Знайсці
30.04.2023 / 16:073РусŁacБел

Чым харчуюцца беларусы і колькі гэта каштуе

Выданне «Салідарнасць» паразмаўляла з людзьмі, якія жывуць у Беларусі, колькі яны выдаткоўваюць на ежу ў месяц. Апыталі сям'ю з трыма дзецьмі, маладую пару, пенсіянераў і тых, хто жыве адзін.

 Фота ілюстрацыйнае

Аліне 23 гады, яна родам з Маладзечна, але жыве і працуе ў Мінску. У месяц дзяўчына, якая жыве адна, траціць каля 200-250 рублёў на прадукты.

«Раз на два тыдні я купляю па пачку крупаў — часцей за ўсё гэта рыс і грэчка, тры-чатыры разы на тыдзень пакет малака. Акрамя гэтага — каву і чай, цукар, абавязкова нешта салодкае, бо я ласуха, гародніну — часцей за ўсё агуркі, перцы, памідоры, садавіну — у асноўным гэта бананы, грушы і вінаград. За мяса і яйкі я не плачу — прывожу з дому».

 ***

Ірыне і Дзмітрыю 62 і 65 гадоў адпаведна, муж і жонка атрымліваюць пенсію і працуюць. Разам з імі жыве сабака, таму выдаткі на харчаванне ўключаюць і корм для гадаванца.

«Пакуль мы працуем і атрымліваем пенсію, у плане ежы ні ў чым сабе не адмаўляем.

Я не лічу, колькі выдаткоўваю грошай на харчаванне, не шукаю спецыяльна нейкія прадукты на зніжках, але ведаю, што так робяць некаторыя мае калегі, — кажа Ірына. — У месяц на прадукты мы трацім каля 600 рублёў на дваіх».

Адзін паход у краму абыходзіцца Ірыне прыкладна ў 70-100 рублёў, калі не закупляцца надоўга. Закупляюцца муж і жонка часцей за ўсё ў «Гіпа», «Суседзях», «Санце». Оптам узяць крупы і кансервы могуць у «Грошыку».

«У наш месячны прадуктовы кошык абавязкова ўваходзіць мяса: курыца, са свініны — шыя і паляндвіца, катлетнае, каўбасы, сардэлькі і сасіскі. Для сабакі з мяснога — ялавічная абрэзка, пячонка і курыныя сэрцы. З рыбы — аргенціна, карп, мінтай, скумбрыя, паўкіло крэветак, слабасалёная стронга на бутэрброды.

З абавязковага таксама яйкі, тварог, кефір, малако і сыры — з апошняга часцей за ўсё звычайны жоўты мяккі, радзей — сулугуні і мацарэла. З гародніны — памідоры, агуркі, капуста, зеляніна, з садавіны — у асноўным яблыкі, апельсіны, мандарыны, радзей — памела і вінаград. З круп — грэчка, рыс, булгур, макароны, часам пярлоўка.

Акрамя гэтага хлеб, батон для дыябетыкаў, пачак молатай кавы і тры па 250 грам распушчальнай, мінералка некалькі разоў на тыдзень, часам сок. Для мужа некалькі разоў на месяц бяру печыва, цукеркі, шакалад».

***

Прыкладна столькі ж трацяць у месяц і Кацярына з мужам Паўлам, 40 і 46 гадоў адпаведна. Іхні набор прадуктаў прыкладна такі ж, як у папярэдняй пары.

«Адзін паход у краму, калі не закупляцца, абыходзіцца ў 60-70 рублёў.

Купляем прадукты мы звычайна ў «Еўраопце» і «Санце», на рынках — сезонная гародніна і садавіна. Спецыяльна нешта на акцыях не вышукваем, незалежна ад цаны заўсёды бяром сланечнікавы і аліўкавы алей, гародніну, мяса і крупы. На садавіну амаль не трацімся, калі бяром, то яблыкі, грушы і грэйпфрут.

Стронгу ці стэйкі ласося мы не бяром, з чырвонай рыбы можам узяць гарбушу, на бутэрброды — ласось, пры гэтым кожны месяц мы купляем крэветкі і мідыі. Значная частка грошай сыходзіць на каўбасы і вяндліны — іх муж бярэ ў якасці ссабойкі на працу.

З абавязковага ў нас таксама мяса, яйкі, хлеб, батон, тварог, смятана. З неабавязковага, але тое, што часта прысутнічае — сыр з цвіллю, пельмені, тушонка».

***

Лізе і Андрэю па 22 гады, на прадукты пара выдаткоўвае 500-600 рублёў у месяц, улічваючы паходы ў кавярні і дастаўку.

«Часу на гатаванне ў нас асабліва няма, улічваючы графікі працы і тое, што я сумяшчаю вучобу з працай. Таму для нас самае простае рашэнне — фастфуд.

Некалькі разоў на месяц мы ходзім у «Дэпо», KFC, шаўрмярню. У выхадныя па традыцыі снедаем па-за домам — у асноўным гэта «Вершы», Let it be, Mon Nom — адзін сняданак абыходзіцца ў 50-60 рублёў на дваіх. Некалькі разоў на месяц мы замаўляем дастаўку — піцу альбо ролы.

З таго, што мы абавязкова купляем у прадуктовых крамах — гэта крупы, яйкі, мяса, нешта здобнае».

***

Ангеліне і Міхаілу па 34 гады, яны выхоўваюць траіх дзяцей, малодшай з якіх няма яшчэ і года.

На ўсіх членаў сям'і на харчаванне ў месяц сыходзіць 850 рублёў (гэта без уліку корму для жывёл). Яшчэ 200-300 рублёў муж і жонка трацяць на дастаўку рыбы і морапрадуктаў.

«У наш прадуктовы кошык уваходзяць курыца, свініна, кілаграм нагетсаў, адна-дзве банкі тушонкі, два пачкі пельменяў, тры кілаграмы курынага і свінога фаршу. Таксама рыба, крэветкі, дзве бляшанкі пячонкі траскі, бляшанка шпротаў, часам ікра, — расказвае Ангеліна. — Таксама пара палак каўбасы на месяц, курыная вяленая грудка або свіны карбанад.

З малочнага — шмат малака, сыр, масла сметанковае, ёгурты, тварог, смятана, тварожны і плаўлены сыр, ражанка, кефір, вяршкі. Яйкі.

З абавязковага таксама гародніна — гэта бульба, морква, буракі, капуста, цыбуля, пекінская капуста, агуркі, памідоры. На перцы цяпер цана космас. З садавіны актуальныя цяпер яблыкі, апельсіны, мандарыны, ківі, часам вінаград. З крупаў — рыс, грэчка, кускус ці пціцім, макароны, а таксама кашы-шматкі.

Акрамя гэтага — цукар, хлеб, батон, хлябцы, клятчатка, два віды чаю, алей сланечнікавы і аліўкавы, мука, кава ў зернях, арэхі, сухафрукты.

З неабавязковага, але тое, што звычайна прысутнічае — прысмакі. Гэта печыва, цукеркі і зефір». 

***

Алена жыве ў Мінску, але большую частку прадуктаў купляе ў вёсцы непадалёк ад сталіцы. Выдаткі на прадукты жанчына не фіксуе, таму назваць нават прыкладную суму ў месяц не наважваецца. Затое яна добра памятае цэны на тыя ці іншыя пазіцыі ў крамах і на рынках.

«Я сачу, каб ежа была максімальна натуральнай або з мінімальнай апрацоўкай. Пры любым узроўні майго даходу раблю нарыхтоўкі са свежых сезонных прадуктаў — дома заўсёды свае узвары і сокі без цукру, сухафрукты, травяныя гарбаты, саленні, кабачковая ікра, баклажаны, соусы, замарожаныя лясныя ягады».

