Знайсці
26.05.2024 / 18:253РусŁacБел

«Не(акадэмік)». Уражанні з юбілейнай выставы мастака, зацененага сваім бацькам

У Віленскай карціннай галерэі праходзіць выстава да 200-годдзя нараджэння мастака Баляслава Русецкага. Уражаннямі пра яе наведванне дзеліцца ў фэйсбуку кіраўнік Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі.

Калі меркаваць па назве, то галоўным матывам творчасці Баляслава Русецкага куратары лічаць пераадоленне акадэмічных канонаў, якія яму насадзілі у Пецярбургскай мастацкай акадэміі, і пераход да больш вольнай манеры на познім этапе.

Але, як па мне, самы галоўны канфлікт жыцця Баляслава Русецкага — як выйсці з ценю славы свайго бацькі, Канута Русецкага, які стаў класікам, і творы якога («Ліцвінка з вярбою» і «Жняя») сталі іканічнымі для літоўскага жывапісу ХІХ стагоддзя.

З творчасці Баляслава мы ніякіх знакавых твораў не ведаем, хоць яго імя і пастаянна згадвалася на выставах мінулых часоў у Віленскай карціннай галерэі: напрыклад, аўтапартрэт, з якога пачынаецца выстава, прысутнічаў і на нядаўняй выставе аўтапартрэтаў.

І гэта крыху крыўдна, бо, здавалася, жыццё дало яму добры старт: ён нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Рыме, дзе быў на творчай стыпендыі ягоны бацька, ад яго ж браў першыя ўрокі малявання, атрымаў мастацкую адукацыю ў Пецярбургу, дзе яго настаўнікамі былі Брулоў і Бруні.

Але намацаць сваю ўласную сцежку Баляслаў Русецкі так і не змог: займаўся рэлігійным жывапісам (па выставе складваецца ўражанне, што ён быў вельмі рэлігійным католікам, у прынцыпе, як і яго бацька), у тым ліку стварыў два абразы для езуіцкага касцёла ў Гродне (Святога Казіміра і Нараджэння Хрыста) і працаваў над капліцай святога Уладзіслава ў віленскай катэдры, стварыў серыю партрэтаў (у тым ліку бліскучы партрэт Альфрэда Ізідора Ромэра), пакінуў колькі пейзажаў…

Таторышкі. Пейзаж Баляслава Русецкага

У мяне адчуванне, што больш значнай для віленскага жыцця была яго калекцыянерская і даследчая актыўнасць, ён зрабіў вельмі шмат для вывучэння спадчыны віленскай мастацкай школы і асабліва Францішка Смуглевіча. Браў чынны ўдзел у актыўнасцях Віленскага таварыства сяброў навук, якому ўрэшце перапісаў у завяшчанні сваю калекцыю, дзе значную частку займалі працы ягонага бацькі (sic!).

Але дзякуючы гэтаму дару даследчыкі маюць захаваным асабісты архіў мастака, які можна ўбачыць і на выставе, дзе і вучнёўскія працы, і эскізы для твораў, і нататнікі, і нечакана шмат артэфактаў штодзённасці — ад візітовак да рахункавых кніг і аптэчных рэцэптаў. Не кожны мастак так добра здолеў перадаць сваю спадчыну нашчадкам.

Чытайце таксама:

Прыгожае пытанне жыхара Гомеля пра Марка Шагала было прызнана найлепшым у маскоўскай гульні «Што? Дзе? Калі?»

«Луч» прадставіў калекцыю гадзіннікаў з карцінамі аўстрыйскага мастака

Габелены беларускага рэкардсмена кнігі Гінэса прызналі помнікамі мастацтва

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2
1
Актуальна?/адказаць/
26.05.2024
Вы цяпер кожны фэйсбук допіс Ластоўскага будзеце друкаваць, згадваючы ягоны уяўны 'інстытут' да месца і не да месца? У чым актуальнасць гэтага допісу тут? Гэта ж не журналісцкі і не навуковы артыкул, а нататка для сяброў - без пачатку і канца. Хаця б нейкую падводку далі для кантэксту. Хто такі Баляслаў Русецкі, чаму ён важны для беларускай культуры, тым больш сёння? Інакш вельмі няякасны кантэнт выходзіць.
0
Gorliwy Litwin/адказаць/
26.05.2024
Канута Русецкага, які стаў класікам, і творы якога («Ліцвінка з вярбою» і «Жняя») сталі іканічнымі для літоўскага жывапісу ХІХ стагоддзя.

- так, дзякуй, і за нататку і асобна за больш-менш слушную тэрміналогію. Варта ўсяляк падкрэсліваць што ўся Віленшчына, і ў тым ліку яе поўдзень, цяпер у межах РБ, і амаль уся Гарадзеншчына лічыліся (і фактычна былі) Літвой. Літва - гэта "польская", лацінская цывілізацыя, Белая Русь - руская, і сімвалічны кантраст паміж імі быў і застаецца вельмі рэзкім. 

https://nashaniva.com/343598
1
Gorliwy Litwin /адказаць/
26.05.2024
Актуальна?, гледзячы для якой часткі Беларусі. Геаграфічнай і канфесійнай. Для каталіцкай Віленшчыны дакладна так. Для астатняй не ведаю, але дастаткова і таго што гэта актуальна для ладнай часткі. Прытым самай заглушанай рэпрэсіямі Рускага Свету. Спадзяюся, патлумачыў
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930