Знайсці
10.05.2024 / 20:39РусŁacБел

Як у Беларусі караюць за дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій і якая логіка? Паспрабавалі разабрацца

У Беларусі ўсё больш людзей апынаюцца за кратамі за тое, што дапамагаюць іншым рэпрэсаваным. Але да каго прыходзяць? Прааналізавалі логіку гэтых рэпрэсіяў.

Калаж «Нашай Нівы»

Справа «Краіны для жыцця»

Трэба адзначыць, што за салідарнасць з палітвязнямі асобных актывістаў рэпрэсавалі і раней.

Арышт чатырох актывістаў фонду «Краіна для жыцця» — бадай, першая такая масавая справа. Яны займаліся сістэмнай дапамогай палітвязням: збіралі перадачы і пасылкі, пісалі лісты і пераводзілі грошы на рахункі ў СІЗА.

Антона Сташэўскага, Юлію Сырых, Таццяну Астроўскую і Марыну Дуброўскую затрымалі 9 ліпеня 2021 года. Адразу іх абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання» і пакінулі ў СІЗА пад вартай.

Спачатку выпусцілі Марыну Дуброўскую — 10 лістапада 2021 ёй перакваліфікавалі справу на другую частку артыкула 342 («фінансаванне грубага парушэння парадку»). А праз яшчэ сем месяцаў, 6 мая 2022, выпусцілі Таццяну Астроўскую і Юлію Сырых. Неўзабаве Таццяна і Юлія з'ехалі за мяжу.

Суд над Антонам Сташэўскім і Марынай Дуброўскай пачаўся 17 кастрычніка 2022.

Марына Дуброўская і Антон Сташэўскі. Калаж «Вясны»

Сташэўскага вінавацілі ў «змове з мэтай захопу ўлады» (арт. 357 КК), а Дуброўскую — у «фінансаванні асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК). Ім далі восем гадоў і паўтара года адпаведна, Дуброўская ўжо выйшла на волю.

Юрый Касцюк, які атрымліваў для іншых грошы ад «Байсол»

Вядома, што яшчэ да выпадку Юрыя Касцюка нейкага жыхара Мінска арыштоўвалі за тое, што ён ствараў тэлеграм-акаўнты на віртуальныя нумары для сваіх суседзяў. Праваабаронцы памятаюць, што такая справа была, але абставінаў згадаць не здолелі.

Юрый Касцюк быў абвінавачаны ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» за зрыў сцяга з будынка гасцініцы ў Брэсце 4 верасня 2020. Хлопцу спачатку прысудзілі год «хіміі», але пасля замянілі яе на калонію.

Касцюк адбыў пакаранне 6 студзеня 2022. Але 15 лютага яго зноўку затрымалі. Да гэтага КДБ прызнаў чат «хімікаў», асуджаных па палітычных артыкулах, які называўся «Валейбол па выходных», экстрэмісцкім фарміраваннем. Пры затрыманні Юрыя моцна збілі.

Юрый Касцюк падчас службы ў арміі. Фота з ягонай старонкі «Укантакце» (архіўная копія)

Па версіі абвінавачання, ён зрабіў картку польскага банка і атрымліваў на яе грошы для іншых ад «Байсол» і «Байхэлп». За гэта яму прысудзілі чатыры гады калоніі па артыкуле 361-4 КК РБ («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Справы за паштовыя пераводы і прадукты

Першай за гэта затрымалі 63-гадовую Наталлю Малец. Яна зрабіла 125 пераводаў палітвязням з уласнай пенсіі.

А ў студзені 2024 КДБ атакаваў сваякоў палітвязняў і тых, хто ім дапамагаў. Тады ж была прызнаная «экстрэмісцкім фарміраваннем» ініцыятыва iNeedHelp, удзельнікі якой куплялі прадукты для сем'яў палітвязняў праз дастаўку «Еўраопта».

Асноўны рэйд адбыўся з 23 на 24 студзеня, хоць першыя званочкі былі і раней — напрыклад, за тыдзень да гэтага спецслужбы спрабавалі ўзламаць тэлеграм-акаўнты сваякоў палітвязняў.

