Знайсці
29.08.2021 / 14:03РусŁacБел

Жніво. Самая беларуская карціна міжваеннай Польшчы

Пра беларускі шэдэўр 1930­-х піша мастацтвазнаўца Надзея Вусава. 

Міхась Сеўрук (злева) і Пётра Арэнь (брат маці) у Снове. 1925—1926 гады. Музей-кватэра Міхася Сеўрука ў Нясвіжы

Калі едзеш з Мінска ў Вільню праз Лошу, перад самай ужо мяжою справа ад дарогі паўстае старая бажніца. Памятаеце, такая лагчына, ставок, акуратная каменная агароджа, а далей — сасновы бор, дзіцячы лагер? Райскае месца, дзе час нібы завіс, так і хочацца спыніцца. Вось тут, у Лошы, меў сядзібу мастак Леў Дабжынскі, і сюды да яго прыязджалі сябры-­мастакі. 

Лета ў Лошы

Маёнтак у былым Ашмянскім павеце за 42 кіламетры ад Вільні фармальна належаў цётцы мастака Льва Дабжынскага Вользе. Цяпер Лоша — невялікая вёсачка ў Астравецкім раёне, вядомая як аўтамабільны пераход на беларуска­літоўскай мяжы. А ў 1930­я гады гэта была куды больш прыгожая мясціна, чым цяпер, — з алеямі, млынам, а галоўнае — двухпавярховым недабудаваным домам з высокімі столямі, люстрамі і дубовай падлогай, які пачалі ўзводзіць перад самай Першай сусветнай вайной, ды так і не скончылі. 

Дабжынскія вярнуліся ў свой маёнтак пасля бежанства ў 1922 годзе. У 1929 годзе Леў паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя на факультэт прыгожых мастацтваў. Адным з сяброў, набытых Дабжынскім падчас навучання, стаў Міхась Сеўрук — галоўны герой гэтага артыкула. 

Міхась Сеўрук у сваёй майстэрні. 1930 (?) год. Музей-кватэра Міхася Сеўрука ў Нясвіжы

Сядзіба ў Лошы была тым месцам, куды ўніверсітэцкія сябры — Леў Дабжынскі, Міхась Сеўрук, Кузьма Чурыла, Жэнька Бранскі — прыязджалі на канікулы і працавалі на натуры, атрымліваючы асалоду ад цудоўных навакольных краявідаў. Сапраўдны «беларускі Барбізон», рай для маладых мастакоў.

Нараджэнне ідэі

Прафесар Віленскага ўніверсітэта Фердынанд Рушчыц (гл. пра яго артыкулы Алеся Белага і Надзеі Вусавай у № 11/2020 «Нашай гісторыі») патрабаваў ад сваіх вучняў пісаць летнія эцюды на вясковыя тэмы. Міхась Сеўрук, які нарадзіўся ў Варшаве, дзяцінства якога прайшло ў Брэсце, юнацтва — у Маскве, Нясвіжы і Снове, нарэшце займеў у Лошы магчымасць назіраць за працэсам жніва. Тады ўся вёска: і мужчыны, і жанчыны, і малыя, і старыя — выходзіла на працу, не зважаючы на спякоту.

Тут, у Лошы, да Сеўрука і прыйшла ідэя будучай карціны. Захаваліся ягоныя шматлікія рэалістычныя графічныя накіды жней. 

Міхась Сеўрук. «Падвячорак». Туш, пяро. Сярэдзіна 1930-х гадоў. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

У 1977 годзе мастацтвазнаўца Віктар Шматаў збіраў матэрыял для сваёй кнігі пра мастака Міхася Сеўрука — яна выйдзе ў 1980-м, праз год пасля смерці жывапісца — і даслаў яму некалькі пытанняў пра гэту карціну.

«»Жніво» маляваў я ў маёнтку майго сябра, добрага мастака Дабжынскага, — расказваў Сеўрук. — Маляваў тры тыдні, падымаўся з усходам сонца. Пісаў яе без кардону і папярэдніх накідаў і эцюдаў, і, уласна кажучы, я яе так і не закончыў, усё думаў, калі­небудзь паспею». 

Зборная стылістыка 

Карціна жніва ў Сеўрука выглядае беларускай ідыліяй, сапраўдным «сялянскім раем». У ёй зафіксаваныя ўсе стадыі: і працэс цяжкай працы, і час кароткага перапынку, і хуткі сняданак з кармленнем дзіцяці. Гэтая карціна захапляе і сваім сімвалізмам, і рэалізмам, у ёй спалучыліся і эстэцтва, і народнасць. Яна была зразумелай кожнаму селяніну.

«Жніво». Міхась Сеўрук. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Настрой «Жніва» — мажорны, цвёрды, бадзёры і вясёлы. Сяляне тут без каўтуна ў валасах: гэта дужыя, здаровыя і фізічна, і духоўна людзі, якіх не страшыць цяжкая праца. Яны босымі нагамі цвёрда стаяць на зямлі як арганічная частка маці­прыроды.

У «Жніве» Сеўрук выпрацаваў асаблівую стылістыку: узяў нешта і ад старых майстроў Рэнесансу XVI стагоддзя, і ад класіцызму XVIII стагоддзя, і ад сезанізму пачатку XX­га. Сіла «Жніва» — у гэтай непаўторнасці.

Арганізаваць шматфігурную кампазіцыю (а на карціне — больш за дзясятак фігур) на плоскасці невялікага палатна — няпростая задача. Дапамог мастаку ў гэтым Нікаля Пусэн — французскі класіцыст, майстра гарманізацыі і ўстойлівасці пейзажу, аўтар класічнага палатна «Лета» (1660—1664), на якім таксама выяўлена сцэна жніва. Мастацкая кампазіцыя «Жніва» Сеўрука шмат у чым паўтарае «Лета» Пусэна: прастора на абедзвюх карцінах выразна падзеленая на Святло і Цень. 

Ад майстроў Рэнесансу Сеўрук запазычыў выразную скульптурнасць формаў персанажаў.

Воблачнае неба з хмарамі мастак падгледзеў у Цінтарэта, майстра XVI стагоддзя. Жывапіс палатна шчыльны, цяжкі. Гэта — ад Поля Сезана, прадстаўніка постімпрэсіянізму, з ягоным метадам лепкі формы колерам.

Сеўрук два гады займаўся скульптурай у прафесара Баляслава Бальзукевіча, што дапамагло яму адчуць і спазнаць формы прадметаў. Фактура палатна нагадвае рэльеф сваёй пластычнасцю. Зжатае жыта падаецца асаблівай штрыхавой фактурай, уся ніва — маналітам жоўта­залатога колеру, сінія хвалі вады ў ручаі «зацвярдзелі» ў рэльефе. 

Карціна вытрымлівае любое павелічэнне. Па рэпрадукцыі і не здагадаешся, што насамрэч «Жніво» — палатно невялікага памеру. Крыху больш за метр у вышыню, але пры гэтым карціну лёгка ўявіць перанесенай як мурал на сцяну пятнаццаціпавярховага дома (няхай бы!).

А справа тут у тым, што ў «Жніве» Сеўрук выкарыстаў прынцыпы манументальнага мастацтва: адсутнасць дэталізацыі, чыстыя колеры і іх рытмічнасць (белы і зялёны колер на кашулях паўтараюцца па ўсёй паверхні карціны), што прывяло да такога эфекту. 

Прызнанне землякамі

Тэма жніва і касьбы была надзвычай папулярная ў першай трэці ХХ стагоддзя і ў паэзіі, і ў жывапісе. Нават такі авангардны майстар, як Казімір Малевіч, і той стварыў некалькі варыянтаў супрэматычных «Жней». Жніво, праца на полі ўспрымалася беларускімі віленскімі адраджэнцамі як сімвал працы на карысць Радзімы на ніве культуры. Нездарма і беларуская перыёдыка першай паловы ХХ стагоддзя мела такія назвы, як «Наша Ніва» ці «Калоссе».

