Знайсці
16.07.2023 / 08:594РусŁacБел

Расіяне замініравалі тэрыторыі глыбінёй да 15 км. Якія цяжкасці размініравання пераадольваюць украінцы падчас контрнаступу

Контрнаступленне Украіны прасоўваецца павольна, бо тэрыторыі перад расійскімі абарончымі ўмацаваннямі шчыльна замініраваныя. Напярэдадні контрнаступлення Украіна атрымала менш за 15% ад усяго сапёрнага і інжынернага абсталявання, якое прасіла ў заходніх партнёраў. Пра гэта піша «УП» са спасылкаю на The Washington Post.

Украінскія салдаты абстрэльваюць расійскія пазіцыі з траншэі на лініі фронту ў Запарожскай вобласці, Украіна, пятніца, 23 чэрвеня 2023 г. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky, File

«Па словах салдат, працяглая падрыхтоўка да контрнаступлення, якое пачалося каля месяца таму на многіх участках поля бою на ўсходзе і поўдні Украіны, дала расейцам час на падрыхтоўку.

Тэрыторыі глыбінёй ад 3 да 10 міль (каля 5-16 км — рэд.) перад асноўнымі апорнымі пунктамі расіянаў былі шчыльна замініраваныя супрацьтанкавымі і супрацьпяхотнымі мінамі і расцяжкамі. Па іх словах, гэтыя абарончыя збудаванні паспяхова стрымліваюць украінскі наступ.

У выніку, па словах украінскіх вайскоўцаў, украінскія сілы змянілі стратэгію.

Замест таго, каб спрабаваць прарвацца з дапамогай баявых машын пяхоты і баявых танкаў, якія заходнія саюзнікі перадалі Украіне для контрнаступлення, падраздзяленні прасоўваюцца наперад павольна, пешшу».

Як піша WP, барацьба Украіны на мінных палях выявіла ўразлівасць бронетранспарцёраў і танкаў — асабліва амерыканскіх баявых машын «Брэдлі» і нямецкіх танкаў «Леапард», якія афіцыйныя асобы лічылі ключавымі для Украіны, каб адваяваць акупаваную расіянамі тэрыторыю.

«Гэтыя машыны атрымалі станоўчыя водгукі ад салдат: нават пасля падрыву на мінах большасць людзей, якія знаходзіліся ў іх, выжываюць, атрымліваючы толькі нязначныя раненні, але яны не змаглі самастойна прарваць расійскую абарону», — піша газета.

Па словах Галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага, Украіне трэба спецыяльнае дыстанцыйнае абсталяванне для размініравання. У інтэрв'ю WP ён расказаў, што Украіна выкарыстоўвае перададзеныя ЗША сістэмы M58 Mine Clearing Line Charge (MICLIC), але «яны таксама знішчаюцца», а таму «іх трэба шмат».

Высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік, які размаўляў з WP на ўмовах ананімнасці, расказаў, што Кіеў атрымаў менш за 15% ад той колькасці сапёрнага і інжынернага абсталявання, у тым ліку MICLIC, якое прасіў у заходніх партнёраў напярэдадні контрнаступлення.

Частка гэтага абсталявання прыбыла толькі на мінулым тыдні, як паведаміў чыноўнік.

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў і Залужны паведамілі WP, што яны праінфармавалі сваіх заходніх калег пра тое, што ім тэрмінова трэба больш сістэм размініравання, такіх як тарпедныя выбуховыя зарады «Бангалор».

«Мінныя палі — гэта адна з праблем, якая, безумоўна, уплывае на тэмпы наступлення. Гэта праблема, якую мы бачым. Ці можна было яе вырашыць хутчэй? Можна было. Як яе можна было б вырашыць? Генерал Мілі (старшыня Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі — рэд.) ведае. Іншае пытанне: ці можа ён у гэтым дапамагчы? Я не ведаю», — сказаў Залужны.

Амерыканскія афіцыйныя асобы заявілі WP, што яны далі Украіне амаль усе віды абсталявання, якія яна прасіла напярэдадні контрнаступлення. Чыноўнікі адзначылі, што не заўсёды магчыма даць тую колькасць, якую просіць Украіна, але сказалі, што, у прыватнасці па сістэмах MICLIC, Вашынгтон працуе над тым, каб неўзабаве даць больш не толькі самой сістэмы, але і зарадаў, якія яна выкарыстоўвае для падрыву доўгіх шэрагаў мін.

Чыноўнікі таксама паведамілі газеце, што рашэнне ЗША перадаць Украіне спрэчныя касетныя боепрыпасы дасць Кіеву агнявую перавагу, што дазволіць украінскім вайскоўцам мець дастаткова часу і прасторы для выкарыстання наяўнага ў іх інжынернага абсталявання.

Украінскія вайскоўцы, якія ўдзельнічаюць у контрнаступленні, расказалі WP, што, паколькі сістэм размініравання вельмі мала, яны сталі лёгкай мішэнню для расійскіх войскаў, якія прыярытэтна наносяць удары па іх.

