Знайсці
04.09.2021 / 12:59РусŁacБел

У свеце з’яўляецца ўсё больш кліматычных кафэ. Што гэта такое?

Глабальнае пацяпленне — адна з тых тэм, на якую не ўсе гатовыя гаварыць. Тыя меры, якія варта прымаць і на асабістым, і на дзяржаўным узроўні ў сувязі з кліматычным крызісам, наўрад ці выглядаюць прыемнымі і простымі для разумення. Але што рабіць тым людзям, хто ўсё-такі хацеў бы падзяліцца з іншымі сваімі трывогамі наконт стану экалогіі?

Для гэтага прыдумалі кліматычныя кафэ — сустрэчы, дзе тэма клімату не толькі падтрымліваецца, але і ўвогуле з’яўляецца асноўнай. З цягам часу ўсё больш цяжка ігнараваць наступствы змен клімату, адпаведна, сярод людзей расце заклапочанасць наконт праблем экалогіі. Таму кліматычныя кафэ набіраюць папулярнасць у розных краінах свету, піша Guardian.

Не зусім ясна, хто першы стварыў ідэю кліматычных кафэ. Але, хутчэй за ўсё, яны пайшлі ад так званых кафэ смерці — сустрэч, якія пачалі арганізоўваць у Брытаніі. На такіх мерапрыемствах у спакойнай атмасферы і за кубкам гарбаты з печывам можна пагутарыць пра смяротнасць.

Арганізатары кліматычных кафэ падкрэсліваюць, што на такіх мерапрыемствах не будзе лекцый ці запрошаных спікераў, удзельнікаў сустрэч таксама не заклікаюць ні да якіх мер, звязаных з экалагічным ладам жыцця. Сэнс падобных сустрэч — магчымасць падзяліцца ўласнымі думкамі і адчуваннямі наконт глабальнага пацяплення. Таму кліматычныя кафэ падыходзяць і для тых, хто не гатовы, напрыклад, да сарціроўкі смецця ці адмовы ад шкодных для экалогіі звычак. Цяпер такія мерапрыемствы ладзяць у Брытаніі, Францыі, Нідэрландах, ЗША і іншых краінах.

Але для некага гутаркі на падобных сустрэчах сапраўды могуць стаць матывацыяй для пераходу на больш экалагічны лад жыцця. У такім выпадку арганізатары прапануюць пачаць з таго, каб больш гаварыць пра змены клімату — нават у чарзе да касы ў супермаркеце. Калі ёсць сілы на актыўныя дзеянні, можна пераходзіць на больш экалагічны транспарт накшталт веласіпеда, сарціраваць смецце і г. д.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера