Знайсці
28.11.2017 / 19:198РусŁacБел

Дажджавых чарвякоў упершыню запусцілі ў марсіянскі грунт, і вынік аказаўся нечаканым

Даследчыкі з Нідэрландаў вырашылі праверыць, як будуць паводзіць сябе чарвякі ў марсіянскім грунце. Мэтай было зразумець, як на Чырвонай планеце будуць развівацца замкнёныя экасістэмы.

Цягам эксперыменту каманда змясціла двух дарослых дажджавых чарвякоў у сімулятар марсіянскага грунту, які быў створаны экспертамі НАСА. «Глебу» ўгнаілі натуральнымі адходамі і пасеялі насенне, а пасля з'яўлення першых усходаў у адзін з узораў запусцілі чарвякоў.

Выявілася, што рукала цудоўна расце ва ўгноеным грунце з чарвякамі, а вось ва ўзорах без чарвякоў рост адбываўся значна больш павольна.

«Відавочна, што ўгнаенне стымулявала рост, і мы бачылі, што чарвякі былі актыўнымі. Аднак найбольшы сюрпрыз нас чакаў у канцы эксперыменту: мы выявілі двух маладых чарвякоў у імітацыі грунта Марса», — распавядае аўтар даследавання Вігер Вэймлінк з Вагінінгенскага ўніверсітэта.

Паводле яго словаў, таго, што чарвякі так хутка прывыкнуць да марсіянскай «глебы», ды яшчэ і пачнуць множыцца, даследчыкі не чакалі.

Аўтары тлумачаць: чарвякі вельмі важныя для росту раслін не толькі на Зямлі, але і на Марсе, і на Месяцы. Яны вельмі эфектыўна перапрацоўваюць змярцвелыя рэшткі раслін, а іхныя выдзяленні пасля пераварвання такой ежы ўтрымліваюць арганічныя злучэнні. Калі гэтая арганіка трапляе у глебу, за справу бяруцца бактэрыі, якія выдзяляюць пажыўныя рэчывы: азот, фосфар, калій. А іх, у сваю чаргу, выкарыстоўваюць для росту маладыя расліны.

Акрамя таго, «норы» чарвякоў спрыяюць насычэнню глебы кіслародам, а таксама паляпшаюць структуру глебы, робячы паліў больш эфектыўным. 

Пакуль што ў спісе прыдатных для росту на Марсе раслін знаходзіцца дванаццаць найменняў. Сярод іх — спаржавая фасоля, гарох, радыска, таматы, бульба, рукала і морква. 

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031