«Жніво» Казіміра Малевіча. 1912 год. Маскоўскі музей сучаснага мастацтва

Пётра Сергіевіч (гл. пра яго артыкул у № 12/2019 «Нашай гісторыі») адразу параіў купіць «Жніво» ў фонды Віленскага беларускага музея. У Беларускім дзяржаўным архіве­музеі літаратуры і мастацтва захаваліся пратаколы пасяджэнняў рады музея за люты 1935 года, на якіх разглядалі «прапазыку гр. Сергіевіча ад імя мастака Сеўрука аб куплі ад апошняга яго карціны. Пастанавілі: абраз купіць, заплаціць па меры магчымасці 100 злотых, зараз заплаціць 35 злотых, а на наступнай субвэнцыі — столькі ж…». 

Цікава, што ў тым жа самым 1935 годзе віленскі часопіс «Калоссе» стаў выкарыстоўваць на вокладцы вельмі блізкі па стылістыцы малюнак Сеўрука «Жняя». 

Малюнак Сеўрука «Жняя» на вокладцы віленскага часопіса «Калоссе», 1935 год. Нацыянальная бібліятэка Беларусі

«Мастак-­невідзімка»

У 1939 годзе, пасля прыходу ў Заходнюю Беларусь Чырвонай арміі, Сеўрук пакінуў любімую Вільню і з'ехаў да маці і сястры ў Нясвіж. Пасяліўся ў Ратушы, там яму далі майстэрню. Там ён і жыў, бо ў доме маці месца бракавала. А неўзабаве пачалася вайна з немцамі, пра якую Сеўрук пасля ўспамінаць не любіў. 

Нямецкія акупанты за вайну некалькі разоў спрабавалі абрабаваць Беларускі музей у Вільні, таму экспанаты перавозілі ў розныя месцы. Частка трапіла, напрыклад, у касцёл Святога Міхала, дзе служыў беларускі ксёндз Адам Станкевіч. Каб уратаваць сваю карціну, Сеўрук папрасіў Сергіевіча аддаць «Жніво» яму. Той так і зрабіў.

Нясвіж вызвалілі ў ліпені 1944 года, але часы заставаліся няпростымі. Пасля арышту дырэктара Віленскага музея Янкі Шутовіча Сеўрук пра сваю мінулую творчасць стараўся не згадваць, стаў «мастаком­невідзімкай». Працаваў загадчыкам былых радзівілаўскіх паркаў, выкладаў маляванне ў школе і вёў дзіцячую мастацкую студыю пры Ратушы. 

За партрэты франтавікоў і карціну «Нясвіж у гады вайны» Сеўрук у 1946 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР. Але восем гадоў да смерці Сталіна мастак ні разу нідзе не выстаўляўся: баяўся прыцягнуць да сябе ўвагу савецкіх уладаў. І толькі з 1953 года на рэспубліканскіх выставах пачалі з’яўляцца яго творы.

«Жняя» Міхася Сеўрука. 1930-я гады. Аловак, акварэль. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Нешматлікія карціны віленскага перыяду спачатку захоўваліся ў майстэрні Сеўрука на трэцім паверсе ў нясвіжскай Ратушы, потым у дамку на Садовай вуліцы, дзе ён жыў разам з жонкай Раісай Сямёнаўнай — рэпрэсаванай дачкой святара. Яны ажаніліся напрыканцы 1950­ х, калі жанчына вярнулася ў Нясвіж з казахстанскай ссылкі. У гэтым іх сямейным дамку захоўвалася і «Жніво», якое чакала свайго часу. 

Прызнанне пасля смерці

Яшчэ да афіцыйнага прызнання карціна, якая дзесяцігоддзямі не з’яўлялася на выставах, хадзіла па руках мінскіх мастакоў у выглядзе фотаздымкаў. Уладзіміру Сцяпану, студэнту мінскай мастацкай вучэльні, у 1976 годзе амаль тайна ў якасці прыкладу паказаў такі фотаздымак педагог Кім Шастоўскі. Нават чорна­белы здымак уразіў маладога мастака сваёй неардынарнай фармальнай кампазіцыяй. Карціна тады падалася яму вельмі вялікай, манументальнай, не жывапісам, а хутчэй іконай, дзе кожная дэталь мае патаемны сэнс. 

