Знайсці
26.04.2024 / 09:475РусŁacБел

Пасля аварыі на ЧАЭС кіраўнікоў БССР хацелі судзіць, а абараняў іх Лукашэнка

Суды над экс-кіраўнікамі дзяржавы — нармальная з’ява для дэмакратычных краін. У Польшчы судзілі Войцеха Ярузэльскага, ва Украіне — Віктара Януковіча, у Літве выносілі паспяховы імпічмент Раландасу Паксасу. Але ў Беларусі такіх судоў ніколі не было (вынесем за дужкі працэсы 1930-х, бо гаворка тады ішла пра масавыя рэпрэсіі).

 Найбольш шансаў было ў двух працэсаў: няўдалага імпічменту Аляксандру Лукашэнку, а таксама спробы асудзіць кіраўнікоў БССР за іх дзеянні падчас Чарнобыльскай катастрофы. Менавіта пра апошнюю спробу «Люстэрка» згадвае ў гадавіну выбуху на ЧАЭС.

У гэтым тэксце аўтары грунтуюцца на кнізе «Слюнькоў.Палітычная біяграфія», якую напісаў кандыдат гістарычных навук Дзяніс Марціновіч. У даследаванні расказваецца пра дзейнасць Мікалая Слюнькова, які кіраваў БССР у 1983−1987 гадах. Глабальна гаворка ідзе пра ўсю эпоху васьмідзясятых гадоў. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС адбылася якраз тады, калі Слюнькоў узначальваў нашу краіну.

Мітынгі і патрабаванне суда

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС адбылася 26 красавіка 1986 года. Адной з галоўных праблем тады было ўтойванне маштабаў катастрофы ад насельніцтва — а 1 траўня ў многіх гарадах Беларусі і Украіны ўлады правялі традыцыйныя святочныя мітынгі.

Удзельнікі мітынгу 25 лютага 1990 года. Фота: vytoki.net

Але патрабаванні асудзіць кіраўнікоў БССР загучалі толькі праз чатыры гады. У момант катастрофы яшчэ не пачалася гарбачоўская «галоснасць», не існавала ніякіх адносна незалежных СМІ. А вось праз чатыры гады ў СССР ужо існаваў парламент, абраны на альтэрнатыўнай аснове, часопіс «Аганёк» і іншыя папулярныя выданні выходзілі мільённымі накладамі. Але — галоўнае — у паветры знік страх, таму на вуліцы віравалі тысячныя натоўпы.

Шматлікі натоўп атачыў будынак тэлебачання. У выніку лідару БНФ Зянону Пазняку далі 15 хвілін прамога эфіру. Па выніках прынялі зварот да грамадзян Беларусі, закраналася ў ім і пытанне аварыі на ЧАЭС. Удзельнікі мітынгу патрабавалі расследаваць у судзе дзейнасць трох чалавек: усё таго ж Мікалая Слюнькова, Георгія Таразевіча і Аляксандра Кондрусева. Апошні ў 1986 годзе быў намеснікам міністра аховы здароўя БССР. Таразевіч жа падчас аварыі займаў пасаду старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР — дэ-юрэ ён лічыўся кіраўніком рэспублікі (дэ-факта ўлада знаходзілася ў камуністычнай партыі ў асобе Слюнькова).

Як адзначае Марціновіч, на той момант усе тры чалавекі зрабілі добрую кар’еру і ўжо працавалі ў Маскве. Слюнькоў быў сакратаром ЦК КПСС, членам Палітбюро (вышэйшы партыйны орган СССР). Таразевіч узначальваў камісію па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных зносінах адной з палат савецкага парламента, неафіцыйна ён быў даверанай асобай савецкага генсека Міхаіла Гарбачова. Кондрусеў да таго часу стаў намеснікам міністра аховы здароўя СССР і галоўным дзяржаўным санітарным урачом Саюза.

Як піша даследчык, «гэта быў прамы выклік Маскве. Стала зразумела, што ігнараваць чарнобыльскае пытанне ўжо немагчыма».

Вясной таго самага 1990 года ў Беларусі прайшлі выбары ў парламент — Вярхоўны Савет 12-га склікання, які ўпершыню абіраўся на альтэрнатыўнай аснове (той самы, умовы выбрання ў які крытыкавалі ўдзельнікі мітынгу). У выніку невялікую частку месцаў у ім занялі прыхільнікі дэмакратыі, але большасць галасоў была ў камуністаў. У першы дзень працы новага парламента дэпутат Лявон Баршчэўскі агучыў прапанову ад БНФ: расследаваць пытанне, чаму інфармацыю пра катастрофу схавалі ад людзей.

