«Адным з першых яго ўказанняў стала ўстаноўка відэакамер». КДБ расказаў больш пра арышт дырэктара «Бабушкиной крынки»
Камітэт дзяржаўнай бяспекі праз дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА выкладае пэўныя падрабязнасці «малочнай» справы, якая сёння ўсплыла на нарадзе Лукашэнкі з сілавікамі. Некаторыя з іх тычацца ўжо былога гендырэктара «Бабушкиной крынки» Генадзя Скітава.
Генадзь Скітаў у цэнтры. Фота: t.me/bkmogilev
Паводле версіі КДБ, у студзені 2020 года органы дзяржбяспекі атрымалі першасныя аператыўныя даныя аб наяўнасці карупцыйнай схемы набыцця сталічнай ТАА «ТПК ПрадІнвест» ліквіднай прадукцыі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў па заніжаных цэнах. Яе пасля збіраліся прадаваць у Расіі.
Сярод іншага, ў поле зроку сілавікоў трапілі «сумнеўныя схемы рэалізацыі прадукцыі ААТ «Бабушкина крынка». Іх якраз нібыта і арганізаваў прызначаны на пасаду ў верасні 2019 года дырэктар Скітаў.
Адным з першых яго ўказанняў стала, як сцвярджаюць «чэкісты», устаноўка відэакамер у працоўным кабінеце і прыёмнай Скітава, а супрацоўнікі павінны былі мець зносіны з ім толькі праз месенджары.
Акрамя таго, Скітаў нібыта забараніў наведваць прадпрыемства прадстаўнікам дзяржорганаў без яго ведама. А перад калектывам ён, маўляў, «пазіцыянаваў сябе «аўтарытэтам з 90-х».
Дзеля правядзення нелегальных схемаў дырэктар, як сцвярджаецца, сфармаваў каманду менеджараў з ліку сваіх сваякоў і былых падначаленых, увёў новую збытавую палітыку і «замкнуў фінансавыя патокі на сябе».
Пасля таго каля 50% высокаліквідных сыроў і масла сталі рэалізоўвацца праз блізкую сувязь Скітава з Сіруцем — кіраўніком шэрагу афіляваных кампаній. Скітаў, як сцвярджаецца, стварыў для кампаній Сіруця прэферэнцыйныя ўмовы адгрузак гатовай прадукцыі, а з часам апошні, маўляў, літаральна манапалізаваў экспартныя патокі прадпрыемства, іншыя бізнэсмены маглі мець доступ да прадукцыі толькі пры ўзгадненні з ім.
Таксама Скітаў нібыта наўмысна павялічваў складскія запасы, дамагаючыся такім чынам зніжэння для свайго прадпрыемства індыкатыўнай цаны. Гэта дазваляла Сіруцю забяспечыць максімальна магчымы прыбытак ад перапродажу прадукцыі ў Расію. За гэта ён плаціў Скітаву не толькі непасрэдна грашовым хабарам, але і паездкамі на забаўляльныя мерапрыемствы, урачыстасці і камандзіроўкі ў Расію.
Увогуле, па версіі КДБ,
«злачынныя даходы ад неабгрунтаванай пасрэдніцкай дзейнасці ўсіх удзельнікаў супрацьпраўнай дзейнасці ў малочнай галіне з улікам розніцы цэн у Беларусі і Расіі склалі не менш як 10 млн даляраў у год».
Чытайце таксама:
26 чалавек затрыманыя. Лукашэнка распавёў пра «малочную справу»
«Малочная справа»: у чым абвінавачваюць гендырэктара «Бабушкиной крынки»
Такім чынам праз істотныя адміністрацыйныя прэференцыі дзяржаўным сельгасвытворцам існаванне істотнага прыватнага сельгассэктару зроблена практычна немагчымым (адміністрацыйныя ўмовы функцыянавання сельгасхолдынгаў Машэнскага, Чыжа, Баскіна і г.д. - прадмет раследвання антыкарупцыйнай пракуратуры будучай дэмакратычнай Беларусі). Зрэшты і дзяржаўныя сельгаспадарчыя вытворцы могуць толькі існаваць, але не маюць магчымасцей развівацца, падвышаць прадукцыйнасць і адпаведна выплочваць добры заробак сялянам. І параўнанне вытворчасці збожжа ў Беларусі і Літве - самы наглядны паказнік неэфектыўнасці беларускай сельгаспадаркі.
А вось цэнтр прыбытку штучна сканцэнтраваны менавіта ў дзяржаўнай харчовай перапрацоўцы, што спрыяе стварэнню разнастайных карупцыйных схем на патоках фінансаў і гатовай прадукцыі харчовай перапрацоўцы.
Пакуль на ўсіх гэтых сельгаспадарчых схемах сядзіць вертыкаль - невырашальных праблем праз неканкурэнтаздольнасць ў дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў не ўзнікае. Але часам апетыты менеджменту і непасрэдных ягоных начальнікаў-вертыкальшчыкаў пераходзяць дазволеныя межы, і тады пачынаецца змаганне супраць карупцыянераў. Але не кранаючы выбудаванай сістэмы, мэты якой - трыманне большасці працоўных у залежнасці ад рэжыма праз утрыманне дзяржманаполіі на рынку працы і забеспячэнне вертыкалі магчымасцямі дадаткова ўзбагчвацца за кошт штучнага стварэння нярынкавых умоваў у эканоміцы.
отецбатька.