Знайсці
02.04.2021 / 07:24РусŁacБел

«Мы проста хацелі падзякаваць дактарам». Санстанцыя і МНС дачасна прыкрылі выставу пра гераізм медыкаў

У менскай event-прасторы «Месца» днямі адкрылася выстава пад назвай «Машына дыхае, а я — не», прысьвечаная мэдыкам і выклікам, зь якімі яны сутыкнуліся за апошні год. Але адпрацавала яна няпоўныя тры дні, піша Радыё Свабода.

Здымкі з «чырвонай» зоны. 

Куратар праекту — плятформа SHKLO +, арганізатар — грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяно». Аўтары працаў — вядомыя фатографы і мастакі.

Імпрэза павінна была працаваць да 17 красавіка, але давялося закрыцца дачасна: у прасторы знайшлі парушэньні санстанцыя і ўпраўленьне надзвычайных сытуацый.

Выстава «Машына дыхае, а я — не» адкрылася ў Менску 30 сакавіка. Праект прысьвечаны таму, з чым давялося сутыкнуцца беларускім мэдыкам: пандэмія COVID-19, палітызацыя сыстэмы аховы здароўя. У праграме — фатаграфіі з «бруднай зоны», гісторыі лекараў і пацыентаў, самаарганізацыя беларусаў.

Аднак працу вымусілі спыніць праз два дні пасьля адкрыцьця. Адміністратарка арт-прасторы «Месца» кажа, што зь імі такое ўпершыню.

Здымкі Машы Сьвятагор

«У нас сёньня была праверка, — расказала Свабодзе адміністратарка прасторы «Месца» Аляксандра. — Санстанцыя і МНС, яны далі нам прадпісаньне аб закрыцьці. Мы будзем закрытыя з заўтрашняга дня. Зараз працуем зь юрыстамі. Адчынімся, як толькі ўсе парушэньні будуць выпраўленыя. Усе парушэньні я вам назваць не магу. Яны датычаць пажарнай бясьпекі, гэта асноўнае. На арт-прастору праверка прыйшла ўпершыню, быў адзін чалавек ад санстанцыі і двое з МНС».

Па словах Аляксандры, гэта першая праверка і закрыцьцё арт-прасторы з моманту яе адкрыцьця 6 лістапада 2019 году. Раней візытэры ня мелі прэтэнзій да арганізатараў выставаў і ўладальнікаў арт-прасторы.

Запіскі пацыентаў, якія ляжалі на ШВЛ, фота Галіны Краснапёравай

«Вядома, мы чакалі такога, — расказала Свабодзе прадстаўніца куратарскай групы выставы Юлія Ваўчок. — Проста ня думалі, што ўсё так хутка здарыцца. Магчыма, наіўна меркавалі, што неяк праскочым. Але такі сцэнар таксама разглядалі. Таму гэта ўсё ня дзіўна для нас. Хіба крыху хутчэй усё здарылася, чым мы чакалі. Выстава адкрылася 30 сакавіка, людзі вельмі добра пайшлі. А ўчора быў выходны ў самой арт-прасторы. І праверка прыходзіла яшчэ ўчора, толькі яны пабачылі зачыненыя дзьверы. Таму сёньня прыйшлі на самае адкрыцьцё».

Юлія падкрэсьлівае, што на выставе не было ніякай «палітыкі». Яна ўся пра барацьбу з каранавірусам, пра адчуваньні і пачуцьці людзей.

«Так, у нас там былі дактары, — кажа Юлія. — Але яны таксама людзі, яны маюць свае перакананьні і ўражаньні. Агулам выстава пра тое, каб сказаць дзякуй урачам. Вельмі простая, банальная рэч. А тое, што ўжо хтосьці сабе надумвае, то хай сабе. Выстава працу ня спыніць, у нас ёсьць плян «Б». Мы перафарматуемся ў анлайн. Ужо амаль усё гатова, зараз паскорымся. Канечне, гэта не афлайн, але ўсё адно выстава працягнецца».

У праграме праекту значыліся выступы вядомых адмыслоўцаў галіны: анэстэзіёляга-рэаніматоляга Ўладзімера Мартава, лекара-інфэкцыяніста Мікіты Салаўя, анэстэзіёляга-рэаніматоляга Андрэя Вітушкі, хірурга цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі Дзьмітрыя Маркелава ды іншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031