Знайсці
18.05.2023 / 07:38РусŁacБел

Гары і Мэган ледзь не разбіліся: дзве гадзіны за іх таксі гналіся фатографы

Афіцыйны прадстаўнік прынца Гары і яго жонкі Мэган паведаміў, што яны ледзь не разбіліся, пакуль на працягу дзвюх гадзін іх машыну праследавалі фатографы-папарацы. Інцыдэнт адбыўся ў Нью-Ёрку.

Прынц Гары і Мэган Маркл. Фота: Seth Wenig / AP

Як удакладніў прадстаўнік, інцыдэнт адбыўся ў Нью-Ёрку, пасля наведвання парай дабрачыннага вечара, дзе Мэган атрымлівала ўзнагароду за сваю працу ад Ms Foundation Women of Vision, піша Бі-бі-сі.

Неўзабаве ў сацыяльных сетках з'явіліся фатаграфіі Гары, Мэган і яе маці Дорыі Рэгланд, якія ехалі ў таксі.

«Пазаўчора ўвечары герцаг і герцагіня Сасэкскія [тытулы Мэган і Гары] ледзь не разбіліся падчас аўтамабільнай пагоні з удзелам групы вельмі агрэсіўных папарацы, — сказана ў заяве пары. — Пагоня, якая працягвалася больш за дзве гадзіны, прывяла да мноства сітуацый, калі ледзь не адбыліся сутыкненні з іншымі кіроўцамі, пешаходамі і двума афіцэрамі нью-ёркскай паліцыі».

Праз пару гадзін скандальную заяву — са значна меншым, зрэшты, драматызмам — пракаментавалі ў Дэпартаменце паліцыі Нью-Ёрка.

Як сцвярджаецца ў апублікаванай заяве гэтага ведамства, «камандзе прыватнай аховы, якая суправаджала герцага і герцагіню Сасэкскіх», давялося звярнуцца па дапамогу да паліцэйскіх, паколькі фатографы, якія праследавалі таксі, «ускладнялі іх транспарціроўку». [У цяперашні час] «герцаг і герцагіня Сасэкскія ўжо прыбылі ў пункт прызначэння. Ніякіх паведамленняў аб сутыкненнях, выкліках паліцыі або атрыманых траўмах, якія адбыліся падчас пераследу, не паступала. Звязаных з гэтым інцыдэнтам затрыманняў таксама не было».

Раней паведамлялася, што ўдзел мужа і жонкі ў вечары дабрачыннай арганізацыі быў іх першым сумесным з'яўленнем на публіцы пасля каранацыі бацькі Гары, караля Карла III, на якую той ездзіў адзін.

«Распаўсюджванне гэтых фатаграфій — з улікам таго, якім чынам яны былі атрыманыя — прыводзіць да заахвочвання практыкі, якая ўяўляе небяспеку для ўсіх датычных бакоў і з'яўляецца ўварваннем у асабістае жыццё», — сказана ў заяве.

Прынцэса Дыяна, маці Гары і спадкаемца брытанскага трона прынца Уільяма, разбілася ў Парыжы ў жніўні 1997 года. Яна загінула ў выніку аўтакатастрофы, якая адбылася ў момант, калі яе машыну праследавала група фатографаў-папарацы.

Чытайце таксама:

Какаін, вядзьмарка і рукапрыкладства Уільяма. У інтэрнэт трапілі сенсацыйныя ўцечкі з мемуараў прынца Гары

Мемуары прынца Гары паступілі ў продаж і карыстаюцца вялікай папулярнасцю

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
8
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031