Знайсці
15.05.2024 / 15:126РусŁacБел

Расійскі «эксперт па рабоце спецслужбаў» заявіў, што камунікаваў з суддзёй Шмітам доўгія гады

«Ён раіўся, задаваў пытанні. Мы з ім як два юрысты абменьваліся навуковымі працамі», расказаў агенцтву БелТА Сяргей Карнаухаў, у біяграфіі якога праца на расійскія сілавыя структуры.

Томаш Шміт. Фота: БелТА

У праект «У тэме» беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА на гэты раз быў запрошаны кандыдат юрыдычных навук з Расіі Сяргей Карнаухаў, якога прэзентавалі як «эксперта па рабоце спецслужбаў». Карнаухаў расказаў, што ведае збеглага ў Беларусь польскага суддзю Томаша Шміта шмат гадоў.

Сяргей Карнаухаў у 1992—2009 гадах працаваў у Міністэрстве ўнутраных спраў Расіі, пазней — намеснікам старшыняў урадаў у Кіраўскай і Калінінградскай абласцях. З 2011 года займаецца выкладчыцкай дзейнасцю і адначасова бярэ ўдзел у розных зрэжысіраваных грамадска-палітычных шоу на расійскім тэлебачанні.

Карнаухаў атрымаў найбольшую вядомасць як ініцыятар пераследу Аляксея Навальнага. Цяпер на канале «Соловьёв LIVE» ён вядзе праграму «Лабірынт Карнаухава». Палітолаг знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Украіны і шэрагу іншых краін.

Карнаухаў расказаў, што ён удзельнічаў у вызначэнні месца першага прызямлення для Шміта. «Ён раіўся. Ён вельмі мякка гэта ўсё гаварыў: «Калі я наважуся на такі крок, куды б паехаць?» Я прыхільнік быў таго, каб Томаш выбраў Беларусь».

Палітолаг сцвярджае, што спісваўся са Шмітам пасля яго пераезду і той «рэальна на сёмым небе», нягледзячы на тое, што «ўсё згубіў»:

«Ён шчаслівы таму, што яго не проста не кінулі. Ён кажа, што не мог сабе ўявіць, што такія людзі бываюць. Пры тым, што ад яго нічога не трэба. Яго ніхто не выкарыстоўвае ў прапагандзе, ніхто не раскручвае, ні да чаго не схіляе. Проста чалавек прыйшоў, яму дапамаглі», — кажа Карнаухаў.

Напраўдзе, суддзю Шміта максімальна выкарыстоўвае расійская і лукашэнкаўская прапаганда, ён паслядоўна агучвае прапагандысцкія ўстаноўкі, што праводзяцца афіцыйнымі Мінскам і Масквой. У прыватнасці, Шміт прыйшоў на інтэрв'ю беларускаму філіялу расійскага агенцтва Sputnik з георгіеўскай стужкай.

Як адзначылі людзі, што ведаюць польскую мову, тэлеграм-канал Шміта, які ён завёў пасля ўцёкаў у Беларусь, насамрэч ад ягонага імені вядуць людзі, якія не ідэальна валодаюць польскай мовай.

На погляд Карнаухава, выпадак Шміта — «яскравы прыклад таго, што палякі могуць зрабіць». І раіць тым людзям у Польшчы, «якія незадаволеныя, якія баяцца» «зрабіць правільны выбар» — «сабрацца, пераходзіць мяжу і ехаць у Маскву, Мінск, прасіць палітычнага прытулку, прасіць чалавечай дапамогі».

«Спытайце ў Томаша, як будзеце абагрэтыя і колькі станоўчых эмоцый вы атрымаеце. Гэта будзе сапраўдная добрая змена ў вашым жыцці», — заклікае расійскі кантакт Шміта.

Карнаухаў характарызуе Шміта як «бліскучага суддзю, выдатнага юрыста, якому давяралі самыя складаныя справы», а таксама «надзвычайна патрыятычнага» чалавека, які «моцна перажываў за Польшчу і вельмі хацеў, каб Польшча захоўвала той курс, які яго ў свой час паклікаў на вышэйшыя судзейскія пасады».

Сяргей Карнаухаў. Скрын відэа beltavideo / YouTube

Па словах Карнаухава, Шміт «патраціў усё сваё жыццё, каб атрымаць неабходны ўзровень кваліфікацыі для таго, каб быць суддзёй».

