Знайсці
22.09.2022 / 10:292РусŁacБел

«Прапаганда «русского мира». У мінскім транспарце круцяць ролікі пра гісторыю Беларусі — прафесійны гісторык разбірае, што з імі не так

Нядаўна мінскія ўлады адказалі на петыцыю, у якой беларусы прасілі патлумачыць, чаму ў транспарце круцяць ролікі са скажонымі гістарычнымі фактамі. Чыноўнікі паабяцалі прыслухацца. Аднак відэа дагэтуль паказваюць у сталічных аўтобусах і метро. CityDog.io даведаўся ад гісторыка пра памылкі, якія прысутнічаюць у некаторых з іх.

Што гэта за ролікі?

Серыя відэа, якія цяпер круцяць у мінскім транспарце, называецца «Беларусь. История». Стварылі яе па заказе Мінгарвыканкама «ў мэтах выканання рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2022 годзе Года гістарычнай памяці <…> з мэтай павышэння эфектыўнасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва».

Зрабілі і пачалі публікаваць відэа летась, але да нядаўняга часу глядзець іх можна было толькі на YouTube-канале. Сёлета ж, таксама па рашэнні Мінгарвыканкама, у ліпені, ролікі пачалі трансліраваць у мінскім метро, у ​​аўтобусах і тралейбусах.

Чаму беларусы стварылі петыцыю супраць ролікаў?

Аўтары петыцыі прааналізавалі некалькі відэаролікаў і знайшлі ў іх факталагічныя недакладнасці.

Напрыклад, у відэароліку «Брестская уния» расказваецца, што ў кастрычніку 1596 года ў Берасці адбыўся Сабор, «который объявил о присоединении православных к католической церкви». Хаця насамрэч Брэсцкая унія падтрымлівала ідэю аб’яднання абедзвюх цэркваў, а не падпарадкаванне адной царквы іншай, як гэта паказана ў відэа.

Стваральнікі петыцыі прасілі растлумачыць, хто рабіў гэтыя ролікі, і праверыць відэа на наяўнасць памылак. У выпадку іх выяўлення аўтары патрабавалі перастаць паказваць іх у грамадскім транспарце.

Вось што пра ролікі кажа гісторык: «Гэта не асветніцтва, а свядомая прапаганда «русского мира»

Ролікі з серыі «Беларусь. История» вельмі кароткія, максімум па паўтары хвіліны. Па словах кандыдата гістарычных навук Аляксандра Пашкевіча, зразумела, што ад прадукту ў такім лаканічным фармаце цяжка вымагаць вычарпальнага ахопу тэматыкі.

Пашкевіч лічыць, што ў гэтых роліках складана знайсці яўную хлусню, калі разглядаць іх з пункту гледжання факталагічнай адпаведнасці. Стваральнікі дзейнічаюць больш тонка. Іх метад — не такая грубая фальсіфікацыя. Яны падбіраюць нават праўдзівыя факты, а потым складваюць іх у пэўны ідэйны ланцужок.

Калі разглядаць ролікі агулам, то можна ўбачыць, што аўтары трымаліся пэўнага прынцыпу: прысвячаць іх выключна тым тэмам і асобам, якія звязаныя з гістарычнымі пазітыўнымі сувязямі Беларусі і Расіі. Пра іншых суседзяў, з якімі ў беларусаў была агульная гісторыя ў межах Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, — альбо ніяк, альбо толькі кепска.

Напрыклад, уся віна за падзел Беларусі пасля Першай сусветнай вайны ўскладаецца выключна на польскі бок, хоць падпісантаў дамовы ў Рызе, паводле якой нашу краіну падзялілі, было двое: Польшча і Савецкая Расія.

Польская палітыка ў 1920—1930-х у дачыненні да беларускай меншасці малюецца ў адназначна чорных тонах. Параўнання з рэаліямі СССР 1930-х, калі ў БССР ішлі масавыя рэпрэсіі, аўтары роліка проста не робяць.

Пра сталінскія рэпрэсіі ці калектывізацыю ў гэтай серыі ўвогуле няма інфармацыі, затое пры расповедзе пра «жахі» жыцця пад Польшчай у ілюстрацыйным шэрагу з’яўляецца, напрыклад, палаючая вёска — і гэта яўная маніпуляцыя.

Мэта стварэння ролікаў выступае настолькі яскрава, што не падлягае сумненню. Гэта не асветніцтва, а свядомая прапаганда «русского мира».

«Афанасий Брестский. Мученик за Веру»: грубыя асацыяцыі з карнікамі ў Другой сусветнай вайне

Ролік расказвае пра жыццё Афанасія Філіповіча. Яго ў відэа называюць Афанасіем Брэсцкім. Гэты чалавек увайшоў у беларускую гісторыю як прынцыповы праціўнік Брэсцкай царкоўнай уніі ды абаронца праваслаўя. Сюжэт круціцца выключна вакол гэтага.

