сенсацыю рабіць», — падкрэсліў ён.

Пры гэтым варта адзначыць, што аналагічная пастанова ўрада выпускалася ў 2021 годзе, тады ўдакладняліся межы вакол Зямлі Франца-Іосіфа і арктычнага ўзбярэжжа. Распрацоўшчыкам дакумента таксама было Мінабароны. Аднак у той час ніякай асаблівай рэакцыі на гэта ні ў каго не было. Хоць, магчыма, толькі таму, што ў тым рэгіёне тэрытарыяльныя воды Расіі надта далёка ад тэрытарыяльных водаў іншых краін.

Чытайце таксама:

У Расіі абвяргаюць жаданне змяніць мяжу з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры

МЗС Літвы назвала ініцыятыву Расіі наконт змены марской мяжы ў Балтыйскім моры правакацыяй

Расія вырашыла самачынна зрушыць мяжу з Літвой і Фінляндыяй у Балтыйскім моры

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1
0
Вольга/адказаць/
22.05.2024
Чым болей вой на балотах крапчэе - тым болей трэба іх душыць. Толькі такую мову яны разумеюць.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930