Знайсці
30.11.2023 / 11:1110РусŁacБел

Слуцкія паясы ткалі негрыцянкі — архіўнае адкрыццё

У святле апошніх навуковых адкрыццяў словы беларускага класіка — «яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы» — зайгралі новымі фарбамі.

У новым выпуску падкаста «Так склалася гістарычна» госцем выступіў гісторык і архівіст Дзяніс Лісейчыкаў, які быў адным з аўтараў даследавання «Маджарскія: армянскі род у гісторыі Беларусі», што выйшла літаральна месяц таму. 

Лісейчыкаў распавёў пра месца слуцкіх паясоў у беларускай культуры, паходжанне і лёс заснавальніка слуцкай персіярні Яна Маджарскага, дзейнасць ягонага сына Леана і яго інтэграцыю ў грамадства Рэчы Паспалітай, а таксама арганізацыю работы самой персіярні і яе незвычайных ткачых. 

У дакументах аб пераводзе фабрыкі з Нясвіжа ў Слуцк даследчыкі ўбачылі вельмі цікавую дэталь. Камендант Слуцка, які прымаў гэтую вытворчасць у былых казармах гранд-мушкецёраў, пісаў справаздачу князю Радзівілу, што прыязджаюць варштаты, пачнуцца працы па іх устаноўцы, хутка будзе ўвесь працэс запушчаны, будуць закупляць таксама матэрыялы для вырабу прадукцыі. 

Слуцкі камендант вырашыў даручыць працу па ткацтве паясоў спачатку, пакуль не было ніякіх распараджэнняў, адной вельмі незвычайнай для Беларусі катэгорыі людзей. У дакуменце яны пазначаныя як «мурынкі» — тады так называлі негрыцянак. Адкуль негрыцянкі маглі ўзяцца ў Слуцку? 

Спачатку даследчыкі палічылі, што сталі першаадкрывальнікамі гэтага слова, але, як выявілася, многія яго бачылі. Нават у кнігах даследчыкаў апошніх гадоў гэты тэрмін фігуруе, аднак, пад уплывам верша Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», яны сцвярджалі, што гэта не мурынкі, а мужычкі, то бок прыгонныя сялянкі, жанчыны з мясцовых вёсак.

Браты Геранім Фларыян і Міхал Казімір «Рыбанька» Радзівілы. Фота: Wikimedia Commons

Аднак выявілася, што гэта сапраўды былі негрыцянкі. Гэта былі паднявольныя акцёркі мясцовай тэатральнай трупы. Браты Радзівілы, Міхал Казімір Рыбанька і Геранім Фларыян, які валодаў Слуцкам, спаборнічалі паміж сабой і мелі шмат усяго падобнага, у тым ліку прыватнае войска і ўласныя прыгонныя тэатры. Пасля смерці ў 1760 годзе Гераніма Фларыяна, які не меў дзяцей, ягоныя маёнткі перайшлі да брата, патрэба ў дубляванні адпала. 

Тэатры Радзівілаў былі даволі шыкоўныя і вядомыя па тых часах. І кожны з братоў намагаўся яшчэ мець модную экзотыку ў складзе гэтых труп. І ў аднаго, і ў другога былі невялікія негрыцянскія трупы. Даследчыкі знайшлі па дакументах, што ў Слуцку было 8—9 цемнаскурых жанчын. Захаваўся іхні рацыён, які сведчыць пра тое, што хоць яны былі нават на правах прыгонных, аднак іх кармілі значна лепш, чым беларускіх прыгонных у мясцовых маёнтках.

Макет тэатра Радзівілаў у Нясвіжы. Фота: Спадчына Слуцкага краю

Існавала таксама цікавая пасада пад назвай «старшы мурын», які быў з асабіста вольных людзей і проста працаваў як служачы, бо ўмеў на адной мове з нявольніцамі размаўляць.

Даследчыкі ў час падрыхтоўкі манаграфіі намагаліся высветліць, адкуль прыязджалі цемнаскурыя жанчыны ў Слуцк. У адным дакуменце, у гаспадарчых дзённіках княскай адміністрацыі яны знайшлі дакумент аб дазволе на водпуск «старшаму мурыну», якога па іроніі лёсу Радзівілы назвалі Фрыдрыхам Аўгустам — гэтак жа як звалі караля. Фрыдрых Аўгуст прасіў яго адпусціць да старога бацькі на востраў Барбадас.

Продаж рабыні на Барбадасе. 1793 год

У тыя часы Барбадас быў буйным рынкам нявольнікаў у Карыбскім басейне. Магчыма, што менавіта адтуль Радзівілы бралі для сябе цемнаскурых нявольніц.

У метрычных кнігах Слуцкага касцёла сустракаюцца запісы аб смерці гэтых жанчын. Яны маюць толькі імя, бо не мелі характэрных для мясцовых прозвішчаў, а таксама дадавалася пазнака «negra» — «цёмная», «чорная», то-бок пішацца «негрыцянка родам». Застаецца адкрытым пытанне, ці маглі яны ўступаць у шлюб, ці былі ў іх сем’і і ці пакінулі яны пасля сябе нашчадкаў. «Можа, і цяпер у часткі случчакоў ёсць афрыканская кроў».

Так што, як і пісаў Багдановіч, слуцкія паясы сапраўды ткалі бяздольныя ткачыхі, але гэта на першых часах былі зусім не беларускі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Выйшла кніга пра стваральнікаў Слуцкай персіярні

Даследчыкі адшукалі, як насамрэч выглядала слуцкая персіярня, на якой выраблялі знакамітыя паясы

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
31
Панылы сорам
6
Ха-ха
8
Ого
47
Сумна
4
Абуральна
5
0
Роджар/адказаць/
30.11.2023
ад родных ніў, ды не вельмі перавярнуліся. Калі прыглядзецца да чырвоных кветак на слуцкіх паясах, то яны вельмі падобныя на Caesalpinia pulcherrima, цэзапінію найпрыгажэйшую, якая як раз расце на Барбадосе і з'яўляецца іх нацыянальным сімвалам. Гэта не васілёк зусім. Сам сумоты па радзіме дух гэтага верша, ў якім супрацьстаўляецца цёмны край зубчатага бора і край "дзе расцвіла вясна" вельмі адпавядае гэтай гістарычнай праўдзе і толькі падкрэслівае талент Багдановіча.
0
цвяток радзімы васілька/адказаць/
30.11.2023
а чаму сцвярджаюць, што паясы ткаць мелі права толькі мужчыны. ці гэта не так?
0
Роджар/адказаць/
01.12.2023
ад родных ніў, гэтага я не ведаю. Мабыць, патомкаў тых мурынак прымушалі аднавіць вытворчасць паясоў. Таму што ў беларусаў захаваліся прозвішча Чорны, Чарняўскі, і цёмны пігмент скуры губляецца хутка ад змешанных шлюбаў.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930