Знайсці
04.05.2023 / 14:39РусŁacБел

У Расіі завялі крымінальную справу за «апраўданне тэрарызму» за спектакль

Жэню Бярковіч, рэжысёра і ў мінулым удзельніцу «Сёмай студыі» расійскага рэжысёра Кірыла Сярэбранікава, затрымалі па крымінальнай справе, заведзенай па артыкуле аб «апраўданні тэрарызму». Нагодай стаў яе спектакль, які ў 2022 годзе атрымаў прэмію «Залатая маска». Аўтарку п'есы Святлану Петрыйчук таксама затрымалі, піша Бі-бі-сі.

Жэня Бярковіч. Фота з інстаграма

Пра тое, што ў сваякоў Бярковіч у Пецярбургу прайшоў ператрус па гэтай справе, паведаміў праваабарончы праект «АУС-Інфа». Па адрасе прапіскі знаходзіліся яе маці Алена Эфрас і бабуля Ніна Катэрлі, якой з-за нервовага перанапружання стала дрэнна. Пасля ператрусу ў жанчын канфіскавалі камп'ютары.

Знаёмыя сям'і распавялі, што сама Бярковіч не выходзіць на сувязь — як мяркуецца, да яе таксама прыйшлі з ператрусам у Маскве.

Бярковіч — рэжысёрка спектакля «Фініст — ясны сокал» пра жанчын, «якія вырашылі віртуальна выйсці замуж за прадстаўнікоў радыкальнага ісламу і з'ехаць да іх у Сірыю».

Менавіта гэтая пастаноўка стала падставай для завядзення крымінальнай справы па арт. 205.2 КК РФ (публічнае апраўданне тэрарызму ці прапаганда тэрарызму).

«Да нас дадому прыйшлі з ператрусам. На Жэню заведзеная крымінальная справа з-за «Фініста» — «апраўданне тэрарызму», — напісала ў фэйсбуку Эфрас.

Пазней стала вядома, што справу распачалі па факце «злачынства», а не супраць канкрэтных асоб, і Бярковіч праходзіць па ім у статусе сведкі. Аднак ТАСС сцвярджае, што справа распачатая менавіта ў дачыненні да рэжысёркі.

Спектакль, які паказвалі ў Маскве, заснаваны на крымінальных справах жанчын, якія з'язджалі ў Сірыю і якіх судзілі за «дапамаганне тэрарызму». У аснову п'есы Святланы Петрыйчук ляглі рэальныя матэрыялы допытаў і прысудаў.

У мінулым годзе пастаноўка Бярковіч атрымала галоўную расійскую тэатральную прэмію «Залатая маска» ў дзвюх намінацыях — найлепшая праца драматурга і найлепшая праца мастака па касцюмах.

«Мы ўзялі вельмі няпростую тэму, у якой максімальна цяжка падключыцца да герояў, зразумець іх, паспачуваць, разабрацца. Прыйшлося перашуфляваць велізарную колькасць дакументальнага матэрыялу, шукаць рэальных гераінь і іх гісторыі, кансультавацца з ісламскімі духоўнымі асобамі і нават афіцэрамі расійскіх праваахоўных органаў», — успамінала рэжысёрка.

«І ўсё для таго, каб зразумець: чаго ж так не хапае чалавеку, жанчыне, што яна гатовая паставіць на карту абсалютна ўсё сваё жыццё, паверыць нават не мужчыну, а малюнку на экране, і ірвануць за трыдзевяць зямель шукаць свайго Фініста», — распавядала яна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
4
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера