Шведскі клуб «Мальмё» звінаваціў мінскае «Юнацтва» ў крадзяжы ручнікоў, чайніка і шампуня
Менеджар хакейнага клуба «Мальмё» Эндзі Фагерстром размясціў у сваім твітары фатаграфіі гасцявой пераапранальні пасля матчу Лігі чэмпіёнаў з «Юнацтвам». Па словах супрацоўніка шведскага клуба, ён выявіў знікненне ручнікоў, шампуня і чайніка, піша tut.by.
Det är kul att ha ryska lag på besök, rättare sagt vitryssar från Minsk, soprent i tejplådorna och rensat varje hörn i skafferiet.......... pic.twitter.com/pLC8kFVJmv
— Гэта дзіка. Дарэчы, у гатэлі яны таксама адзначыліся. Клуб павінен неяк адказаць за гэта. Крадзеж ніяк не суадносіцца ў мяне з узроўнем Лігі чэмпіёнаў, — сказаў у інтэрв'ю найбуйнейшай газеце Швецыі Aftonbladet дырэктар «Мальмё» Патрык Сільвегорд.
Спартовы дырэктар Лігі чэмпіёнаў Бо Ленартсан заявіў шведскаму выданню, што распачатае расследаванне інцыдэнту.
— Так, мы разбіраемся з гэтым. Не ведаю ўсіх дэталяў, але з таго, што мне вядома, усё вельмі сур'ёзна.
— Вы ўжо звязваліся з «Юнацтвам»?
— Так, наш офіс у Цугу кантактуе з імі.
— Гэта значыць Ліга сур'ёзна паставілася да эпізоду?
— Вядома! З дапамогай турніру мы ж спрабуем пабудаваць еўрапейскую хакейную супольнасць, сцерці межы паміж краінамі. Тое, што адбылося, — абсалютна недапушчальна.
Матч завяршыўся перамогай «Мальме» з лікам 4:1.