Знайсці
27.04.2024 / 10:4739РусŁacБел

Памятаеце беларускую афіцыянтку, якая стала жонкай шэйха з Дубая? Вось як склалася жыццё герояў гэтай казкі

Беларуская дзяўчына раптоўна сустрэла прынца: у 2007 годзе гісторыя Наталлі Аліевай была, здаецца, ва ўсіх сусветных СМІ. Людзі захапляліся лёсам Папялушкі з гатэля «Мінск», якая стала жонкай мільянера і паляцела з ім у Дубай. Але што вядома цяпер пра герояў гэтай казкі?

Нельга сказаць, што жыццё песціла Наталлю — простую дзяўчыну са Смалявічаў. Тады, у 2007 годзе, кожны ранак 19-гадовая дзяўчына садзілася ў маршрутку і ехала ў сталіцу на заняткі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. У вольны час гуляла ў валейбол. А каб не сядзець на шыі ў бацькоў, пачала працаваць афіцыянткай у рэстаране гатэля «Мінск».

Калегі Наталлі апісвалі яе як звычайную дзяўчыну, якая любіць міні-спаднічкі, джынсы і начныя клубы.

Учорашняя школьніца стала жонкай мільярдэра з Дубая. Калаж з сайта eva.vn

Але знянацку ў Мінск прыехаў шэйх Саід бін Мактум аль-Мактум, дзядзька якога ў той момант быў эмірам Дубая. Прынц тады быў маладым прыгожым спартоўцам. Трыццацігадовы мужчына з мільярдамі на рахунках у банку займаўся стэндавай стральбой і нават прадстаўляў ААЭ на Алімпійскіх гульнях. У беларускую сталіцу ён прыехаў, каб паўдзельнічаць у чарговых спаборніцтвах, і пасяліўся ў гатэлі «Мінск».

Шэйх Саід бін Мактум аль-Мактум. Фота з сайту thevoicemag.ru

І вось у адзін звычайны дзень шэйх захацеў піць і папрасіў прынесці ў нумар шклянку соку. Да дарагога госця адправілі Наталлю. А разам з ёй, мабыць, у нумар заляцеў Купідон і працяў стралой сэрца вопытнага стрэлка. Бо як інакш растлумачыць, што дубайскі спартовец-мільярдэр стаў з парога прызнавацца ў каханні беларускай студэнтцы?

Дзяўчына нават не вельмі разумела, што адбываецца, бо дрэнна ведала ангельскую. Пасля гэтай сустрэчы шэйх стаў рэгулярна рабіць замовы ў нумар — то садавіну, то яшчэ штосьці. І мабыць, пагаварыў з кіраўніцтвам гатэля, бо да яго заўсёды адпраўлялі менавіта Наталлю. Ён спрабаваў разгаварыць сціплую афіцыянтку, усміхаўся, жартаваў… Запрасіў дзяўчыну на трэніроўку, потым на вячэру, а далей яны доўга гулялі па горадзе.

Саід на Алімпійскіх гульнях. Фота з яго фэйсбуку

Галіна, сястра Наталлі, пазней расказвала ў інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе»:

— Саід — вельмі рашучы мужчына. Ужо праз пару дзён спытаў у Наташы, ці не хоча яна прыняць мусульманства. А назаўтра зрабіў ёй прапанову.

Шэйх нават паехаў у Смалявічы, каб пагаварыць з бацькамі каханай. Паспрабуйце зараз уявіць паніку простай беларускай сям'і, якая пачула навіну, што да іх едзе прадстаўнік кіруючай дынастыі Дубая. Мама дзяўчыны — звычайная медсястра — цэлы дзень гатавала на кухні пачастункі.

Саід быў з цэлай дэлегацыяй — суправаджала яго каля 20 чалавек, у ліку якіх быў перакладчык і нават кухар (напэўна, ён нічога не ведаў пра беларускія традыцыі і гасціннасць). Як і належыць жаніху, ён казаў кампліменты бацькам і нахвальваў пачастункі. Потым заявіў, што хоча ажаніцца з Наталляй.

Наталля Аліева. Фота з базы BelPol

Сайт oko.by пісаў, што маці Наталлі Лілія сватаўство сустрэла слязамі і толькі ўвесь час паўтарала: «Чужая краіна, чужыя людзі, палігамія!». Але сябры і сястра Наталлі ўгаварылі маці, што так будзе лепш для дзяўчыны, пасля чаго прынц прыехаў яшчэ раз.