Кіраўнік БССР Мікалай Слюнькоў (злева). Фота: Юрый Камягін, s.015.by

Чарнобыльскае пытанне было ва ўсіх на слыху. Калі б улады праігнаравалі прапанову, то гэта сведчыла б, што яны абыякавыя да праблемы. Таму з Баршчэўскім згадзіліся. У чэрвені 1990 года ў парламенце стварылі камісію, якая мусіла расследаваць дзеянні чыноўнікаў. Спачатку патрабавалася прыдумаць яе назву. Дэпутат Яўген Цумараў прапанаваў такі варыянт: «Камісія па палітычнай ацэнцы дзейнасці службовых асоб і палітычнага кіраўніцтва СССР і БССР, звязанай з утойваннем інфармацыі і непрыняццем мер бяспекі ў сувязі з катастрофай на ЧАЭС». Але для дэпутатаў-камуністаў гэта гучала радыкальна, таму спыніліся на больш нейтральным варыянце: «Часовая камісія Вярхоўнага Савета па ацэнцы дзейнасці службовых і іншых адказных асоб у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на ЧАЭС».

Потым трэба было выбраць старшыню камісіі. Спачатку на гэтую пасаду вылучылі дэпутата-касманаўта Уладзіміра Кавалёнка, але ён узяў самаадвод і прапанаваў даручыць праверку пракуратуры. У выніку камісію ачоліў дэпутат, доктар медыцынскіх навук Рыгор Вячэрскі, які ўзначальваў кафедру функцыянальнай дыягностыкі ў Інстытуце ўдасканалення дактароў. Акрамя яго, у камісію ўвайшлі яшчэ 24 чалавекі.

Візіт з Масквы і абарона з боку Лукашэнкі

У тыя самыя дні дэпутаты ад БНФ запатрабавалі, каб Міхаіл Гарбачоў, Мікалай Слюнькоў і Георгій Таразевіч прыехалі ў Мінск і зрабілі справаздачу пра свае дзеянні па ліквідацыі наступстваў аварыі.

Прэзідэнт СССР адмовіўся, спаслаўшыся на занятасць. Слюнькоў аргументаваў сваю адмову хваробай: якраз у гэты час ён перажыў інфаркт і праз месяц, у ліпені 1990 года, канчаткова сышоў на пенсію. З камісіяй ён адмовіўся кантактаваць нават па тэлефоне. Адзіным, хто згадзіўся прыехаць, стаў Георгій Таразевіч. Візіт адбыўся 27 чэрвеня 1990 года. Прадстаўнікі БНФ у літаральным сэнсе атакавалі яго.

Пасяджэнне Вярхоўнага Савета 12 склікання. Стаяць дэпутаты БНФ: Лявон Баршчэўскі (первы злева), Сяргей Навумчык (трэці злева). 1994−1995 гады. Фота: facebook.com/naszahistoryja

«Дэпутаты зладзілі Таразевічу сапраўдны разнос: «Чаму не адмянілі першамайскія святы?», «Ваша прозвішча праклінаюць у зоне!» і гэтак далей, — пісаў гісторык Аляксандр Кур’яновічу кнізе «Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце XII склікання». — [Дэпутат ад БНФ] Юрый Беленькі ўвогуле заклікаў да чарнобыльскага Нюрнберга. Фактычна адзіным, хто стаў на бок Таразевіча, быў [Аляксандр] Лукашэнка. Дэпутат успомніў стыль працы Таразевіча, калі той прыязджаў «без мігалак, ДАІ і іншай світы». І ўвогуле, падвёў рысу Лукашэнка, «мы ў васьмідзясятыя гады менш бурбалак пускалі, а больш рабілі»».

Па словах Кур’яновіча, на ўсе закіды Таразевіч адказваў спакойна і годна. Ён катэгарычна абверг сцвярджэнне, што нібыта ўцёк з Беларусі ў Маскву з-за Чарнобыля.

Для кнігі Марціновіч паразмаўляў з Сяргеем Навумчыкам, дэпутатам Вярхоўнага Савета, які ў 1990-м стаў сакратаром парламенцкай камісіі. «Да пераезду ў Маскву ў 1989­-м Таразевіч фактычна лічыўся другой асобай у рэспубліцы пасля першага сакратара, — казаў Навумчык. — Да таго ж, ён тады ўваходзіў у склад Бюро ЦК КПБ — фактычна найвышэйшага кіруючага органа. Таму пытанняў да яго было шмат. Але нашыя пытанні не былі абразай у бок Таразевіча. Мы, дэпутаты БНФ, сапраўды задавалі яму вострыя пытанні — якія мусілі задаць Слюнькову, калі б ён прыехаў. Але яго не было. За яго і за ўсё тагачаснае кіраўніцтва БССР давялося адказваць Таразевічу, і ў гэтым ён, безумоўна, праявіў мужнасць».

Кніга «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» Дзяніса Марціновіча. Фота: knihauka.com

Але, дадаў Навумчык, «рэальна 99% улады знаходзілася ў першага сакратара ЦК»: «Калі ўжо пакласці руку на сэрца, віна Таразевіча была толькі ў тым, што яму не хапіла смеласці супрацьстаяць Слюнькову. Той жадаў паказаць Маскве, што Беларусь паспяхова пераадольвае наступствы Чарнобыля. Адрозна, скажам, ад былога вайсковага лётчыка, сакратара ЦК па ідэалогіі Аляксандра Кузьміна, які ў першыя ж дні пасля Чарнобыля перадаў інфармацыю пра сапраўдны ўзровень радыёактыўнай забруджанасці пісьменніку Алесю Адамовічу, уступіў у канфлікт са Слюньковым і неўзабаве быў адпраўлены на пенсію».

