Знайсці
15.11.2021 / 22:08РусŁacБел

Як міграцыйны крызіс у Беларусі блытае карты французскім палітыкам

Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы сутыкнуў ілбамі палітычныя сілы Францыі. Якія хібы палітычных сіл Францыі ён праявіў, разбіраецца Ле Монд.

Фота з Depositphotos.com

У панядзелак міністр замежных спраў Францыі на сустрэчы з калегамі з ЕС выказаў салідарнасць з Польшчай, Літвой і Латвіяй, і падтрымаў пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

Амбасадар Францыі ў Мінску не ўручыў даверчыя граматы Лукашэнку і вымушаны быў пакінуць Беларусь месяц таму.

Быццам бы стаўленне гэтай краіны да беларускага пытання адназначнае, але ёсць адна дэталь — Францыя не заявіла пра ключавую ролю Расіі ў развязванні міграцыйнага крызісу.

Крайне правым палітыкам Францыі мінская тэма зусім выбіла глебу з-пад ног. Яны прызвычаіліся ставіцца да Расіі паблажліва, але цяпер ім няма як апраўдаць галоўнага абаронцу Лукашэнкі Пуціна.

Марын Лё Пэн, лідэр ультра-правай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне», спадзяецца, што Пуцін усё ж умяшаецца і паўплывае на Лукашэнку — гэта было б на карысць і яму, і Францыі, кажа яна.

Але Пуцін не ўмешваецца і не ўплывае на ўсходне-еўрапейскага дэспата-суседа.

Усё, што ультра-правыя палітыкі цяпер могуць, дык гэта дакараць ЕС за санкцыі супраць Масквы: маўляў, Еўропа сама вінаватая, так пагоршыла адносіны з Пуціным, цяпер няма як заангажаваць Маскву ў вырашэнне праблемы ў рэгіёне.

Нядаўна імідж ультра-правых быў і зусім сапсаваўся: адзін з прадстаўнікоў партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Жульен Адуля, адказваючы на пытанне журналіста, ці варта пакінуць 2000 мігрантаў паміраць ад холаду, паўтарыў двойчы:

— Вядома, так.

Калі журналіст задаў тое самае пытанне трэці раз, палітык паправіў сябе:

— Не, не варта пакідаць іх паміраць ад холаду, іх варта пакідаць за межамі Еўропы.

Да яго слоў нават мусіла вярнуцца Марын Лё Пэн на наступны дзень, каб патлумачыць, што Жульен не добра пачуў пытанне.

«Гэта справа Галоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў — зрабіць так, каб тыя людзі не пакутавалі ні ад холаду, ні ад голаду», — патлумачыла спрадарыня Лё Пэн.

Яшчэ адзін прадстаўнік ультра-правай партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Андрэа Катарак пайшоў далей і прыраўняў аперацыю Лукашэнкі па праштурхоўванні мігрантаў на Захад з дзеяннямі арганізацыі SOS, якая дапамагае ратаваць бежанцаў, калі тыя тонуць у Міжземным моры — маўляў, і там і там пагроза стабільнасці ў Еўропе.

Такім чынам, у гэтай шматузроўневай трагедыі ультра-правыя палітыкі факусуюцца на тым, што мігранты ў Еўропе — гэта ў прынцыпе зло, і адценні кожнага асобнага кэйсу няважныя. А на сляды Расіі ў гэтым крызісе яны гатовыя заплюшчыць вочы — і не таму, што яна ім ідэалагіячна блізкая, а таму, што яны эгаістычна спадзяюцца на так званы «прывілегіяваны альянс» з Масквой.

Левыя ж палітыкі, якія па дэфініцыі на баку мігрантаў, у гэтай сітуацыі вінавацяць Лукашэнку і ЕС, і нікога больш. Бо паглядзець шырэй і пабачыць корань праблемы — інтарэсы Расіі — яны не гатовыя: левым палітыкам часта цяжка пераадолець сваю сляпую любоў да Расіі. Якая заўжды была ім дарагая проста таму, што супрацьстаяла бессардэчнаму Захаду. Так і цяпер, Еўропа ў вачах левых вінаватая таму, што крыўдзіла Расію санкцыямі, праз што цяпер Масква не дапамагае ў разрульванні бяды на мяжы. Лідэр левай партыі «Няскораная Францыя» Жан-Люк Меланшон кажа, што і цяпер «не верыць у агрэсіўнае стаўленне з боку Расіі».

На палітычнай раскладцы Францыі ёсць шмат іншых сіл і паўсіл. Але, відаць, адной з магутнейшых сіл Францыі апошніх гадоў можна назваць экалагістаў — партыя Зялёных стала трэцяй па колькасці прадстаўнікоў у Еўрапарламент ад Францыі ў 2019 годзе (паколькі французы востра адчулі кліматычныя змены на сабе).

Зялёныя ж выдатна бачаць руку Масквы ў міграцыйным крызісе. Янік Жадо, кандыдат ад партыі «Зялёныя — Еўрапейскі свабодны альянс», падкрэслівае, што сітуацыя на польска-беларускай мяжы абсалютна драматычная. Паводле лідара Зялёных, Еўропа не мусіць зважаць на шантаж Лукашэнкі, але ў той жа час абавязак Еўропы — выратаваць мігрантаў.

Зялёныя моцна крытыкуюць французскіх ультра-правых за тое, што тыя так лёгка паверылі Пуціну і граюць жыццямі людзей.

«Мы ўжо шмат год ведаем, што Пуцін хоча развалу Еўропы, ён не хоча магутнага ЕС, які мог бы абараняць дэмакратыю ля межаў Расіі», — дадае Жадо.

 

 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930