Іван Наскевіч пабудуе дом у «Драздах-2», хоць ужо займеў ільготны катэдж у Пінску
Іван Наскевіч. Фота sk.gov.by
Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч рыхтуецца стаць новым жыхаром «Драздоў-2». Права пабудаваць элітны катэдж на ўскрайку Мінска галоўны следчы краіны атрымаў паводле рашэння Мінгарвыканкама ад 25 лістапада 2016 года №3517 «для службовага карыстання».
Прыблізнае месца будаўніцтва. Фота: Сяргей Гудзілін.
Здавалася б, звычайная гісторыя — больш за 100 прадстаўнікоў лукашэнкаўскай эліты атрымалі такія ж участкі. Але выпадак Наскевіча нетыповы адразу па некалькіх паказчыках.
Наскевіч будуецца па чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў як шматдзетны бацька
«Наша Ніва» ўжо расказвала гісторыю жыцця чыноўніка. Нагадаем, што ў яго з жонкай Ірынай чацвёра дзяцей. У сувязі з гэтым Наскевічы мелі права стаць у Мінску ў чаргу на жыллё для шматдзетных сем’яў. Гэты спіс рухаецца адносна хутка і дазваляе прэтэндаваць, прыкладам, на кватэру ў панэльным доме ў Каменнай Горцы.
Аднак Наскевіч патрапіў у «спецчаргу». Паводле дадзеных на сайце Мінгарвыканкама, у асобным спісе Цэнтральнага раёна ён знаходзіцца на 2 месцы. Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава стаяла ў чарзе адразу ўслед за ім, пад нумарам 3.
Участак выдадзены ва ўласнасць
На працягу апошніх гадоў топ-чыноўнікі атрымлівалі свае элітныя ўчасткі не ва ўласнасць, а па праве пажыццёвага спадчыннага валодання. Гаспадаром зямлі фармальна заставалася дзяржава. Наскевіч жа ўжо стаў паўнавартасным уласнікам сваіх 15 сотак.
У дакуменце на выдзяленне зямлі пазначана, што на працягу 8 гадоў ад моманту рэгістрацыі дома ён не зможа прадаць свой катэдж.
Ці атрымаў Наскевіч крэдыт на будаўніцтва дома, невядома, аднак у дакументах некалькі разоў згадваюцца нормы закона, якія, у прынцыпе, прадугледжваюць прыцягненне льготных сродкаў.
Другі катэдж Наскевічаў
Пікантнасці сітуацыі дадае той факт, што ў сярэдзіне 2000-х сям’я Івана Наскевіча ўжо будавала льготны катэдж! Дом знаходзіцца ў пінскім раёне Жылгарадок, гэта своеасаблівыя мясцовыя «Дразды». У гэтым палескім горадзе Наскевіч узначальваў раённую пракуратуру.
«Напрыклад, найбліжэйшы сусед Наскевіча — Міхаіл Самалазаў, першы намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама. А праз дарогу жыве самы багаты пінчук — як кажа пагалоска, мільянер — Віктар Лемяшэўскі, які валодае адразу двума элітнымі ўчасткамі», — адзначала «НН» у папярэднім рэпартажы.
На будаўніцтва катэджа Наскевічы ўзялі $10 тысяч у эквіваленце. Грошы трэба сплаціць да 2027 года, але ўжо па цяперашнім курсе агульная сума «ўсохла» за кошт дэвальвацый да $1150.
* * *