Знайсці
28.11.2012 / 20:075РусŁacБел

Хашчавацкі збіраецца зняць фільм пра гісторыю з растваральнікамі

Беларускі рэжысёр уганараваны «Лаўровай галіной» Расійскага саюза кінематаграфістаў.

Дакументаліст Юры Хашчавацкі атрымае «Лаўровую галіну» — самую ганаровую прэмію расійскага дакументальнага кіно, паведаміў «Інтэрфакс».

«Гэта, канечне, было нечакана, — расказаў Хашчавацкі карэспандэнту Нашай Нівы. —

Мне пазванілі з рады прэміі, сказалі, што я ўзнагароджаны за ўклад у кіналетапіс. Летась Сакураў атрымліваў «Галіну» ў гэтай намінацыі».
Але ўсё ж Сакураў — расійскі творца, а Хашчавацкі жыве ў Беларусі. Ці стваральнікі ўключаюць яго творчасць у даробак расейскай культуры?

«Гэта мае сябры, я з імі вялікае жыццё пражыў у кіно, — кажа рэжысёр. — Пачынаў яшчэ ў савецкія часы. Я заўжды быў перакананы, што дакументальнае кіно нарадзілася ў СССР і лічу сябе прадстаўніком той школы дакументалістыкі. Хоць цяпер ніхто не адмаўляе, што мы жывём у розных краінах, з усімі іх нацыянальнымі і культурнымі адрозненнямі. Але, як у песні пяецца, «калі радасць на ўсіх адна — на ўсіх і адна бяда». А бяда ў нас і ў Расіі, я лічу, сёння адна: распаўзанне нашага рэжыму на ўсю постсавецкую прастору.

Гадоў шэсць таму, калі я зняў «Плошчу»;, многія, у тым ліку і тыя, хто ганаруе мяне сёння прэміяй, казалі: ну навошта табе гэта трэба, гэтая палітыка. Сёння яны пабачылі штосьці падобнае ва ўласнай краіне».

Хашчавацкі задумаў новы праект, на рэалізацыю якога, прызнаецца, пакуль няма сродкаў.

«Гэта будзе фільм пад назвай «Разбэшчванне Еўропы».
Ён пра тое, як наш і расійскі бізнэс, карумпаваная ўлада ўплывае на еўрапейцаў, спакушае, разбэшчвае іх, уцягваючы ў зладзейскія схемы.
Вось выпадак з продажам на Захад распушчальнікаў і растваральнікаў — хіба ён быў бы магчымы, калі б не было кантрагентаў у Еўропе?
Або выпадак з канцэрнам Daimler AG, звінавачаным у даванні хабараў у Маскве?
Такі фільм не будзеш рабіць галаслоўна: трэба дакументы, трэба вялікая праца даследчыкаў, юрыстаў, каб усё было абгрунтавана.
А на гэта ўсё трэба грошы. Гаварыць пра гэтыя рэчы абавязкова трэба. Я бачу вялікую небяспеку ў разбэшчванні Захаду», — кажа рэжысёр.

«Лаўровая галіна» — расейскі нацыянальны конкурс у галіне дакументальнага кіно і тэлебачання, заснаваны Саюзам кінематаграфістаў Расіі, які праводзіцца з 2000 года.
На конкурсе прадстаўленыя працы рэжысёраў, аператараў, прадзюсараў Расіі, а таксама фільмы з усіх краін свету на расейскай мове.

Цырымонія ўзнагароджання «Лаўровай галіны-2012» пройдзе 15 снежня ў кінатэатры «Художественный» у Маскве, на цырымоніі закрыцця фэстываля «Артдокфэст».

СМ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031