Албанія, Чарнагорыя і Паўночная Македонія афіцыйна падтрымалі заяўку Украіны ў Еўрасаюз
Лідары Украіны, Албаніі, Чарнагорыі і Паўночнай Македоніі прынялі сумесную заяву аб падтрымцы надання Украіне статуса кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз. Пра гэта расказаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з прэм'ерамі трох краін, паведамляе «Еўрапейская праўда». Гэтыя дзяржавы — не члены ЕС, але тое, што яны першыя ў чарзе на ўступленне, часта прыводзяць як аргумент, чаму трэба не спяшацца з прыёмам Украіны.
Прэм'ер Албаніі Эдзі Рама і прэм'ер Чарнагорыі Дрытан Абазавіч падчас візіту ва Украіну наведалі Бучу
Прэм'еры Албаніі і Чарнагорыі прыбылі ў Кіеў з візітам, а кіраўнік урада Паўночнай Македоніі ўдзельнічаў у сустрэчы віртуальна, таму што не змог прыбыць з-за накладкі з графікам.
«Я ўдзячны спадару Раме, удзячны спадару Абазавічу, спадару Ковачэўскаму за прыняцце сёння па выніках нашых перамоваў сумеснай заявы аб падтрымцы надання Украіне статуса кандыдата на сяброўства ў Еўрапейскім саюзе», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
«Нашы дзяржавы павінны стаць паўнапраўнымі членамі Еўрапейскага саюза і мы згаджаемся з тым, што нашы дзяржавы не з'яўляюцца канкурэнтамі на гэтым еўрапейскім шляху, а толькі дапаўняюць, узмацняюць магчымасці адзін аднаго», — дадаў Уладзімір Зяленскі.