Знайсці
22.05.2024 / 16:026РусŁacБел

«Спроба апазіцыі займець другое дыханне». Вось што напісала пра анлайн-выбары ў Каардынацыйную раду Le Monde

Уплывовае французскае выданне знаёміць сваіх чытачоў з асаблівасцямі перадвыбарчай кампаніі дэмакратычных сілаў Беларусі ў выгнанні.

Надпіс «Жыве Беларусь» сярод графіці ў Варшаве. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва 

Аўтар артыкула Элен Б'енвэню (Hélène Bienvenu) асабіста прысутнічала на канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду, якая адбылася ў Варшаве 19 мая.

Яна называе выбары — «спробай беларускіх дысідэнтаў у выгнанні займець другое дыханне» пасля пратэстаў чатыры гады таму, а Раду — «сходам, які альтэрнатыўны парламенту Беларусі, што знаходзіцца пад кантролем дыктатара Аляксандра Лукашэнкі».

Журналістка звяртае ўвагу на тое, што выбары будуць праведзеныя анлайн з мэтай ахопу ўсёй беларускай дыяспары. А пройдуць яны праз тры месяцы пасля «абнаўлення складу беларускага парламенту, якое стала пародыяй на выбары, на якія не былі запрошаны міжнародныя назіральнікі ад Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе».

Б'енвэню нагадвае гісторыю стварэння Каардынацыйнай рады, якая «першапачаткова была закліканая для забеспячэння пераходу да дэмакратыі», і звяртае ўвагу на рэпрэсіі супраць удзельнікаў масавых пратэстаў пасля выбараў, якія «прымусілі дэманстрантаў выбіраць (у выпадку наяўнасці такой магчымасці) паміж выгнаннем, турмой ці маўчаннем».

Новым ударам па беларускай дэмакратыі, піша аўтарка, стала ўварванне Расіі ва Украіну, у якім быў замяшаны і Лукашэнка.

«Будучыня Беларусі — краіны, якая эканамічна залежыць ад Расіі і падвяргаецца астракізму з боку міжнароднай супольнасці, таксама вырашаецца на ўкраінскім фронце», — піша Б'енвэню і прыводзіць словы спікера Каардынацыйнай рады Андрэя Ягорава:

«Мы маем справу не толькі з аўтарытарным рэжымам у Беларусі, які стаў больш жорсткім, рэальную пагрозу незалежнасці таксама ўяўляе ўдзел краіны ў вайне з Украінай. Рэч у тым, што міжнародныя санкцыі, якімі б зразумелымі яны ні былі, ізалявалі Беларусь і зрабілі яе яшчэ больш залежнай ад Расіі».

Аўтар тлумачыць еўрапейскаму чытачу, што беларускія дэмакратычныя сілы ў выгнанні вымушаныя правесці рэструктурызацыю, таму што Лукашэнка працягвае трымаць уладу мёртвай хваткай, а вайна ва Украіне памяняла геапалітычную сітуацыю.

Б'енвэню нагадвае, што Святлана Ціханоўская з лета 2022 года ўзначальвае Аб'яднаны пераходны кабінет — «протаорган выканаўчай улады свабоднай Беларусі». І адзначае, што яго такім лічыць шмат хто з кіраўнікоў замежных урадаў. Каардынацыйная рада, рэфармаваная ў 2022 годзе, стала протаорганам заканадаўчай улады.

Канферэнцыю ў Варшаве, на якую сабраліся прадстаўнікі дванаццаці выбарчых спісаў, французская журналістка называе «ключавым момантам выбарчай кампаніі». Яна звяртае ўвагу на той факт, што падчас дэбатаў, якія трансляваліся анлайн, сярод іншага абмяркоўваліся пытанні спосабаў вызвалення палітзняволеных і вяртання ўвагі міжнароднай супольнасці да Беларусі.

Журналістка заўважае, што ў спісах кандыдатаў 40% складаюць жанчыны. Кандыдаты рэпрэзентуюць як палітычныя партыі, так і грамадскія рухі. Два спісы ўключаюць «былых супрацоўнікаў рэжыму», якія «перайшлі на бок апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў і знайшлі прытулак у Польшчы». Канкрэтна яна называе «былога высокапастаўленага следчага» Аляксандра Азарава і «былога міністра культуры» Паўла Латушку.

Аўтарка таксама цытуе словы Фрэдэрыка Пеці (Frédéric Petit), дэпутата парламента Францыі, які рэпрэзентуе інтарэсы французаў замежжа, што жывуць у Цэнтральнай Еўропе, і ініцыятара місіі назірання за выбарамі ў Каардынацыйную раду:

«Гэтыя дванаццаць спісаў сапраўды адлюстроўваюць разнастайнасць беларускай апазіцыі. Гэтыя выбары дазволяць легітымізаваць і папулярызаваць гэты інстытут. Не выпадкова пра іх гаворыць Лукашэнка».

Журналістка дадае, што беларускія ўлады ўнеслі ўсе выбарчыя спісы ў пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў», што «дастаткова для таго, каб кандыдаты ў выпадку перасячэння беларускай мяжы трапілі ў турму, дзе ўжо знаходзяцца 1360 палітычных зняволеных [гэта толькі тыя, якіх мы ведаем]».

У канцы свайго артыкула французская журналістка адзначае, што ў беларускай дыяспары няма адзінства адносна пытання ўдзелу ў выбарах.

Чытайце таксама:

Колькі людзей павінна прагаласаваць на выбарах у КР, каб яны адбыліся?

Чаму рэжым пачаў актыўна рэпрэсаваць беларусаў за мяжой?

СК завёў крымінальныя справы супраць 257 чалавек, якія балатуюцца ў Каардынацыйную раду

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
17
Панылы сорам
3
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3
22.05.2024
Дарэчы, калі пра Le Mondе гворка, шаноўныя рэдактары, раю часам пачытаць, без сарказму.

Тады замест пісаць пра нейкія расейскія зоркі ці капіпасціць з некаторых СМІ пра "злога" Маска можна будзе паведамляць беларусаў, што адбываецца ў Фрацыі і Еўропе, напрыклад пра рэферэндум у Ірландыі, шматлікія гучныя тэракты з удзелам этнічна не французаў, а мігрантаў, якіх на жаль у Францыі ўсё часцей і пра якія пішуць шматлікія еўрапейскія СМІ, а беларускія нешта маўчаць, пра нямецкіх прарасейскіх карысных ідыётаў з Die Linke і іншыя навіны. Вось прыклад адной з такіх гучных у Еўропе навіна, пра якую хіба коратка напісала толькі адно белСМІ, або нават ніводнае.

https://www.lefigaro.fr/faits-divers/eure-au-moins-deux-agents-tues-lors-du-braquage-d-un-fourgon-penitentiaire-20240514
22.05.2024
Все на выборы! ,менвіта, рускай победы, але ніяк не перамогі.
22.05.2024
Журналістка заўважае, што ў спісах кандыдатаў 40% складаюць жанчыны.
Гендарны цырк за гранты адзначаны.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930