«Жніво» было прададзена ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР удавой мастака ў 1980 годзе, праз год пасля ягонай смерці. А ў 1993 годзе, ужо пры незалежнай Беларусі, карціна заняла пачэснае месца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Усе ж іншыя творы Сеўрука — а іх было больш за 1200 — Раіса Сямёнаўна Сеўрук у сваім завяшчанні адпісала Нясвіжскаму краязнаўчаму музею з умовай стварэння дома­музея мастака. У 1996 годзе такі музей быў створаны. І ў гэтым ёсць нейкая найвышэйшая справядлівасць: адзіны вучань школы Рушчыца, які застаўся працаваць у Беларусі і не быў асабліва прызнаны пры жыцці, атрымаў персанальны музей. Дарэчы, такіх музеяў пакуль няма ні ў самога Рушчыца, ні ў іншых ягоных шматлікіх вучняў.

Міхась Сеўрук 

(1905—1979) — беларускі мастак-жывапісец і графік. Нарадзіўся ў Варшаве ў сям’і чыгуначніка. З-за прафесіі бацькі сям’я часта мяняла месца жыхарства. Сеўрукі ў розны час жылі ў Брэсце, Маскве, Снове пад Нясвіжам. 

Міхась вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі, потым у 1927 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, дзе стаў вучнем Фердынанда Рушчыца. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1932 годзе і да пачатку Другой сусветнай вайны Сеўрук жыў у Вільні. 

Віленскі перыяд творчасці мастака лічыцца самым насычаным. Ён на замову выканаў роспіс касцёла пад Познанню, аформіў некалькі прамыслова-рэгіянальных выстаў у Вільні. Яшчэ падчас студэнцтва напрыканцы 1920-х напісаў партрэт віленскага бурмістра Юзафа Фаліеўскага. Тады ж мастак перажыў яскравы, але кароткі раман, па чутках, з дачкой бурмістра, якая раптоўна памерла. Праўда, у бурмістра былі толькі два сыны, але сапраўды, у 1930 годзе згарэла ад хуткацечнай лімфомы іх зводная сястра, 20-гадовая паэтка Зося Аркан. Магчыма, гэта яна на здымку ў майстэрні мастака.

Сеўрук таксама быў актыўным удзельнікам мастацкага жыцця горада. Ён стаў адным з сябраў Віленскага таварыства аматараў мастацтваў. У 1936 годзе стаў сябрам Віленскага мастацкага кааператыву, а ў 1937-м сам заснаваў «Віленскую групу» мастакоў. 

У 1939-м, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, Сеўрук перабраўся да сваякоў у Нясвіж, дзе і пражыў да самай смерці.

Працы Сеўрука захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у кватэры-музеі ў Нясвіжы, а таксама ў фондах Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Слядамі Сеўрука

«Жніво» Сеўрука адразу ж пачалі цытаваць іншыя мастакі. Першы — Кузьма Чурыла. Ён фактычна ўвёў той жа матыў у сваю дыпломную карціну, праўда, занадта перагрузіўшы яе выявамі жывёл і сялян за працай. 

«Партызанская Мадонна» Міхаіла Савіцкага, версія 1967 года. Траццякоўская галерэя

Сапраўдны ж шэдэўр з’явіўся на 30 гадоў пазней. Гэта «Партызанская Мадонна» Міхаіла Савіцкага. Мастак напісаў партызанскую зону, маладую маці, якая корміць дзіця. За яе спінай — жніво. Жніво як працяг жыцця і жніво смерці: у бой ідуць новыя атрады партызан. Гэтая карціна выклікала скандал і фурор на Усесаюзнай выставе 1967 года ў Маскве, бо мастак адкрыта ўвёў рэлігійны падтэкст у карціну падчас ваяўнічай атэістычнай кампаніі. Тым не менш гэтую карціну набыла Траццякоўка. А пазней Савіцкі ўжо для Мінска напісаў яшчэ адзін варыянт «Партызанскай Мадонны», ужо менш падобны да сеўрукоўскага «Жніва».

