Знайсці
30.09.2021 / 08:29РусŁacБел

«Трапіць сёння ў 1937 год цалкам магчыма». Кобрынская доктарка пра звальненне за пазіцыю і суд з мясцовай раёнкай

Юлія Рафаловіч 20 гадоў працавала педыятрам у Кобрыне. За апошні год яе двойчы штрафавалі за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы», адзін раз пасадзілі на 7 сутак, пасля чаго звольнілі з працы. А затым у мясцовай газеце выйшла яшчэ і здзеклівая нататка пра сям’ю Рафаловіч, дзе сцвярджалася, што доктарка нібыта адмовілася аказваць дапамогу дзіцяці міліцыянта па палітычных прычынах. Але Рафаловіч не змаўчала і нават падала на газету ў суд. Чым скончылася гэтая гісторыя, як Юлія жыве сёння і ці не шкадуе пра свой выбар, яна распавяла «Нашай Ніве».

«Я нарадзілася ў Кобрыне, пасля мая сям’я перабралася ў Мінск. Там я вырасла, скончыла медыцынскі інстытут. Бацькі не дактары, маці была інжынеркай, тата — настаўнікам фізкультуры. Але я з самага маленства хацела стаць медыкам: было жаданне дапамагаць людзям, і ў дзяцінстве я сама мела праблемы са здароўем, перанесла цяжкую аперацыю.

Я ганарылася сваімі дактарамі, якія мяне выратавалі, гэта вельмі мяне натхніла, — расказвае Юлія Рафаловіч. — Я адразу хацела працаваць з дзецьмі, таму пайшла ў педыятрыю. Пасля сустрэла будучага мужа ў Кобрыне, мы ажаніліся, і я вярнулася на сваю малую радзіму. У Кобрыне працавала педыятрам з 1996 года, з перапынкам на два дэкрэты».

«Мяне пазбавілі маёй любімай працы, якой я прысвяціла два дзясяткі гадоў»

Жанчына прызнаецца, што раней не была асабліва палітычна актыўнай, хоць і бачыла, што адбываецца навокал. Калі працавала на 1,5 стаўкі, зарабляла каля 1500 рублёў. Муж-іпэшнік зарабляў прыкладна столькі, а часам нават і менш.

«З мужам мы абмяркоўвалі ўсё гэта, бачылі, што жыццё мяняецца зусім не ў лепшы бок. І на працы ўсё больш увагі надавалася не пацыентам, а паперам, дакументам, справаздачам. Гэта абурала.

Але ў 2020 годзе з’явілася надзея, што перамены сапраўды могуць адбыцца. Мы ўсе ўбачылі, што сітуацыю, якая пагаршалася з кожным годам, можна змяніць, і гэта вельмі натхніла людзей. І я, і ўся мая сям’я былі гэтаму вельмі рады.

Мы маглі прыняць удзел у гэтым афіцыйна, прагаласаваўшы на выбарах. Ведалі шмат людзей, хто зрабіў такі ж выбар, як і мы. Але калі ўбачылі вынікі, гэта проста абурыла. Тады з’явілася жаданне хаця б проста выказаць сваё меркаванне», — кажа Рафаловіч.

Праблем ці вымоў на працы ў яе раней ніколі не было, кажа Рафаловіч. Усё змянілася пасля 2020 года, калі жанчына пачала выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. 

«Двойчы мяне затрымлівалі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, пасля штрафавалі.

Перад Днём Волі сёлета мяне затрымалі яшчэ раз: я ўпрыгожвала мясцовы парк бела-чырвонымі стужкамі. За гэта мне далі ўжо 7 сутак арышту, — згадвае Юлія. — Сядзела, скажам так, без камфорту, але прымальна. Часам слухала не вельмі прыемныя рэчы ад супрацоўнікаў, прыходзілася рабіць ім заўвагі». 

Юлія кажа, што пасля першых затрыманняў у яе была размова на працы з начальствам, дзе ёй намякнулі, што хутка заканчваецца кантракт. Праўда, яго ўсё ж працягнулі. Але ж жанчына падпісала паперу, дзе было сказана, што яна «не плануе прымаць удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах».

«Але я і не прымала, я лічу, — кажа доктарка. — Нават пасля затрымання за стужкі я тлумачыла, што не бачу, у чым тут парушэнне законаў».

Таму Юлія чакала, што пасля сутак зноў вернецца да працы. Але ж праз тыдзень пасля вызвалення яна даведалася, што яе звальняюць з працы па артыкуле — за прагулы. 

Рафаловіч кажа: «Мяне пазбавілі маёй любімай працы, якой я прысвяціла два дзясяткі гадоў. Гэта быў вялікі стрэс. Я не знаходзіла сабе месца, перажывала, не спала. Нават падала пазоў у суд, але законы ў нашай краіне перасталі працаваць. Мой пазоў адхілілі». 

«Тое, што я адмовілася аказваць медыцынскую дапамогу дзіцёнку міліцыянта, — гэта проста хлусня»

У красавіку, неўзабаве пасля звальнення доктаркі, пра яе выйшаў пасквіль у мясцовай дзяржаўнай газеце.

«Мабыць, дэструктыўным сілам удалося надзейна і надоўга адурманіць кабрынчанку, унесці дозу «рэвалюцыйнага кайфу» ў душу і сэрца дарослага і разумнага чалавека і спецыяліста. Толькі ўдумайцеся! Доктар-педыятр па палітычных матывах наадрэз адмовілася… аказваць дапамогу дзіцяці супрацоўніка РАУС.