Як адзначае газета, глыбіня і шчыльнасць мінных палёў стала значнай праблемай уздоўж паўднёвай лініі фронту ў Запарожскай вобласці, дзе расіяне чакалі, што ўкраінцы пойдуць у атаку і паспрабуюць перарэзаць сухапутны калідор праз акупаваны рэгіён, які злучае расійскую мяжу з Крымам.

«Мясцовасць у гэтым раёне — гэта пераважна адкрытыя палі, дзе ўкраінцам не было дзе замаскіраваць сваю буйную тэхніку і транспартныя сродкі. Па словах салдат, расіяне абралі для сваіх пазіцый узвышша», — піша WP.

Камандзір інжынерна-сапёрнага падраздзялення 47-й механізаванай брыгады з пазыўным Оскар расказаў WP, што яго група атрымала нямецкі танк для размініравання Wisent, які выкарыстоўвала перад пачаткам контрнаступлення ў Запарожскай вобласці. Гэты танк і падобныя савецкія мадэлі паспяхова размініравалі некаторыя шляхі для першага наступу падраздзяленняў брыгады.

«Але цяпер іх выкарыстанне ўжо неэфектыўнае, таму што вораг чакае з'яўлення такой тэхнікі — масіўнай, шумнай, такой, якую лёгка заўважыць і па якой лёгка, адпаведна, нанесці ўдар», — сказаў Оскар.

Іншы афіцэр 47-й брыгады расказаў WP, што ў першы дзень контрнаступлення некаторыя падраздзяленні брыгады на баявых машынах «Брэдлі» і танках «Леапард» памылкова выбралі няправільны маршрут, трапіўшы на міннае поле, замест таго, якое загадзя падрыхтавалі сапёры.

Наперадзе калоны, як расказвае газета, ішлі машыны размініравання, але група была вымушаная спыніцца, калі машыны, якія ехалі ззаду, нечакана наткнуліся на міны і апынуліся ў пастцы. Тады расіяне пачалі атакаваць украінцаў з верталётаў і супрацьтанкавымі ракетамі, сур'ёзна пашкодзіўшы і знішчыўшы некалькі БТРаў і танкаў. Па словах украінскага афіцэра, некаторым падраздзяленням, якія пакінулі сваю тэхніку, усё ж удалося захапіць расійскія акопныя пазіцыі.

«Калі вораг бачыць перад сабой нават танк «Леапард» і спецыяльную інжынерную тэхніку, ён у першую чаргу знішчыць спецтэхніку. Таму што без яе ўсе астатнія не пройдуць. Толькі за некалькі дзён наступлення было знішчана некалькі такіх машын разам з экіпажамі», — расказаў афіцэр. 

Паколькі расіяне з дапамогай беспілотнікаў, як піша WP, вышукваюць сістэмы размініравання, каб уразіць іх артылерыяй і ракетамі, украінцы спрабуюць уручную выконваць працы па размініраванні.

«Сапёрныя падраздзяленні — часам група ўсяго з чатырох чалавек — часта чакаюць змяркання, каб расчысціць шляхі, паколькі днём яны занадта прыкметныя, а ў цемры іх можна ўбачыць з дапамогай прыбораў начнога бачання», — апавядае газета.

Сапёры расказалі WP, што хадзіць з металашукальнікам нерэальна, таму што яны занадта прыкметныя, а таму яны поўзаюць, шукаючы міны.

«Гэта нас вельмі запавольвае, таму што работа сапёра патрабуе часу і спакою. У такіх умовах выконваць нашу работу немагчыма», — сказаў падпалкоўнік Мікалай Мароз, камандзір інжынерна-сапёрнага батальёна 128-й горна-штурмавой брыгады.

Акрамя таго, як піша газета, расіяне скідаюць з беспілотнікаў міны на ўчасткі, якія ачысцілі ўкраінскія сапёры, а пазіцыі, да якіх дабіраюцца ўкраінцы, могуць быць ужо замініраваныя.

Паколькі ўкраінскія салдаты перасоўваюцца пешшу, а не на новай заходняй тэхніцы, папаўняць запасы боепрыпасаў і эвакуяваць параненых стала больш складана, як дадае WP.

«Мы рыхтаваліся, але расіяне таксама рыхтаваліся. Яны разумеюць, што інжынерная тэхніка цяпер вырашае ключавую праблему і мяняе правілы гульні, таму яны хочуць знішчыць яе першай. Я скіраваў яшчэ адзін ліст усім нашым партнёрам, каб яны зараз засяродзіліся на гэтым», — рэзюмаваў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
29
Абуральна
9
2
Пей ваду/адказаць/
16.07.2023
H2O, зноў “эксперты” павылазілі. Пачытайце колькі месяцыў прарывалі нямецкую абарону пасля высадкі ў Нармандыі.
1
Адназначна/адказаць/
16.07.2023
Без падтрымкі з паветра, вынікаў ня будзе.
5
Праўда вочы коле/адказаць/
16.07.2023
Каб украінцы не распрадавалі сваю армію на працягу столькіх гадоў то ў іх хапіла б снарадаў тры разы знішчыць усе мінныя палі але ўкраінцы ўсё распрадалі, а цяпер усе навокал вінныя што ў іх не атрымалася наступаць
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031