Падчас аблавы затрымалі сотні людзей, сваякі палітвязняў атрымалі велізарныя штрафы за атрыманне дапамогі, а за кратамі па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» апынуліся дзясяткі людзей, у асноўным жанчыны.

Затрыманыя падчас аблавы на салідарных беларусаў, якіх пакінулі за кратамі. Злева направа і зверху ўніз: 61-гадовая Алена Тоцкая, 63-гадовая Наталля Малец, 54-гадовая Таццяна Стэпа, 52-гадовая Наталля Гаўрон. Фота з сацыяльных сетак жанчын

Аб'ядноўвае ўсіх тых, каму прад'явілі абвінавачанні, тое, што яны сістэмна дапамагалі палітвязням — напрыклад, слалі пасылкі або рабілі грашовыя пераводы. Таксама сярод арыштаваных апынуліся людзі, якія дапамагалі атрымліваць грошы іншым, напрыклад, праз замежныя карткі.

Людзі, якія вывозілі іншых з краіны

Вядомыя тры такія чалавекі. Гэта Яўген Буйніцкі, які падвозіў рэпрэсаваных да мяжы (яму прысудзілі 4,5 года калоніі), Мікалай Куляшоў, які вадзіў рэпрэсаваных праз мяжу (5 гадоў калоніі), і Алеся Буневіч, якая мусіла арганізаваць «калідор» для рэйкавых партызанаў (3,5 года калоніі).

На фота злева направа: Яўген Буйніцкі, Мікалай Куляшоў, Алеся Буневіч. Фота: Dissidentby.com

Данаты

Усё часцей апынаюцца за кратамі людзі, якія ахвяравалі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій, — у «Байсол» і «Байхэлп». Самы мяккі прысуд за гэта далі Яўгену Філіповічу — два з паловай года «хіміі». Самы жорсткі — пяць гадоў калоніі — для Юрыя Юрэні. Яго сына Віталя пасадзілі за данаты на тры гады.

Юрый і Віталь Юрэні, бацька і сын. Фота: Dissidentby.com

Агулам асуджаных за ахвяраванні, па звестках «Вясны», ужо больш за 70. Не ўсе яны ахвяравалі ў «Байсол» і «Байхэлп» — некаторых судзілі за ахвяраванні на дапамогу Украіне, Кіберпартызанам або «Байполу».

Што аб'ядноўвае гэтыя справы?

Найперш, улады спрабуюць запужаць або пасадзіць за краты людзей, якія сістэмна дапамагаюць палітвязням унутры Беларусі.

Па-другое, вялікі ўпор пры кваліфікацыі справы як «садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці» робіцца на тое, што людзі дапамагаюць незнаёмым палітвязням ці іх сем'ям. Пра гэта часта пыталіся на допытах у тых, каго затрымлівалі у час рэйду 23-24 студзеня: ці ведаюць яны асабіста тых, каму слалі пасылкі ці рабілі пераводы. Гэта ж спрабавалі высветліць і ў палітвязняў, якім дапамагалі затрыманыя.

Па-трэцяе, улады спрабуюць разбурыць каналы камунікацыі паміж пацярпелымі ад рэпрэсій у Беларусі і структурамі салідарных беларусаў замежжа. Прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» амаль усе структуры, якія сістэмна дапамагаюць палітвязням — «Байсол» і «Байхэлп», Dissidentby, «Вясна», INeedHelp і іншыя.

Гэта робіцца для таго, каб выкараніць салідарнасць паміж беларусамі і пакінуць палітвязняў і іх сваякоў сам-насам са сваімі бедамі, каб яны пачуваліся неабароненымі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Затрыманых некалькі соцень, некаторым пасля допытаў не вяртаюць пашпарты. Падрабязнасці аблавы на салідарных з палітвязнямі

На экс-прарэктарку ВНУ завялі крыміналку за грашовыя пераводы палітвязням. Гэта першы падобны выпадак

Я ахвяраваў у фонды. Як зразумець, што я ў небяспецы?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
12
Абуральна
62
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031