Паралельна аўтары расказваюць, як у 1648 годзе ва Украіне пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, а «польско-литовские власти начали жесточайший террор против православного населения». І гэты «тэрор» разам з палаючай вёскай, якую паказваюць на фоне відэа, выклікае яўную асацыяцыю з часамі Другой сусветнай вайны — гэта грубая маніпуляцыя гістарычнымі фактамі.

Багдан Хмяльніцкі насамрэч выступаў супраць улады Рэчы Паспалітай. Аднак акрамя «защиты православной веры», як згадваецца ў відэароліку, было яшчэ некалькі прычын паўстання: рост падаткаў і павіннасцей, а таксама прыгнёт сялян. У відэа пра гэта не згадваецца.

Гучыць у роліку і моцнае «каратели» — зноў негатыўная канатацыя з Другой сусветнай вайной. Для большага эфекту спосабам пакарання смерцю Афанасія адназначна называецца закопванне яго жывым у зямлю, але ў гістарычных крыніцах наконт смерці рэлігійнага дзеяча ёсць розныя меркаванні.

Такім чынам, асноўныя факты былі захаваныя, але не ва ўсім аб’ёме.

«17 сентября — День воссоединения»: не згадваюцца важныя гістарычныя факты

Гэтае відэа расказвае пра падзеі 17 верасня 1939 года. У роліку яны паказаныя як «освободительный поход» Чырвонай арміі на «оккупированные земли». Дазволіў гэта зрабіць, паводле аўтараў роліка, «военный крах» Польшчы.

Сапраўды, 17 верасня 1939 года адбылася ваенная аперацыя Чырвонай Арміі па ўстанаўленні кантролю над усходнімі тэрыторыямі Польшчы: Заходняй Беларуссю і Заходняй Украінай.

Пры гэтым наяўнасць заключанай 23 жніўня 1939 года тайнай дамовы паміж СССР і нацысцкай Германіяй, паводле якой і падзялілі Усходнюю Еўропу паміж Сталіным і Гітлерам, не згадваецца.

Рэзюмэ: няма ніводнага сюжэта пра праблемы між народамі

Як падкрэслівае Аляксандр Пашкевіч, важна памятаць: продкі сучасных беларусаў і рускіх цягам цэлых стагоддзяў жылі ў розных дзяржавах. Паміж сабой яны і сябравалі, і варагавалі. Гэта не могуць ігнараваць нават прапагандысты — але ў гэтым выпадку няма ніводнага сюжэту аб праблемных стасунках між народамі.

Але факт і тое, што ў тыя часы пэўная духоўная сувязь земляў былой Русі паміж сабой утрымлівалася праз праваслаўную веру. У ёй была значная частка насельніцтва. Менавіта на гэты аспект стваральнікі «русскомирских» ролікаў найперш і стараюцца ціснуць.

Пашкевіч зазначае: асноўныя факты згадваюцца ў роліках правільна, але маніпуляцыі праяўляюцца большай часткай праз візуальны шэраг і праз адвольныя інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў і нюансаў. А гэта ўжо класічная прапаганда.

І што паглядзець, каб паглядзець на гісторыю з беларусацэнтрычнага погляду?

Абавязкова звярніце ўвагу на падкаст «Так склалася гістарычна». У ім навуковыя дзеячы простай мовай расказваюць пра складаныя гістарычныя падзеі.

На YouTube можна паглядзець ролікі пад хэштэгам «гісторыяза5хвілін». За кароткі час гісторык расказвае пра пэўныя падзеі. У фармаце вялізных лекцый ёсць серыя відэа «Кава з гісторыкам»: гэта YouTube-версіі афлайн-сустрэч, якія арганізуе «Беларускі моладзевы хаб».

Яшчэ адзін цікавы канал — «Слухай сюды». Лекцыя ідзе разам з візуальнымі матэрыяламі, таму глядзець і карысна, і цікава адначасова.

Чытайце таксама:

«Хацелі пад шум бомбаў зарабіць на краіне-агрэсары?» У Пецярбургу адкрылася выстава з працамі беларускіх аўтараў — і разгарэўся неабыякі скандал

«Калі вы не гатовыя бачыць пары, якія займаюцца сэксам у пустыні, — гэта не для вас». Мінчанка ўжо пяты раз ездзіць на легендарны фестываль Burning Man у ЗША

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
22
Панылы сорам
11
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
36
1
Какая власть, такие и ролики/адказаць/
22.09.2022
Объявили год "исторической" памяти, под нужды лукашенко и его семьи. Простите, не может быть иначе в стране, которая оккупирована российскими войсками, а власть лукашенко репрессирует и терроризирует белорусов в итересах России и своих шкурных. Какие ролики, такая власть, должна показываьь ??? Это как и с "днём единства", по факту, властью лукашенко, превращенным в день ненависти к всему белорускому и к белорусам.
7
антисвета/адказаць/
22.09.2022
"падпісантаў дамовы ў Рызе, паводле якой нашу краіну падзялілі, было двое: Польшча і Савецкая Расія."
а Украіна не падпісвала хіба?
калі пішаце пра скажэнне гістарычных фактаў, дык самі хаця не рабілі б так, бо чым вы тады лепшыя за адваротны бок?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930