Знайсці
28.04.2023 / 13:322РусŁacБел

Былы турэмны лекар тлумачыць, чаму мог здарыцца пнеўматоракс і пра што кажа той факт, што Бабарыку не пакінулі ў шпіталі калоніі

З 25 красавіка былы прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка знаходзіцца ў гарадской бальніцы Наваполацка. Былы турэмны лекар Васіль Завадскі па той інфармацыі, якая ёсць пра здароўе палітыка, разважае, што з ім магло здарыцца.

Віктар Бабарыка. Малюнак з сацыяльных сетак

Васіль Завадскі больш за 20 гадоў адпрацаваў у пенітэнцыярнай сістэме Беларусі, з 1998 па 2010 год быў начальнікам медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. А ў 2017 годзе заснаваў і кіраваў праваабарончай арганізацыяй «ТаймАкт», якая займалася праблемамі зняволеных.

«З таго мізэру вядомай інфармацыі нельга зрабіць адназначных высноў, — кажа правабаронца. — Па-харошаму, Міністэрства ўнутраных спраў ці Міністэрства аховы здароўя мусілі б зрабіць заяву ці выдаць прэс-рэліз і патлумачыць: што сталася, што прывяло да такога выніку, у якім стане цяпер знаходзіцца Бабарыка. Але страусіная пазіцыя дзяржаўных ведамстваў дае падставы для выказвання розных думак і версій». 

Васіль Завадскі дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт таго, што магло адбыцца.

«Апошнім часам Бабарыка быў у камеры ПКТ, дзе знаходзяцца не дзясяткі зняволеных, а ўсяго толькі адзін або некалькі чалавек. Зыходзячы з гэтага, можна дапусціць, што ў камеру быў змешчаны канфліктны чалавек, які і распачаў бойку. 

Пнеўматоракс (менавіта такі дыягназ пераважае ў інфармацыі незалежнай прэсы) можа быць выкліканы пераломам рабра (рэбраў), у выніку чаго пашкоджаная плеўра і лёгкае», — разважае Васіль Завадскі.

Аднак, калі гэта сапраўды быў пнеўматоракс, то ці не быў гэта спантанны пнеўматоракс? Што ў такім разе магло б яго выклікаць?

«Спантаны пнеўматоракс здараецца па шэрагу ўнутраных прычын, звязаных з агульным станам здароўя», — адзначае лекар.

Чаму Віктару Бабарыку не аказалі медычную дапамогу ў медчасці калоніі? Завадскі разважае.

«Нельга сказаць, што гэта эксклюзіўны выпадак, але зняволеных змяшчаюць у грамадзянскія бальніцы нячаста. Звычайна кіраўніцтва месцаў зняволення ўсялякімі спосабамі імкнецца пазбегнуць шпіталізацыі зняволенага ў цывільную лякарню, таму што для гэтага трэба забяспечыць шэраг няпростых дзеянняў: хвораму (пацярпеламу) трэба забяспечыць канвой, трэба зняць дзяжурных з калоніі і частку накіраваць на ахову хворага, што цяпер, відаць, і адбываецца з Бабарыкам. Ведаем, пад якой пільнай увагай Віктар Бабарыка знаходзіцца ў калоніі з самага пачатку. У штаце медчасці калоніі няма хірурга і няма магчымасці аказаць дапамогу пры пнеўматораксе.

Але тое, што Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў грамадзянскую бальніцу, а не павезлі, напрыклад, у турэмны шпіталь у Мінску, таксама сведчыць, што сітуацыя з яго здароўем — даволі сур’ёзная»,

— мяркуе Васіль Завадскі.

Надзвычайнае здарэнне з Віктарам Бабарыкам адбылося на фоне інфармацыйнай блакады Міколы Статкевіча, Максіма Знака, Ігара Лосіка (апошні таксама адбывае пакаранне ў наваполацкай ПК-1). Адчуванне, што на вядомых зняволеных ціск істотна ўзмацніўся.

«З аднаго боку, да знакавых асоб, якія знаходзяцца ў месцах зняволення, заўсёды прыкаваная ўвага грамадства. Аднак пералічаныя факты прымушаюць задумацца, што сапраўды аддадзены негалосны загад больш жорстка ставіцца да палітвязняў. Мы ведаем, што да Віктара Бабарыкі ў калоніі ставяцца жорстка ад самага пачатку, але яго звычайна каралі за кантакты з іншымі зняволенымі», — кажа Васіль Завадскі.

Чытайце таксама:

«Дагэтуль у бальніцы, стан сярэдняй цяжкасці». Што вядома на гэты момант пра стан Віктара Бабарыкі

«Увесь чорны». Што апошняе было вядома пра Віктара Бабарыку ў наваполацкай калоніі

Блогер Кабанаў, які сядзеў у наваполацкай калоніі, пра тое, чаму вязні не вытрымліваюць умоў там 

Начальнік наваполацкай калоніі, дзе мучаць Ігара Лосіка, рос з ім у адным доме ў Баранавічах

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
5
Ха-ха
10
Ого
14
Сумна
47
Абуральна
155
0
ды што ж такое/адказаць/
28.04.2023
разыграецца карта №2
5
Ёсік/адказаць/
28.04.2023
Як, як мы дазволілі, каб так беларусы ставіліся да беларусаў. Так і да грамадзянскай вайны не далёка - ябацькі (чырвоныя, па шыю ў крыві) і анты лукашысты (белыя, чыстыя), дажыліся.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031