Сябрам і суседзям Лілія расказвала, што прынц здаўся ёй «сумленным, разумным, тактоўным маладым чалавекам з цудоўнай адукацыяй». Паводле яе слоў, багацце Саіда не мае значэнне, маўляў, яна не такі чалавек, «каб мяняць сваю дачку на нейкія багацці». «Я не веру, што Наташы важна, што ён забяспечаны чалавек. Яна пакахала яго як асобу, я ў гэтым упэўнена. Я бачу, што мая дзяўчынка шчаслівая. І мой зяць таксама. А гэта для мяне самае галоўнае», — прыводзіў словы маці Наташы сайт oko.by.

Наталля Аліева. Фота з сайта oko.by

Быў, канечне, адзін нюанс. Саід быў жанаты і меў ажно пяць дзяцей (чатыры сыны і дачка). Але яго гэта не бянтэжыла — рэлігія ж і законы роднай краіны дазваляюць. Таму з чыстым сумленнем ён прапаноўваў беларусцы ролю другой жонкі. Наталля адказала: «Так!»

Сціплае сямейнае вяселле правялі ў Мінску — шэйх вельмі не хацеў, каб навіна пра яго шлюб патрапіла ў СМІ хаця б да вяртання ў ААЭ. Перад вяселлем Наталля прыняла іслам і змяніла імя на Аіша. У хуткім часе муж і жонка паляцелі спачатку на Кіпр (туды ж спецыяльна прыляцела першая жонка Саіда, каб пазнаёміцца), а потым у Дубай.

Здаецца, у Беларусі рашэнне Наталлі выйсці замуж за шэйха не ўхвалілі толькі ў ВНУ, якую дзяўчына кінула. Выкладчыца Наталлі ва ўніверсітэце фізкультуры Кацярына Лычкіна выказала занепакоенасць лёсам дзяўчыны. Яна таксама адзначыла, што дзяўчына дрэнна вучылася. Намеснік дэкана факультэта Аляксей Гататулін быў яшчэ больш катэгарычным і асудзіў рашэнне былой студэнткі: «Мяркуйце самі, што лепш: кінуць звыклае жыццё, рэлігію, пакінуць бацькоў, каб жыць у раскошы ў чужой краіне ці застацца ў роднай краіне, працаваць з дзецьмі і жыць са сваёй сям'ёй?»

Кажуць, на радзіме Саіда яго вяселле стала сапраўднай сенсацыяй. Яно і не дзіўна: студэнтка-афіцыянтка з горада, пра які нават ніхто ніколі не чуў у краіне, параднілася з кіруючай дынастыяй.

У новай краіне Наталля пачала вучыць англійскую і арабскую — муж наймаў для яе найлепшых рэпетытараў.

Саід бін Мактум аль-Мактум. Фота з яго фэйсбука

Пасялілася дзяўчына ва ўласным доме ў элітным раёне Джумейра, дзе знаходзяцца дамы высокапастаўленых асоб. Яна атрымала асабістага кіроўцу і ахоўнікаў.

Увосень 2007 года бацькі лёталі наведаць дачку. Іх уражанні апісвала «Камсамольская праўда».

— Я першы раз у жыцці бачыў такую прыгажосць — палац цэлы, — радаваўся бацька Наталлі-Аішы Муслім Аліеў. — У Наташы дзве служанкі, кухар, садоўнікі. У двары паўліны ходзяць, у вальеры — казулі. Гепард маленькі ў доме. Яна з ім, як з катом, песціцца! Цяпер яшчэ просіць мужа пантэру завесці.

Наталля Аліева. Фота з базы BelPol

Бацька ўдакладніў, што ў раскошным асабняку яго дачка жыве адна. У ААЭ прынята, што заможны мужчына дорыць кожнай жонцы асобны дом, а сам жыве ў сваім. Дарэчы, да сябе цесця Саід таксама запрасіў:

— Ён запрасіў мяне ў свой ігл-хаўс, так званы арліны дом: у ім усюды арлы-прыгажуны жывыя. Там толькі мужчыны збіраюцца. Пытанні свае вырашаюць, у шахматы гуляюць, у більярд… Ёсць у яго спецыяльныя ўладанні, дзе праходзяць стрэльбішчы, — там таксама быў. Бачыў кнігу, багата ўпрыгожаную, пра сям'ю Саіда. А фатаграфіі яго бацькі па ўсім горадзе вісяць.

Тата прызнаўся, што маладыя прапаноўвалі яму з жонкай пераехаць у Дубай, але бацькі вырашылі, што ім больш падабаецца звыклае жыццё ў Смалявічах.

Расказаў тады ж Муслім Аліеў і пра адносіны дачкі з першай жонкай. Маўляў, тая прыняла новая каханне мужа спакойна. Бо калі закон у краіне дазваляе мець некалькі жонак, то чаму ж здзіўляцца ці абурацца? Дом Сухемы — першай жонкі — знаходзіўся нават не побач з домам беларускі. Па словах бацькі, у Наталлі былі добрыя адносіны і са сваёй папярэдніцай, і з яе дзецьмі.

Жонкі нават абменьваліся адна з адной падарункамі, разам пяклі тарты і арганізоўвалі сумесныя сямейныя святы, на якія збіралася да 100 гасцей.

Наталля (Аіша) і Саід. Фота з сайту eva.vn

У тым жа 2007 годзе ў Дубай у адпачынак паехала і журналістка «Камсамольскай праўды». Яна прапанавала Наталлі сустрэцца — і тая пагадзілася. Вось як апісвалі жонку шэйха: «Тоненькая, вытанчаная. Чорная абая (доўгая арабская сукенка з рукавамі) толькі падкрэслівае яе далікатнасць». На пытанне, ці не спякотна ў такім строі, жанчына адказала:

— Ты што! Абаі робяць з вельмі добрай тканіны. Каштуюць яны больш, чым пярсцёнак з дыяментам. Гэта толькі здаецца, што яе насіць у спякоту невыносна. Вельмі камфортна апранаць абаю і на сукенку, і на джынсы. Хустка, якая хавае твар цалкам, у мяне таксама ёсць. Але Саід не патрабуе, каб я яе надзявала.

Здаецца, Наталля была ў эйфарыі ад удалага шлюбу.

— Саід часта ездзіць на спаборніцтвы па ўсім свеце, — распавядала беларуска. — Часам патэлефануе мне: «Я вельмі засумаваў, прылятай…»

Яна прызнавалася ў каханні да свайго мужа.

Наталля Аліева. Фота з сайту syl.ru

У верасні 2008 года Наталля нарадзіла дачку. Пра нараджэнне дзіцяці СМІ паведаміла бабуля Наталлі Ядвіга:

— Саід вельмі шчаслівы. Ручкі-ножкі дзіцяці цалуе.

Дзяўчынку назвалі Алія, у гонар бабулі з боку таты. Шчаслівы Саід падарыў жонцы дарагую машыну (трэцюю ў яе асабістым аўтапарку) і пярсцёнак з дыяментам.

Англамоўныя СМІ пісалі, што Наталля не забылася сваіх родных і дапамагала ім грашыма, купіла ім дом і машыну.

Але потым сталі з’яўляцца навіны пра канфлікты ў пары. Казалі пра тое, што беларуска, якая ўсё ж расла ў еўрапейскай краіне, не змагла стаць пакорлівай мусульманскай жонкай. Па чутках, ёй вельмі не падабалася тое, што яна не магла прымаць абсалютна ніякіх рашэнняў у сваім жыцці. Даходзіла да абсурду: Наталля хацела машыну чорнага колеру, а муж купляў ёй белую, бо лічыў, што ў чорнай жонцы будзе надта горача.

Пару ўсё радзей бачылі разам. Мабыць, найбольш складаным для беларускі стаў 2015 год. Тады Саід паехаў у Азербайджан на спаборніцтвы па стральбе і вярнуўся адтуль з трэцяй жонкай. Ёй стала былая гімнастка Зейнаб Джавадлы. У 1999-2012 гадах яна выступала ў складзе зборнай Азербайджана па мастацкай гімнастыцы. Аднак праз траўму дзяўчыне прыйшлося завяршыць кар'еру ў вялікім спорце і стаць трэнеркай. У 2013 годзе яна адкрыла ўласную школу гімнастыкі.

Саід разам з Зейнаб у 2015 годзе. Фота з яго фэйсбуку

Пікантнасці сітуацыі дадае той факт, што знешне Наталля і Зейнаб вельмі падобныя. Кажуць, што пасля гэтага шлюбу адносіны паміж Наталляй і Саідам канчаткова сапсаваліся. Ужо ў наступным годзе Зейнаб нарадзіла дачку, якую назвалі Санай. Потым з'явіліся яшчэ дзве дзяўчынкі — Асія і Салама.

Можа, калі ты ўсё жыццё жывеш з думкай пра тое, што ў твайго мужа можа быць некалькі жонак, такія навіны ўспрымаюцца лягчэй. Але наўрад ці дзяўчыне, якая вырасла ў Беларусі, было проста ўспрыняць той факт, што ў мужа з'яўляюцца дзеці ў новым шлюбе…

Лёс Зейнаб нельга назваць шчаслівым. У 2019 годзе яна развялася з Саідам і хацела разам са сваімі бацькамі (яны жылі з ёй у Дубаі) і дочкамі вярнуцца на радзіму, алё ёй не дазволілі гэта зрабіць.

Зейнаб Джавадлы. Скрыншот відэа BBC

У 2020 годзе жанчына апублікавала эмацыйнае відэа: яна плакала і прасіла дапамогі. Зейнаб сцвярджала, што пасля разводу яна стала ахвярай фізічнага і эмацыйнага гвалту з боку былога мужа. На відэа таксама дэманстравалася, як нейкія людзі зводзяць з дому бацькоў былой гімнасткі, і чуваць, як нехта з дзяцей кажа: «Вы не можаце нас забраць».

У 2022 годзе BBC паведамляла, што адвакаты Зейнаб падалі запыт у Раду ААН па правах чалавека. Яны хацелі, каб Рада ўмяшалася ў справы ўладаў ААЭ, каб гарантаваць бяспеку Зейнаб Джавадлы і яе дзецям. У запыце сцвярджалася, што жанчына сутыкнулася з гвалтам, пераследам і запалохваннем з боку ўладаў падчас жорсткай бітвы за апеку з шэйхам Саідам бін Мактумам бін Рашыдам Аль Мактумам.

Зейнаб са сваімі дочкамі. Фота з яе твітара

Чым скончылася гэта гісторыя, не паведамлялася. Зейнаб выдаліла сваю старонку ў інстаграме і не публікуе новых допісаў у твітары з 2022 года.

Што цяпер з беларускай жонкай шэйха, таксама дакладна невядома. У СМІ з'яўлялася інфармацыя, што яна, як і раней, жыве ва ўласным палацы на поўным утрыманні, але з мужам не бачыцца.

Наталля з дачкой. Фота з сайту eva.vn

Чытайце таксама:

«Апакаліпсіс. Такая прыгажосць»: Ганна Шаркунова падзялілася ўражаннямі ад буры ў Дубаі

«За восем дзён аддалі 1220 даляраў на дваіх». Як беларускі па гарачай пуцёўцы адпачылі ў Эміратах

«Колькі я змагалася са сваімі страхамі, каб у выніку быць тут». Што вядома пра дзяўчыну, якая паляцела ў Дубай з урадавай дэлегацыяй

«Пляжы пустыя, вада — як у цёплай ванне». Як беларусы сёлета без пуцёўкі адпачылі ў Эміратах

Ганна Стафановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
45
Панылы сорам
85
Ха-ха
29
Ого
40
Сумна
76
Абуральна
99
0
гердзень /адказаць/
28.04.2024
Kate , шчыра кажучы таксама даўно рашыў, што мая жонка ня будзе і ня ёсьць беларуска. хоць цяпер на галаве ніхто не сядзіць і спакойна) хоць да эскімосаў бяжыце
1
New world order /адказаць/
28.04.2024
Сначала подумал, что Наташа, а потом оказалось, что Наташей была ее мать.
4
Максим Дизайнер/адказаць/
28.04.2024
Все у девчюли чики-пуки. Ноги выросли, красивая мордашка - тоже. Остальное - не важно. Глаунае, какая красивая. Детки красивыя будуць. Но это не точно. Все, как в мире памяркоуных. Которые вчера с телеги слезли и из-под лавы выползли. Хотя нет. Под лавой еще сидят.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031