Чатыры баявыя самалёты здзейснілі пасадку на трасу М4
Два вучэбна-баявыя Як-130 і два знішчальнікі МіГ-29 увечары 18 мая здзейснілі пасадку на аэрадромны ўчастак дарогі (АУД) М-4 Мінск — Магілёў паміж Чэрвенем і Беразіно.
Каля 23 гадзін, калі ўжо будзе зусім цёмна, чакаецца пасадка на АУД штурмавіка Су-25.
Пасля дазапраўкі і падвескі ўзбраення самалёты паляцяць з часовага аэрадрома на палігоны для баявога прымянення.
Пасадка ажыццяўляецца ў рамках лётна-тактычных вучэнняў ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі.
На вучэннях адпрацоўваецца шэраг вучэбна-баявых задач, у тым ліку пасадка на аэрадромны ўчастак аўтамабільнай дарогі, дзеянні знішчальнай авіяцыі з іншымі родамі авіяцыі па знішчэнні паветраных цэляў, патруляванне паветранай прасторы паблізу дзяржаўнай мяжы. Акрамя таго, экіпажы выканаюць бомбакіданне на адным з авіяцыйных палігонаў краіны.
Асаблівасць вучэнняў складаецца ў тым, што ўпершыню пасадка на аэрадромны ўчастак аўтамабільнай дарогі выконваецца ў цёмны час сутак.
На асабісты склад падраздзяленняў войскаў сувязі ўпершыню ўскладзены задачы па абсталяванні АУД святлотэхнічнымі сродкамі аналагічна стацыянарнаму аэрадрому, на падраздзяленні радыётэхнічных войскаў — радыёлакацыйны кантроль палётаў авіяцыі па зададзеных маршрутах, выдача радыёлакацыйнай інфармацыі на пункты баявога кіравання авіяцыі.
Авіяцыйнае прыкрыццё аэрадромнага ўчастка аўтамабільнай дарогі ажыццяўляюць верталёты Мі-24 са складу 50-й змяшанай авіяцыйнай базы, а на прылеглай да аэрадромнага ўчастку аўтамабільнай дарогі тэрыторыі размешчаны падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл.
У ВПС і войсках СПА пытанні выкарыстання ўчасткаў аўтамабільных дарог у якасці запасных аэрадромаў пачалі сур'ёзна адпрацоўвацца з 2007 года.