Знайсці
06.10.2023 / 07:231РусŁacБел

«Здароўе лепшым не становіцца: зрок, слых, пачалі чапляцца прастуды». Якія навіны з калоніі ад журналісткі Кацярыны Андрэевай

Палітзняволеная Кацярына Андрэева ў Гомельскай калоніі працуе швачкай. Навіны пра журналістку даведалася «Радыё Свабода».

Кацярына Андрэева падчас суда ў Мінску ў лютым 2021 года. Фота: «Наша Ніва»

Праз месяц будзе тры гады, як у Мінску падчас асвятленьня пратэснай акцыі арыштавалі журналістку Кацярыну Андрэеву, якую потым двойчы асудзілі.

Спачатку Кацярыне прысудзілі два гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму, а потым яшчэ восем гадоў нібыта за здраду дзяржаве. Кацярына Андрэева адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі. Пра яе расказала крыніца, якая кантактуе са сваякамі палітзняволенай.

«Алергія абвастрылася»

Сваякоў найперш непакоіць здароўе Кацярыны Андрэевай, на долю якой у маладым веку выпалі цяжкія выпрабаванні.

«Здароўе, вядома, лепшым не становіцца: зрок, слых, агульнае аслабленне імунітэту. Праз гэта апошнім часам сталі часта чапляцца дробныя прастуды, і алергія абвастрылася, прыступы сталі часцейшымі», — расказала пра стан здароўя Кацярыны Андрэевай дасведчаная крыніца.

Андрэева працуе ў калоніі швачкай, нядаўна падвысіла кваліфікацыю — атрымала 4-ты разрад. Працаваць мусіць напружана.

«Яны шыюць форму розным установам. Па чарзе ў дзве змены: тыдзень у першую, ранішнюю, наступны тыдзень у другую, вечаровую. Не казала, у якую змену ёй лепш. Натуральна, што стамляецца, як усе яе калегі».

На ліставанне і тэлефонныя званкі Кацярына Андрэева не скардзіцца. Паводле крыніцы, яна тры разы на месяц можа званіць сваякам, а чацвёрты званок — відэа праз скайп.

«Выглядае яна добра. Заўсёды прыгожая, акуратна апранутая. Вядома, падчас відэазванкоў бачна, што яна схуднела, дый сама прызнае, што стамілася. Але вялікіх скаргаў няма — трымаецца».

«Рэгулярна паказваюць прапагандысцкія фільмы БТ»

У вольны час, якога ў калоніі мала для тых, хто працуе, Кацярына Андрэева чытае.

«З апошняга прачытанага вельмі спадабаўся раман брытанскай пісьменніцы Кейт Аткінсан «Жыццё пасля жыцця». Кажа, што падобныя кнігі дапамагаюць ёй адпачыць, сабрацца з думкамі, памарыць пра лепшую будучыню. Але там і на гэтае чытанне не хапае часу. Ім рэгулярна паказваюць новыя прапагандысцкія фільмы, што штампуе БТ. Адмыслова збіраюць, каб усе паглядзелі», — расказала крыніца.

Зняволенне Кацярыны Андрэевай, паводле яе дакументаў, мае скончыцца ў жніўні 2028 года.

«Але яна вельмі спадзяецца, што выйдзе на свабоду раней. Яе настрой такі: сціснуць зубы, захаваць сябе і ўсё-ткі дачакацца гэтага моманту», — перадаюць словы журналісткі яе сваякі.

Чытайце таксама:

«Пазл склаўся». Ігар Ільяш пракаментаваў гіпотэзу, якая пралівае святло на другі прысуд Кацярыне Андрэевай

Справа аб «здрадзе радзімы» гамельчука, які прызнаўся ў працы на КДБ, пралівае святло на новы прысуд Кацярыне Андрэевай

«Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця». Журналіст Павел Мажэйка патлумачыў матывы паводзін на судзе

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
16
Абуральна
6
0
Алек. Ру/адказаць/
06.10.2023
Грэх так думаць, каюся, але мару пра тое, каб у такіх умовах апынуліся Сялук,Абельская ды іншыя самкі з лукатабару. Каб справядлівасць перамагла, нарэшце.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера