Знайсці
16.08.2016 / 20:1443РусŁacБел

Арыштаванае кіраўніцтва IBA Group, якая ўваходзіць у топ-3 IT-кампаній Беларусі

Праваахоўныя органы Беларусі зацікавіліся дзейнасцю кіраўніцтва буйной і адной з найстарэйшых IT-кампаній Беларусі — IBA Group. Як паведамілі TUT.BY некалькі крыніц, у поле зроку сілавікоў трапілі старшыня праўлення IBA Group, гендырэктар IBA Minsk Сяргей Ляўцееў і сябра праўлення, першы намеснік старшыні праўлення IBA Group, дырэктар па распрацоўцы ПЗ, гендырэктар IBA IT Park Сяргей Акуліч.

Фота Андрэя Давыдчыка, dev.by.

«Акуліч затрыманы ўжо тыдзень як», — сцвярджае суразмоўца. Паводле яго слоў, справай займаецца Следчы камітэт, прычына — ухіленне ад выплаты падаткаў.

Наконт Ляўцеева пакуль прыходзіць супярэчлівая інфармацыя, якая не дазваляе сцвярджаць, што ён знаходзіцца пад вартай.

«Сяргей Іванавіч [Акуліч] знаходзіцца на бальнічным. Сяргей Вадзімавіч [Ляўцееў] цяпер у адпачынку. Але перыядычна заходзіць у офіс. Нядаўна гуляў у тэніс», — сказалі ў прэс-службе IBA Group. Акуліч недаступны па мабільным тэлефоне. Ляўцееў не адказаў на званок.

Крыніцы, блізкія да кампаніі, запэўніваюць, што Ляўцееў і Акуліч «пайшлі ў адпачынак» амаль адначасова — 11 і 12 жніўня. Замест іх прызначылі тых, хто выконвае абавязкі кіраўнікоў.

Іншыя суразмоўцы не выключаюць, што ў сілавікоў цікавасць да ІТ-бізнэсменаў узнікла пасля затрымання выканаўчага дырэктара Беларусбанка Анатоля Багавіка і гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтра Генадзя Зубарава праз «абнаяўкі і адкаты».

IBA з'яўляецца вядучым распрацоўшчыкам, вытворцам і пастаўшчыком інфармацыйных тэхналогій. Сярод кліентаў кампаніі шмат дзяржструктур, буйных дзяржпрадпрыемстваў і банкаў. У прыватнасці, IBA на працягу многіх гадоў аказвае паслугі па сістэмна-тэхнічнай падтрымцы і рамонце абсталявання праграмна-тэхнічнага комплексу цэнтралізаванай аўтаматызаванай банкаўскай сістэмы ААТ «АСБ Беларусбанк». Кіраўніцтва кампаніі атрымала больш за пяць лістоў з падзякай за супрацоўніцтва за подпісам Анатоля Багавіка, сведчаць дадзеныя кампаніі.

Атрымаць каментар у прэс-службе КДБ і СК не ўдалося.

IBA Group — адзін з найбуйнейшых сістэмных інтэгратараў, распрацоўшчыкаў, вытворцаў і пастаўшчыкоў інфармацыйных тэхналогій у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Беларускі офіс холдынгу з'яўляецца ключавым для групы і ўваходзіць у топ-3 кампаній Парку высокіх тэхналогій па аб'ёме рэалізацыі, экспарту, пастаўшчыкоў ІТ-рашэнняў на беларускі рынак і па колькасці кампаній-рэзідэнтаў. У чэрвені IBA адкрыла навукова-вытворчы кластар на тэрыторыі ПВТ коштам каля 40 млн даляраў.

«Наша Ніва» атрымала ад сваіх крыніц пацвярджэнне, што інфармацыя пра арышт адпавядае рэчаіснасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031