Знайсці
26.05.2012 / 01:2415РусŁacБел

Ці навучыць рускамоўная школа роднай мове?

Узровень беларускай мовы ў школах часам выклікае ўсмешку, асабліва калі вучні ўпэўнена заяўляюць, што кавун — гэта сякера, а ложак — лыжка. Аднак, бываюць выпадкі, калі бацькі самі спрабуюць дапамагчы настаўнікам змяніць сітуацыю да лепшага.

«Калі я заходжу ў клас пасярод урока, адразу з першых парт у мяне пытаюцца: «Мы нешта будзем рабіць?» — расказвае Алена Церашкова, мама аднаго з вучняў сталічнай гімназіі нумар 29. Вучні трэцяга класа ўжо ведаюць, што мама іх аднакласніка не прыходзіць проста так, яна абавязкова прапануе зладзіць вясёлае беларускамоўнае свята з канцэртам, песнямі і конкурсамі.

Пачалося ўсё некалькі гадоў таму з ваганняў Алены Церашковай наконт таго, у якую школку аддаць свайго сына. З аднаго боку, сям’я падумвала пра беларускамоўную гімназію, але тады давялося б вазіць сына ў школу праз паўгорада. З другога боку, літаральна «пад вакном» знаходзілася рускамоўная 29-ая гімназія, да якой проста дабірацца і ўзровень навучання даволі высокі:

«Гэта адна з лепшых школ Менска і нам пашанцавала, што мы жывем побач. Тым не менш, стан роднай мовы тут тыповы для большасці нашых школ, — кажа Алена. — Беларускай надаецца ўвага толькі ў аб’ёме, неабходным для пераходу з класа ў клас».

Урэшце, Алена зрабіла выбар на карысць школы «пад вакном». Аднак яна вырашыла сваімі сіламі дадаць у жыццё школьнікаў трошку беларускай мовы.

«Мы ўжо двойчы праводзілі беларускамоуныя каляды для усёй паралелі, а сёлета і для ўсёй школы пачатковай, — дзеліцца сваімі дасягненнямі Алена. — Такім чынам, дзякуючы намаганням нашага класнага кіраўніка, Таццяны Фамінішны Астроўскай і маім намаганням, мы вучым дзяцей, што беларуская мова — гэта не проста сумна, адказна і г.д., але і весела, прыкольна і ўсім падабаецца. Вось дзеля такой матывацыі мы і працуем».

Кіраўніцтва школы усяляк спрыяе намаганням Алены Церашковай, кажа яна. На гэтым тыдні ў гімназіі зладзілі яшчэ і Свята беларускай мовы. Акрамя загадзя падрыхтаваных дзецьмі гумарыстычных сцэнак, песняў і танцаў, а таксама выступа гурта «Тутэйшыя», сярод вучняў трэціх класаў прайшоў турнір па беларускай мове.

Заданні апынуліся для дзяцей сапраўдным выпрабаваннем. У ступар вучняў ставілі, здавалася б, не такія цяжкія пытанні: Што значыць прымаўка «па адзежы сустстракаюць, а па розуме праважаюць»? Як перакласці на рускую мову слова «папруга» ці «кавун»?

Трэба зазначыць, што дзеці насамрэч шчыра стараліся і часам выдавалі выдатныя адказы на даволі складаныя пытанні. І нават у сваіх развагах намагаліся перайсці на беларускую мову. Аднак, у большасці выпадкаў родная мова выклікала складанасці.

Пасля турніра вучні шчыра прызналіся — «нам было вельмі складана падчас кожнага конкурса». Беларускую мову яны чуюць толькі ў школе на ўроках, якія праходзяць усяго два разы на тыдзень. Відавочна, што гэтага аб’ёму замала, каб авалодаць мовай. І таму кожнае беларускамоўнае свята для іх — магчымасць даведацца болей новых словаў і пачуць мову ў іншых абставінах, па-за заняткамі.

З аднаго боку, можна наракаць на тое, што сфера ўжытку беларускай мовы скарачаецца. З іншага, выглядае, што нават інфраструктуру рускамоўных школаў можна выкарыстоўваць для таго, каб не даваць дзецям забывацца на роднае слова. Галоўнае, каб бацькі не сядзелі, склаўшы рукі.

Настасся Шамрэй, Таццяна Гаўрыльчык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031