Знайсці
13.06.2022 / 11:54РусŁacБел

У Беларусі знайшлі бракаваную, але сапраўдную 100-даляравую купюру. Для калекцыянераў гэта фурор

Судовыя эксперты праверылі незвычайную купюру наміналам 100 даляраў, у якой першапачаткова было вельмі шмат браку. Аказалася, што купюра сапраўдная. Верагодна, сярод калекцыянераў яна магла б зрабіць сапраўдны фурор, піша Onliner.by.

Першапачаткова сумневы ў сапраўднасці 100-даляравай купюры з'явіліся ў работніка сталічнага банка. Грашовы білет быў перададзены ў экспертна-крыміналістычны аддзел па Ленінскім раёне Дзяржкамітэта судовых экспертыз.

Высветлілася, што гэта сапраўдная купюра Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША серыі 1996 года, хоць і з вялікай колькасцю браку.

«Першапачаткова сумневы ў сапраўднасці былі выкліканыя неадпаведнасцю некаторых элементаў абароны грашовага білета, а менавіта іншым размяшчэннем вадзянога знака і ахоўнай ніткі, частковай адсутнасцю люмінесцэнцыі ахоўнай ніткі і наяўнасцю расцякання фарбы ў асобных малюнках», — гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе.

Як усталявалі эксперты, брак звязаны з нюансамі тэхналагічнага працэсу, якія былі дапушчаныя на вытворчасці.

Што будзе далей з гэтай купюрай?

Верагодна, яна вернецца ў той банк, які вырашыў праверыць грашовы білет на сапраўднасць, распавялі журналісту Onlíner у прэс-службе Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

— Калі купюра выклікае сумневы ў банкаўскага работніка, звычайна банк выклікае следча-аператыўную групу, якая прызначае экспертызу ў нашым камітэце. Мы праводзім тэхнічную экспертызу: выкарыстоўваючы мікраскоп, эксперт на сваім працоўным месцы параўноўвае сумнеўную купюру з эталоннымі ўзорамі і ўстанаўлівае яе сапраўднасць. Далей грашовы білет вяртаецца назад ініцыятару разам з заключэннем эксперта — апісвае працэдуру працы з такімі купюрамі спецыяліст Камітэта Ганна Барышнікава.

У Дзяржкамітэце адзначылі, што гэта досыць рэдкая сітуацыя, калі купюра мае столькі браку, але пры гэтым з'яўляецца сапраўднай.

За колькі такую купюру можна прадаць?

Мы пацікавіліся, што думае пра каштоўнасць гэтай купюры Сяргей, які паказваў чытачам сваю калекцыю банкнот з сотні краін.

— Гэтую купюру можна прадаць дорага, асабліва калі прыкласці дакумент ад судовых экспертаў, дзе пералічваюцца ўсе заганы. Думаю, яе кошт мінімум 1000 рублёў, прынамсі, танней я б не аддаваў. Многае, вядома, залежыць ад колькасці зацікаўленых у куплі людзей. Гэтая купюра павінна стварыць ажыятаж пры продажы, — перакананы калекцыянер.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
24
Панылы сорам
2
Ха-ха
6
Ого
26
Сумна
2
Абуральна
6
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930