Знайсці
18.05.2024 / 12:2416РусŁacБел

Латушка расказаў, за што крытыкуе Ціханоўскую

Павел Латушка выказаўся наконт магчымасці грамадзянскай вайны ў Беларусі, нападзення Расіі на краіны НАТА, а таксама расказаў пра сваё асабістае стаўленне да Святланы Ціханоўскай.

Павел Латушка. Скрын відэа: Taras.Berezovets / YouTube

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па пытаннях транзіту ўлады Павел Латушка стаў госцем праграмы «Разбор палётаў» украінскага палітолага Тараса Беразаўца.

Ці будзе ў Беларусі грамадзянская вайна?

Падчас гутаркі ў Латушкі спыталі: калі пасля завяршэння вайны ва Украіне беларускія добраахвотнікі вырашаць нейкім чынам пачаць узброенае змаганне супраць рэжыму Лукашэнкі, ці будзе з імі ваяваць беларуская армія?

Па словах Латушкі, такі сцэнарый азначае грамадзянскую вайну, што не з'яўляецца добрым спосабам вырашэння праблемы. Але гэта магчыма.

«У адрозненне ад грамадства мы бачым іншую карціну ў спецпадраздзяленнях Узброеных сіл Беларусі. Там ідзе прамыўка мазгоў. Каласальныя рэсурсы трацяцца на тое, каб яны разглядалі каліноўцаў і ў цэлым усіх тых, хто выступае за дэмакратычныя змены ў Беларусі, у якасці ворагаў.

Сыходзячы з тэзіса — «ты — вораг», вораг павінен быць ліквідаваны. І гэтыя спецпадраздзяленні, якія стварыў у Беларусі прадстаўнік «рускага свету» генерал Карпянкоў, — гэта сапраўды людзі, выхаваныя ў традыцыях «рускага свету». Яны гатовы будуць, хутчэй, змагацца не за Лукашэнку, не за незалежную Беларусь, а прадстаўляць інтарэсы Масквы».

Разам з гэтым, адзначае Латушка, вельмі важна, каб ва Узброеных сілах Беларусі была тая частка людзей, якая хоць сёння і не выступае супраць Лукашэнкі, але заставалася прыхільнікамі незалежнай Беларусі.

«І вось з гэтымі ваяваць бессэнсоўна і недарэчна. З імі трэба знайсці ў крытычны момант мосцік. <…> Гэта звышзадача, якую трэба ставіць і рашаць».

Наколькі фантастычны сцэнарый нападу Расіі праз Сувалкаўскі калідор на краіны НАТА?

Латушка адзначыў, што па тых звестках, якія паступаюць да дэмакратычных сіл, «праходзілі вучэнні на ўзроўні сакратарыята Савета бяспекі Беларусі і Расіі з удзелам Генеральных штабоў абедзвюх краін, дзе якраз быў распісаны сцэнарый патэнцыйнага ўварвання на тэрыторыю Літвы. Паступала інфармацыя, што сілы спецыяльных аперацый праводзілі адпаведныя вучэнні».

Па словах палітыка, гэта ўсё можна разглядаць як інфармацыйна-прапагандысцкую спецаперацыю, але, з іншага боку, такі план распісаны і такі сцэнарый магчымы.

Але, заўважае Латушка, гэта не значыць, што ён магчымы сёння. Яго імавернасць узрастае ў выпадку паражэння Расіі ў вайне з Украінай.

«Тады патрэбны будзе нейкі адцягваючы манеўр. Але там яшчэ шмат пытанняў: ці хопіць ім мабілізацыйнага рэсурсу, узбраення і іншае. Але тое, што гэта было распісана, гэта факт».

Стаўленне да Святланы Ціханоўскай як палітыка

Латушка адзначыў, што ён з Ціханоўскай саюзнікі, і ў яго як саюзніка ёсць права з нечым не пагаджацца. «Я бачу вельмі вялікую актыўнасць гэтага чалавека, вялікую ангажаванасць у знешнюю палітыку. Тое, што Беларусь не забываюць, шмат у чым яе заслуга. Пытанне ў тым, як атрымаць ад гэтых сувязей найбольшую эфектыўнасць.

Што тычыцца ўнутраных пытанняў, то я адкрыта казаў нядаўна на канферэнцыі беларускай дыяспары ў Празе, што я б хацеў, каб Святлана Ціханоўская больш ангажавалася ва ўнутраны парадак дня, унутраны стан дэмакратычных сіл».

Нягледзячы на крытыку, Латушка запэўнівае, што ён і надалей будзе саюзнікам Ціханоўскай і будзе яе падтрымліваць.

Чытайце таксама:

Латушка заклікаў Ціханоўскую падтрымаць выбары ў Каардынацыйную раду

Чаму Латушка аб'яднаўся з Курэйчыкам, а Пракоп'еў з Ягоравым? Закуліссе Каардынацыйнай рады

«Латушка фальсіфікаваў у пасольстве, камбрыг Сахашчык — у сябе» — Саннікаў патлумачыў свае прэтэнзіі да лідараў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
47
Панылы сорам
4
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
11
Абуральна
13
0
Сымое/адказаць/
18.05.2024
святлана, не па адрасу. Гэта вы ў аматаркі адчыняць алкамаркеты ды ліць слёзы замілавання ад Лукашэнкі з аўтаматам Няфедавай запытайцеся.
2
Valadzimir/адказаць/
19.05.2024
Ржунімагу, гаспадзін Латушка ўбачыў небясьпеку "нападу Расеі" з-за вучэньняў "на ўзроўні сакратарыята Савета бяспекі РБ і РФ з удзелам Генштабоў", а буйнейшыя вучэньні NATO, якія са студзеня (!) дагэтуль працягваюцца (!), ён, як можна зразумець, лічыць ісключыцельна абараніцельнымі.


0
Woodoo Cult /адказаць/
20.05.2024
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930