Знайсці
26.05.2024 / 15:5832РусŁacБел

Хто такая чаліня? Сяброўка Чалага?

Ёсць нейкія рэчы, якія ў пэўных колах прынята лічыць правільнымі і прагрэсіўнымі. Таму, па-першае, людзі прымаюць іх на аўтамаце і ўжо не задумваюцца, а ці гэта сапраўды патрэбна, а па-другое, нават калі і задумваюцца, то баяцца выступаць супраць, каб не праслыць «цемрашаламі». Напрыклад, масавае і часам недарэчнае распаўсюджванне фемінітываў, піша ў фэйсбуку Віталь Цыганкоў.

Калаж: Palatno

На маю думку, гэта даўно ўжо не мае ніякага дачынення да жывога развіцця мовы, а мае выразныя прыкметы ідэалагічнай устаноўкі і прапагандысцкай кампаніі.

Нам нярэдка кажуць, што гэта неабходна, каб павялічыць бачнасць, прысутнасць жанчын у мове. І тут мне міжволі даводзіцца перайсці ў фармат стэндапа. То-бок вы сапраўды думаеце, што да з'яўлення фемінітываў мы не ведалі пра існаванне жанчын?) То-бок да таго, як сталі пашырацца фемінітывы, мы не ведалі, што ў жыцці ёсць доктаркі і прафесаркі? То-бок, толькі пасля таго, як чальцоў выбарчых блокаў стануць называць чаліня — усе аўтаматычна іх заўважаць, іхні рэйтынг вырасце?

Вось калі ёсць Канцлер Ангела Меркель, то мы яе не бачым і недаацэньваем, а калі Канцлерка — то адразу бачнасць, павага і захапленне?

Няўжо вам не прыходзіла ў галаву, што гэта тупа? Вось пачнем мы называць Ціханоўскую «палітыкеса» — і гэтым павялічым яе бачнасць і прысутнасць? Ну тупа ж.

Граматыка не ўшчамляе жаночую прысутнасць. «Доктар правяла аперацыю», «палітык заявіла». Дзе ў гэтых фразах камусьці не зразумела, што размова ідзе пра жанчыну? Які прагрэс наступіць, калі замест «палітык заявіла» прымусяць пісаць «палітыкеса заявіла»? Адзіны магчымы вынік — гэта раздражненне і іронія, у лепшым выпадку.

Я нармальна стаўлюся да многіх новых фемінітываў, якія гарманічна ўліваюцца ў нашу мову. Але мяне раздражняе, калі нармальны працэс моўнай разнастайнасці і развіцця пераўтвараюцца ў навязлівую палітычную кампанію. Да жывой моўнай стыхіі гэта ўжо не мае ніякага дачынення — гэта ідэалагічны крыжовы паход, дзе законы мовы не ўлічваюцца, а кожны філолаг, які пратэстуе супраць гвалту над мовай, абвяшчаецца непрагрэсіўным цемрашалам.

Аднак прагрэс і «прагрэс» — гэта такая рэч, якая невядома як павернецца. Хто ведае, можа гадоў праз 30 грамадства і самі жанчыны будуць на гэта глядзець са здзіўленнем — «Няўжо людзі ламалі мову, прыдумвалі штучныя словы, каб падкрэсліць прысутнасць жанчын?» Можа, яны будуць глядзець на гэта як мы зараз глядзім на бальшавісцкія моўныя вычварэнні 1920 гадоў, усе гэтыя Акцябрыны і «Вилиоры» — («Владимир Ильич Ленин и Октябрьская Революция).

Чаліня — гэта нейкая сучасная Даздраперма («Да здравствует Первое мая!»). Гэта ж рэальнае сучаснае оруэлаўскае навамоўе. Такая спецыяльная мова для спецыяльных людзей, знак прыналежнасці да пэўных колаў (як заўсёды, «страшна далёкіх ад народа»).

Прыходзяць такія «камісары ў пыльных шлемах» і сочаць, ці засталося ў мове нешта жывое, не замененае на фемінітывы.

Хто такая чаліня? Сяброўка Чалага?

Дайце мове развівацца натуральна і гарманічна, не лезьце ў яе са сваімі ідалагічнымі Даздрапермамі!

Чытайце таксама:

«Па-мясцоваму не магла, а па-беларуску «не выпендрывайся». Дачка Васіля Сёмухі расказала, як з дзяцінства купалася ў моры шматмоўнасці 

Як жонка Лукашэнкі ў 1995-м галасавала супраць рускай мовы

Ці не ўзарве моўнае пытанне постлукашэнкаўскую Беларусь?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
38
Панылы сорам
10
Ха-ха
8
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
8
29.05.2024
Медыцынская сястра Віталь Цыганкоў - адразу бачнасць, павага і захапленне
https://nashaniva.com/343594

02.06.2024
Пра "Беларусь і Белоруссію". Рускія лічаць рускую мову сваёй. Але частка беларусаў якія прысмакталіся да расейскай медыйнай прасторы таксама лічаць расейскую мову "не чужой", што ёсць памылковай высновай. З пункту гледжання расейцаў, беларусы спрабуюць "наводзіць парадак у чужым агародзе", таму і такая рэакцыя. А з улікам таго, што Пуцін апошнія 15 гадоў пачаў праводзіць выразна імперскую палітыку (Белоруссія, на Украіне, Прібалтіка, Молдавія, Кіргізія), постпредство, постпред (замест посольство, посол). (следчых апрануў у форму, якая моцна нагадвае форму міліцыі сталінскіх часоў), карацей, беларусы ўмоўна кажучы, стаяць з кветкамі супраць катка. Бо павага чужых інтарэсаў у расейцаў зараз зусім не стаіць "на повестке дня". Пры гэтым беларусы ўпарта не хочуць рабіцца і нацыянальна-арыентаванымі ў беларускім накірунку людзьмі (расейскамоўныя песні, музыка, навіны, "заработкі в Москве"), у адрозненні, напрыклад ад тых жа украінцаў. У якіх прагрэс у нацыянальна-культурным развіцці проста шокавы, нягледзячы наватна баявыя дзеянні.
02.06.2024
Чаму да асобы жаночага роду не прыдумваць феменітывы? З гэтым згодны. Але утвараць фемінітывы абсалютна да кожнага слова ў мове гэта трошкі няправільна). Цягнік напрыклад, або вакно не можа быць ні мужчынскага ні жаночага роду. Цягнік - гэта складаная механічная машына. Вакно - трохі меней складаная канструкцыя. Не трэба баяцца новых словаў, для жывой мовы гэта цалкам натуральны працэс (словы з'яўляюцца, запазычваюцца, часам робяцца літаратурнай нормай, або словам-выключэннем, знікаюць, самі пераходзяць у іншыя мовы). Але "чаліня" у кантэсце напрыклая "член партыі", суполкі, проста вынік Масквы ў галаве. У англійскай мове слова з такім значэннем гучыць і пішацца як "Member" (Member of party), у Нямеччыне напрыкад Camerad (Таварыш). У беларускай мове ўжо ёсць такое слова "сябр", акрамя значэння "друг", можа ўжывацца і для пазначэння "членства" у нейкай структуры, напрыклад партыі, суполкі "сябра партыі", "сябра суполкі". 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930