Расійскі палітолаг называе збеглага польскага суддзю «патрыётам Польшчы ў поўным сэнсе гэтага слова» і заўважае, што Шміт «убачыў, як на яго вачах у літаральным сэнсе развальваецца Польшча, ператвараецца ў абсалютную дыктатуру».

«Дыктатура» ў Польшчы, на погляд Карнаухава, мае сваю асаблівасць: «Бываюць розныя дыктатуры. Ёсць нацыяналістычнага толку, калі ўсё падпарадкоўваецца адзінай нацыянальнай ідэі. Дзеля гэтай ідэі людзі знішчаюць адзін аднаго. Але ў Польшчы не так. Ён (Шміт — НН) бачыць, што там знешняе кіраванне, што Польшча ніякіх адносін да нацыянальных інтарэсаў сваёй краіны не мае».

Гэта хлуслівае сцвярджэнне: Польшча не дыктатура, а дэмакратычная краіна, дзе ўлады абіраюцца на свабодных і канкурэнтных выбарах, у вострай барацьбе, а СМІ — свабодныя.

Карнаухаў сцвярджае, што ён са Шмітам «быў у шчыльным кантакце»: «Ён раіўся, задаваў пытанні. Мы з ім як два юрысты абменьваліся навуковымі працамі. Проста для таго, каб праз прызму гісторыі дзяржавы і права паглядзець, што тут нічога новага. Асабліва ў гісторыі Польшчы».

У той жа час расійскі кантакт Шміта даказвае, што той — Карнаухаў называе яго «Томашам» — «ніякіх адносін да агентурнай работы не мае»: «Трэба зыходзіць з элементарнай логікі. Па-першае, каб Томаш займаўся гэтай работай, то змяніў бы сваю лінію паводзін. Ён бы ніколі ні з кім у адкрытую не камунікаваў. Томаш захаваў бы сваю сям'ю, бо развод і страта блізкага чалавека — гэта дэмаскіроўка спецыяльнай аперацыі. Томаш утрымаўся б на пасадах. А ў яго была за гэтыя гады пэўная ратацыя. Томашу наша разведка цалкам магла дапамагчы ўтрымацца на тых пазіцыях, якія ёй былі б патрэбныя. Але гэтага не было», — сцвярджае Карнаухаў.

Чытайце таксама:

У Польшчы расказалі, як суддзя Шміт заехаў у Беларусь. Турцыя ні пры чым

Збеглага польскага суддзю, імаверна, пасялілі ў Драздах

«На яго жыццё палююць агенты ЦРУ, а ён гуляе па Мінску, проста сарвігалава»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
7
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
4
1
Ябацька ці расіянін гэта не беларус/адказаць/
15.05.2024
Янка - беларус, Малайца троль, усё па метадычцы тваёй дыктатуры
0
Беларус/адказаць/
15.05.2024
Янка - беларус, Ці можна лічыць дыктатурай і кіраванай знешне краіну, у якой ва ўладзе знаходзіцца антыбеларускі ўзурпатар, які цалкам залежыць ад волі крамля і ўтрымлівае сваю ўладу толькі рэпрэсіямі на штыках і дзякуючы маскве, ператварыўшы краіну ў прахадны двор для расейскіх акупантаў і іх зброі. А падманутых, няшмат разумеючых і запужаных грамадзян саджаюць нават за каментар. І ўвесь гэты палітычны фарс ажыцяўляецца праз грошы з крамлёўскіх фондаў, а ўсё медыя: у тым ліку беларускае тэлебачэнне, радыё і буйныя інтэрнэт-старонкі трубяць крамлёўскую прапаганду і атрымліваюць грошы ад пуцінскіх пасрэднікаў за проста так. Ці можна выказваць думкі пра знешнее кіраванне краіны, на чале якой вышэйшыя пасты займаюць асобы, якія нарадзіліся ў РФ, ці маюць жонак-расіянак, а малодшы сын нелегітымнага з’яўляецца студэнтам кітайскага вуза? Што спадарства пра гэта думаеце?
0
Янка - беларус/адказаць/
18.05.2024
Беларус, думаю, што мы ўтрая - Вы, я і спадар Шмідт маем рацыю. А іншым трэба ўсьвядоміць, што міжнародная палітыка - справа складаная, і змагаючыся за незалежнасьць трэба абіраць у партнёры незалежныя краіны.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера