У Беларусі з’явіўся новы тэлеканал — «Светлае ТБ»
Тэлеканал раней працаваў толькі ў Барысаве, а цяпер выходзіць на агульнанацыянальны ўзровень, з'яўляючыся ў пакетах вяшчання кабельных аператараў.
Аўдыторыя — 0+, для самых маленькіх гледачоў ёсць спецыяльныя рубрыкі.
Каля 60% кантэнту тэлеканал вырабляе сам. Частка праграм уласныя, іншыя адаптаваныя.
Канал пазіцыянуе сябе як адукацыйны і культурна-асветніцкі. Хіба найбольш адметны праект — праграмы «Зрабі сам», дзе гледачам падказваюць, як гатаваць стравы, рабіць цікавыя падарункі, пачаць маляваць, навесці ідэальны парадак, разабрацца ў камп'ютары, знайсці новае прымяненне старым рэчам і іншае. «Зрабі сам» выходзіць чатыры разы цягам дня.
Сярод іншых праектаў — «Беларусь самабытная», дзе па-беларуску распавядаюць пра адроджаныя нацыянальныя традыцыі, абрады і святы, знаёмяць з беларускімі народнымі песнямі.
Таксама ў праграме перадач будуць расповяды пра розныя гарады і краіны, парады дактароў, рэцэпты карысных страў і напояў, размовы з псіхолагам, гутаркі са святаром і іншае.
Канал мае сурдапераклад.
Заснавальнік тэлеканала — ТАА «Светлае тэлебачанне». Дырэктар і адначасова галоўны рэдактар канала — Сяргей Білецкі.