На Камароўцы жанчына купляе сітуатыўна галёнку (8 рублёў за кілаграм), лівер (3,5-5 рублёў за кілаграм) ці катлетнае мяса (6-15 рублёў за кілаграм), у посны перыяд замяняе ялавічыну на фасолю, нут, сачавіцу (6-12 рублёў за кілаграм), арэхі грэцкія і фундук (8-20 рублёў за кілаграм).

«З рыбы і морапрадуктаў найчасцей купляю селядзец свежамарожаны (6-7 рублёў за кілаграм) ці гарбушу (18 рублёў за кілаграм) і салю іх сама, мідыі (12 рублёў за кілаграм), і радзей, калі вельмі хочацца, крэветкі (21-23 р/кг).

У вёсцы Алена купляе малако і сама робіць з яго вяршкі, сыр, кефір, тварог, смятану і згушчонку. Літр малака каштуе прыкладна 3,5 рубля, усяго ў месяц жанчына купляе 12-15 літраў. Там жа жанчына купляе яйкі па пяць рублёў за дзясятак, радыску 2,5 рубля за пучок і зеляніну.

«Таксама я люблю спелыя сыры, выбіраю на Камароўцы якасны сыр беларускай вытворчасці па цане каля 38 рублёў за кг, і купляю кілаграм на месяц.

Бульбу бяру ў найбліжэйшай краме па 0,80 рубля за кг, розніцы ў якасці ў параўнанні з вясковай бульбай не бачу. У краме таксама бяру моркву, цыбулю, буракі — стараюся купляць у «Грошыку», бо аднолькавы тавар у параўнанні з іншымі сеткамі там каштуе значна танней, а на Камароўцы з рук падобны па якасці — даражэйшы ў два разы.

Пад рукой у мяне таксама заўсёды горкі шакалад. Раней у сетках можна было купіць якасную плітку шакаладу французскай вытворчасці па даволі нізкай цане — 10 рублёў за 200 грам, цяпер яго няма, і я купляю беларускі на акцыях па 2,5-3,5 рублёў за плітку 100 г. Без акцый шакалад не самай высокай якасці каштуе неапраўдана, з майго пункту гледжання, дорага — каля 6 рублёў за 100 грам.

З круп дома заўсёды ёсць грэчка і цэльназерневая аўсянка, буры рыс. На грэчку цэны значна выраслі, а аўсянку знайсці стала праблемай, цэльназерневую знайшла толькі ў адной буйной сетцы. Таксама купляю якасныя спагеці з цвёрдых гатункаў пшаніцы — у асноўным на акцыях па 3,5 рубля за пачак.

У апошні час заўважыла, што моцна выраслі цэны на соль. Беларускую стараюся не купляць зусім — яна то з ёдам, то яшчэ з чым, і пры гэтым не вельмі чыстая. Пару гадоў таму купіла гімалайскую буйную і ў якасці сталовай солі карыстаюся ёй. Для гатавання купляю марскую, яе хапае надоўга».

Чытайце таксама:

«Я стала фанатам сэкандаў». Што людзі шукаюць у гэтых крамах і колькі гатовыя пакідаць там грошай?

«Экспабел» яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў пражыве». Што цяпер з ГЦ, у якім некалі адкрыўся першы гіпермаркет у Беларусі?

Дзе абутак таннейшы — на рынку або ў краме? Параўналі цэны

«Пакаштуйце і далей глядзіце». У чым цымус мінскага фермерскага рынку «Усё сваё»?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
10
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
18
0
Чаркашкварка/адказаць/
30.04.2023
Трэба аплочваць вайну развязаную злачынцамi пуцiным i лукашэнкам.
1
даведка/адказаць/
30.04.2023
После запрета на рост цен полгода назад повезло купить в фирменном магазине сразу целый килограмм горького шоколада «Коммунарка» 90% по очень уж дивной цене 1,41 руб. за 85 грамм.
2
вообще-то не шкварка, а скварка. учите мат часть/адказаць/
01.05.2023
Чаркашкварка, развязаную не без дапамогі невероятных. на жаль
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930