А ва ўрачыстай клятве доктара Рэспублікі Беларусь ёсць фраза: «Клянуся ў любы час дапамагаць кожнаму пацыенту незалежна ад яго сацыяльнага паходжання, веравызнання і нацыянальнасці». Абяцанне грамадству і дзяржаве Юлія Рафаловіч цынічна стёрла са сваёй памяці, убачыўшы ў хворым дзіцяці, якому тэрмінова патрэбна была медыцынская дапамога, лютага ворага …» — разліваўся «Кобрынскі веснік».

Мазнулі і мужа з дзецьмі:

«Дарэчы, імкненне разбураць і пратэставаць у Юліі культывуецца і ў сям'і, бо, як вядома, яблык ад яблыні недалёка падае. Сын атрымлівае адукацыю ў Польшчы, дзе юнак цішэй за ваду і ніжэй за траву. А вось на Радзіме ў ліпені мінулага года ён «вызначыўся» ўдзелам у акцыі пратэсту і быў затрыманы праваахоўнымі органамі. Муж Юліі ўсяляк заахвочвае намеры сваіх родных і блізкіх, лічачы іх «неверагодныя» паводзіны адзіна правільным».

Рафаловіч вырашыла, што цярпець такое не будзе.

«Тое, што я адмовілася аказваць медыцынскую дапамогу дзіцёнку міліцыянта, — гэта проста хлусня, — кажа Юлія. — Адбылося ўсё яшчэ ўвосень 2020-га.

Сітуацыя была іншая: двойчы жонка таго міліцыянера звярталася да мяне па даведку для дзіцяці. Без самога дзіцяці пры гэтым. Я адказвала, што за такімі дакументамі прыходзяць па запісе, з талонам.

Таксама я сказала, што ў мяне перагружаныя прыёмы, і парэкамендавала ёй магчымасць перавесціся да іншага педыятра.

Усё гэта тая жонка міліцыянта запісвала на дыктафон. Пасля я не ведаю, што было, куды яны звярталіся, але ж праводзілася праверка.

Была пагроза завядзення крымінальнай справы за неаказанне медыцынскай дапамогі. Але ў маіх дзеяннях нічога такога не ўгледзелі, я атрымала толькі вымову ад начальства і працягнула працу.

І пасля майго звальнення гэта ў перакручанай форме апублікавала раённая газета. Гэта чытаць было прынізліва. Фразы прыніжалі мой гонар і годнасць. А інфармацыя, што я не аказала дапамогу дзіцяці ўвогуле хлусня. Гэта паклёп».

Таму Юлія пайшла ў суд. Кажа, хацела заявіць услых пра няпраўду.

Але працэс зрабілі закрытым па просьбе прадстаўніка газеты, таму расказваць пра яго Рафаловіч не можа. Вынік — пазоў Юліі не задаволілі. Цяпер яна шукае новую працу.

«Я ганаруся годнасцю беларусаў, якая з’явілася за гэты час»

«Ужо была дзіўная гісторыя, калі я ўладкавалася часова ў дзіцячы лагер, адну змену адпрацавала, а на наступную дырэктар мне сказаў, што знойдуць іншага спецыяліста», — кажа жанчына.

Сын і дачка Рафаловічаў цяпер вучацца ў Польшчы. 

«У нас і ў дзяцей ёсць карты паляка. Мы ім прапанавалі, дзеці пагадзіліся. Гэта быў іх выбар. Я да карты паляка не стаўлюся як да нейкай прапагандысцкай зброі польскага ўрада. Мы як былі беларусамі, так імі і застаёмся. Ды і сын казаў, што пасля вучобы хоча вярнуцца ў Беларусь і жыць і працаваць тут».

Вось толькі з вяртаннем узніклі праблемы.

«Ён баіцца вярнуцца, бо яго затрымлівалі таксама двойчы, а пасля і мне пагражалі, калі затрымлівалі. Калі я была ў ІЧУ, да мяне прыходзілі з такім пагрозамі, не ведаю, з якога ведамства, дакладна. Казалі, што ваш сын не зможа вярнуцца сюды», — кажа Юлія. 

«Усё, што адбываецца, — гэта вяртанне не проста ў Саюз, а ледзьве не да сталінскіх рэпрэсій. Усё, што я і бачыла на судзе, і чула там ад рэдактара газеты і з размоў сілавікоў, паказвае, што трапіць сёння ў 1937 год цалкам рэальна і магчыма.

Уся гэтая хлусня такая ж, як ты чытаеш у артыкулах і кнігах пра тыя рэпрэсіі. Тая ж мова, тыя ж звароты, тыя ж манеры паводзінаў, нюансы ў размовах… 

Я сама родам з СССР, але сёння ніколі не скажу, што маю жаданне туды вярнуцца. Аднак пэўная частка насельніцтва вельмі моцна гэтага хоча», — кажа Юлія.

— Але ў мяне ніколі не было думкі «ціха сядзець», бо нічога агрэсіўнага я ніколі і не прадпрымала. Выказваць жаданне жыць шчыра ў свабоднай краіне — гэта не супрацьзаконна, я так лічу. І сваіх дзяцей я падтрымліваю, выхоўвала іх быць шчырымі.

Сёння мы жывём надзеяй, што перамены непазбежныя. Хочацца прачынацца раніцай і свабодна дыхаць. Так, нас будуць абмяжоўваць, мяняць законы, Канстытуцыю… Але мая грамадзянская пазіцыя не толькі не змянілася, яна стала толькі мацнейшай. Я ганаруся годнасцю беларусаў, якая з’явілася за гэты час».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031