Што адчуваў Сеўрук, калі глядзеў на шматлікія рэпрадукцыі «Партызанскай Мадонны»? Цяжка сказаць. Яго ўласная «сялянская Мадонна» тады яшчэ была зачынена ў майстэрні. Але сустрэлася з «Мадоннай» Савіцкага ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея ўжо ў ХХІ стагоддзі. Кожная з іх — шэдэўр свайго часу.

«Жніво»: разбор карціны

Вада — другая стыхія жыцця. Без яе не могуць ні зямля, ні расліны, ні чалавек, ні звер. Рака жыцця, якая дае энергію, прахалоду і адпачынак у цяні магутных дрэваў, наталяе смагу. Мужчына зачэрпвае ваду ў жбанок проста з ракі, другі прагна п’е яе. Удалечыні ўгадваецца фігура верхавога, які прывёў кабылу з жарабём на вадапой. 

На першым плане — сцэна адпачынку касцоў і жняі з дзецьмі ў цяні зялёных дрэў. Фігуры людзей уяўляюць сабой архетыпы, сімвалы адзінства пакаленняў: Дзед, Маці, Касец, Жняя, Хлопчык, Немаўлятка — адна вялікая сям’я. Карціна чытаецца як гімн калектыўнай сялянскай працы, як «формула разумнага жыцця на цудоўнай зямлі», як працяг, а можа, і адказ Сеўрука на карціну Фердынанда Рушчыца «Зямля» з яе трагічным героем-аратым. 

Маці, якая корміць дзіця, — сімвал зямлі-карміцелькі, якая нарадзіла і аддае людзям жыта. Яна чытаецца як Мадонна жніва і як вясковая Венера, багіня прыгажосці. Побач з ёй — малое дзіця, своеасаблівы сялянскі «пуці» — гарэзлівае немаўля-анёлак, якіх Сеўрук шмат бачыў у аздабленні касцёлаў Віленскага краю. 

Але гэта і рэальная маладая вясковая кабета, і рэальнае хлапчанё, якога ўзялі ў поле на цэлы працоўны дзень. Малыя дзеці знаходзіліся ў полі зроку маці, але забаўлялі сябе самі. Малы гуляе з сабакам і бегае за матылямі. Паглядзіце на характэрную жыццёвую дэталь: кантраст загарэлых рук маці і далікатнай скуры дзіцяці.

Маці павінна ўзяць у поле ежу: хлеб, соль, ваду. Побач з ёй на зямлі нацюрморт з традыцыйнай, з маленства знаёмай ежы: малака, хлеба, гуркоў, бульбы. 

Чорная хмара на небе — перасцярога: трэба спяшацца, каб ухапіць надвор’е да летняй навальніцы, якая можа палажыць жыта. 

На самым далёкім плане на пагорках — сцірты і жаночыя фігуркі жней, якія выглядаюць амаль супрэматычна. 

Ад жніва залежала выжыванне роду, таму яго рытуал фарміраваўся стагоддзямі. Жніво пачыналася з зажынак, калі старэйшая дачка зранку вязала першы сноп, які зваўся «сноп-гаспадар». Першы снапок неслі дадому і, абмалаціўшы асобна, асвячалі ў царкве, дадавалі да насення, а саломай кармілі карову, каб не хварэла. Намёк на яго — у руках дзяўчыны ў чырвонай кашулі, якая адразу прыцягвае ўвагу гледача менавіта да гэтай фігуры.

Галоўнае месца займае залатая ніва, наша ніва — да высокага далягляду на пагорках. Жыта — багацце зямлі і людзей.

Надзея Вусава

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера