Знайсці
25.11.2023 / 10:01РусŁacБел

Сёння будзе ўручаная Прэмія Гедройця. Вось якія кнігі за яе змагаюцца

Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца з 2012 года. Сёлета лаўрэат будзе названы 25 лістапада.

Сярод лаўрэатаў мінулых сезонаў — Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамог журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая».

Сёння ў Гданьску ў славутым Двары Артуса (Dwór Artusa, Długi Targ 43-44) а 19:00 будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця.

Журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы і выдадзеныя ў 2022 годзе. Усе трое пераможцаў атрымаюць узнагароды.

На цырымоніі ўзнагароджання выступіць гурт «Relikt», які спалучае ў сваёй творчасці сучасныя музычныя плыні з глыбінным беларускім фальклорам.

Таксама 25 лістапада ў Гданьскай філіі (Filia Gdańska, Mariacka 42) перад узнагароджаннем можна будзе наведаць дзве літаратурныя сустрэчы.

14:00прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі» пра палітзняволенага праваабаронцу, нобелеўскага лаўрэата. Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі — і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў гэтага руху. Чытач зможа пабачыць Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць. Кнігу прадставіць адна з аўтарак праекта — Таццяна Нядбай.

16.00 — сустрэча з журналісткай, пісьменніцай і рэдактаркай, аўтаркай кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Святланай Курс, якая піша пад псеўданімам Евы Вежнавец. Святлана атрымала прэмію Ежы Гедройця ў 2021 годзе за кнігу «Па што ідзеш, воўча?». 

На ўсіх імпрэзах можна будзе набыць беларускія кнігі!

Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання — Беларускі ПЭН, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Шчыра дзякуем за дапамогу ў арганізацыі цырымоніі: Музею Гданьска, Ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы імя Джозефа Конрада Кажанёўскага, Таварыству беларусаў на Памор’і, Установе культуры мясцовага самакіравання Паморскага ваяводства, Фонду міжнароднай салідарнасці.

Уваход на імпрэзы вольны з абавязковай папярэдняй рэгістрацыяй на сайце Беларускага культурнага таварыства «Хатка» праз спасылку ІМПРЭЗЫ | Chatka (btkchatka.org).

Сёлета працы ўдзельнікаў ацэньваюць шасцёра літаратурных экспертаў:

Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры, аўтар дзесяці кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей. Перакладае паэзію з французскай, англійскай, польскай, украінскай моваў.

Катажына Дрозд-Урбаньска — кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Даследуе гісторыю беларускай літаратуры, сучасную беларускую літаратуру, культуразнаўства.

Ціхан Чарнякевіч — літаратар, крытык, галоўны рэдактар сайта bellit.info. Працаваў у газеце «ЛіМ», часопісе «Маладосць», у ліквідаваных Беларускім ПЭН-цэнтры і Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кнігі «Вандроўнік» (2016).

Ева Вежнавец (Святлана Курс) — пісьменніца, лаўрэатка прэміі імя Ежы Гедройця 2020 года за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».

Сяргей Кавалёў — літаратуразнаўца, крытык, драматург. Прафесар, доктар габілітаваны, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.

У шасцёрку наймацнейшых удзельнікаў XII сезона літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця ўвайшлі:

1. Алег Дашкевіч з кнігай «З вышыні птушынага палёту» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)

Алег Дашкевіч прайшоў цікавы шлях ад трэнера па боксе да аўтара, чыя кніга трапіла ў сёлетні кароткі спіс прэміі імя Ежы Гедройця. Матэрыял для кнігі збіраўся на працягу дваццаці гадоў! «З вышыні птушынага палёту» — першая кніга аўтара. У ёй сабраныя творы, што друкаваліся на працягу больш як дваццаці гадоў у розных перыядычных выданнях. Гэта апавяданні, створаныя ў розных жанрах, але аб’яднаныя адной атмасферай. Містыка ў іх суседнічае з рэальнасцю, унутраныя адчуванні — з вонкавым дзеяннем. Праўдзівыя рэпартажы з нашага жыцця ў такім вірлівым, складаным і рознакаляровым часе.

2. Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт» (Мінск: выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з Р. Цымбераў, 2022)

Сяргей Лескець — фатограф, гісторык, этнограф. У творчасці надае перавагу тэмам традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцяў, паўсядзённага жыцця. Збірае архіў аматарскай фатаграфіі. Дзевяць гадоў таму ён пачаў вялікае падарожжа ў свет беларускай вясковай магіі. Вандруючы ад вёскі да вёскі, Сяргей Лескець шукаў чараўніц, знахарак і траўніц. 

У кнізе «Шэпт» чытач зможа адчуць смак падарожжа і пабачыць амаль зніклы свет традыцыі. Жыццёвыя споведзі, лекавыя практыкі і ўсе дыялогі перададзеныя на гаворках, якімі знахаркі карыстаюцца ў жыцці.

3. Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022)

Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Свярубская) нарадзілася ў Кутлоўцы на Падляшшы. З 1993 працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і англійскую мовы.

«Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі… Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў», — напісаў пра кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» Уладзімір Арлоў.

4. Сцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя» (Мінск: Янушкевіч, 2022)

Сцяпан Стурэйка нарадзіўся і вырас у Гродне. Гісторык і культурны антраполаг, доктар гуманітарных навук, дацэнт ЕГУ. З 2007 года актыўна публікуе даследаванні, прысвечаныя пытанням гісторыі і культурнай спадчыны. «Пасажыры карабля Тэсэя» — першая мастацкая кніга аўтара. 

«Усе творы, змешчаныя ў кнізе, складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў — мы губім тое, што любім. Усё апісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях», — кажа пісьменнік пра сваю кнігу.

5. Іна Снарская з кнігай «Зачараваны скарб» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)

Іна Снарская ў сваёй кнізе пераносіць нас у вёску на Полаччыне. Як кажа сама аўтарка, кожную гісторыю яна пісала сэрцам. Яна нарадзілася ў Полацку, а цяпер жыве ў Палтаве. Сябра Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (ранейшы СБП), Нацыянальнага таварыства пісьменнікаў Украіны.

«Зачараваны скарб» — аповесць, якая складаецца з кароткіх аповедаў. «Галоўная гераіня — маленькая дзяўчынка, якой была я сама, а цяпер, хоць і вырасла, у душы ёю застаюся. І гэтая дарослая «я» таксама апавядае, знаходзіцца нібы за кадрам. Месца дзеі — вёскі Сястронкі, Варонічы Полацкага раёна, горад Полацк, час дашкольнага маленства», — расказвае Іна Снарская пра сваю кнігу.

6. Макс Шчур з кнігай «Там, дзе нас няма» (Логвінаў, 2022)

Кніга «Там, дзе нас няма» — добры прыклад таго, як літаратура набывае сваю вагу і пераасэнсоўваецца цягам часу. Макс Шчур — паэт, перакладчык, празаік і эсэіст. Нарадзіўся ў Брэсце. «Я пісаў раман пра сваю мінскую маладосць гадоў шэсць запар у 1999—2004-м, ужо ў эміграцыі. Даслаў рукапіс на прэмію Юхнаўца, выйграў — пасля чаго пра кнігу, аўтара і саму прэмію тут жа забылі. Аднак 2020 год нечакана зрабіў мой раман ізноў актуальным, а 2022 год канчаткова прымусіў мяне яго адрэдагаваць і ўрэшце — амаль праз 20 гадоў — апублікаваць». 

Аўтар ужо атрымліваў прэмію імя Ежы Гедройця — у 2016 годзе за раман «Завяршыць гештальт».

Чытайце таксама:

Святлана Курс: Пакуль леў ці конь жывыя, іх будуць лупіць з усіх бакоў

Лепей нічога не рабі для Беларусі, чым зробленае вымучанае — Святлана Курс

Беларуская мастачка піша карціны па вядомых кнігах. Ёсць твор і на аповесць «Па што ідзеш, воўча?»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031