Прызнанне віны — але толькі ў асабістай размове

Узнікае пытанне, чаму ў Мінск не прыехаў Слюнькоў. Як піша аўтар яго біяграфіі, партыйны чыноўнік «у глыбіні душы ўсё ж разумеў памылковасць сваіх дзеянняў». У кнізе згадваецца размова Слюнькова з Генадзем Бураўкіным — вядомым паэтам, які ў 1980-х узначальваў Дзяржтэлерадыё БССР.

Як адзначае Марціновіч, праз гады, калі «дырэктар ЦК» (такую мянушку меў Слюнькоў. — Заўв. рэд.) выйшаў на пенсію, Бураўкін сустрэўся з ім на юбілеі аднаго са службоўцаў: «Слюнькоў мне сказаў: «Генадзь Мікалаевіч, вы, напэўна, не можаце мне дараваць Чарнобыль…» — «Ну што ж зробіш, Мікалай Мікітавіч… І вы вінаватыя, і іншыя. Не ў тым, што Чарнобыль адбыўся, а ў тым, як адрэагавалі на гэтую бяду…» Ён прызнаўся: «Так, я адчуваю за сабой віну…».

Аднак, працягвае Марціновіч, «адна справа — размаўляць з пэўным чалавекам сам-насам, зусім іншая — выступаць перад вялікай залай. Ды яшчэ і падчас прамой трансляцыі на ўсю краіну. Дыскамфорт відавочны, з пункту гледжання Слюнькова, лепш яго пазбегнуць».

У біяграфіі называецца яшчэ адна прычына: экс-­кіраўнік БССР быў адным з тых партыйных чыноўнікаў, якія не ўмелі і не любілі выступаць перад непадрыхтаванай аўдыторыяй. Толькі перад тымі, хто ладзіў авацыі ў патрэбныя моманты. Адзін з прыкладаў — паездка на Кузбас у 1989 годзе з мэтай спыніць забастоўку шахцёраў.

«У Пракоп’еўску Слюнькоў ад страху дрыжаў, не па-мужчынску раскрыўся. Ад яго пальцаў у мяне сінякі на рэбрах засталіся. Ён усё хапаўся за маю талію, баяўся ад мяне адстаць, калі нам даводзілася выходзіць да мужыкоў. А выходзілі ж і ноччу… Ён тады ве-е-ельмі (!) баяўся», — цытуюцца ў кнізе ўспаміны генеральнага дырэктара аб’яднання «Пракоп'еўсквугаль» Міхаіла Найдава.

Відавочна, што тады «дырэктар ЦК» перажыў стрэс. Як сябе будуць паводзіць дэпутаты беларускага парламента, Слюнькоў прадбачыць не мог. Таму вырашыў не рызыкаваць і ў Мінск з Масквы не ехаць.

Сяргей Навумчык лічыў такое рашэнне адной з памылак экс­-кіраўніка БССР: «У яго быў шанц хай не апраўдацца, але патлумачыць, магчыма, з дакументамі ў руках, чаму ён не зрабіў таго, што мусіў зрабіць. Магчыма, калі б у яго хапіла на гэта сіл — і прабачэння папрасіць у беларускага народа, бо тое пасяджэнне цалкам транслявалі па тэлебачанні і радыё, яго глядзелі мільёны. Бо ў яго ж не было злога намеру — ён дзейнічаў (дакладней, бяздзейнічаў) у адпаведнасці з тагачаснымі наменклатурнымі нормамі. Амаль кожны кіраўнік абраў бы такую пазіцыю (яны і абралі, проста доля адказнасці перад Гісторыяй і Богам меншая, бо меншыя пасады). Канечне, гэта былі антыгуманныя нормы. І калі б ён сказаў, што, акрамя іх, ім кіраваў і страх — звычайны страх перад маскоўскім начальствам, і папрасіў прабачэння… Я не хачу сказаць, што гэта змыла б ягоную віну. Але ў гісторыю ён бы ўвайшоў у тым ліку і як чалавек, які папрасіў прабачэння ў свайго народа. Прычым упершыню на такой пасадзе».

У выніку экс­-кіраўнік БССР у Мінск не прыехаў і фактычна пахаваў патэнцыйную магчымасць вярнуцца ў вялікую палітыку (нават калі не звяртаць увагі на стан яго здароўя).

Суд будзе? Не!

У ліпені 1990 года дэпутаты парламента зацвердзілі парадак працы камісіі па расследаванні дзейнасці чыноўнікаў. Па яе патрабаваннях, усе ўстановы і арганізацыі мусілі перадаваць неабходныя матэрыялы. Члены камісіі маглі апытваць партыйцаў як БССР, так і СССР.

«Мы апыталі навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў — прафесара Васіля Несцярэнку, пісьменніка Алеся Адамовіча ды іншых, хто адразу пасля Чарнобыльскай катастрофы папярэджваў пра пагрозу, а таксама тагачасных высокіх чыноўнікаў, міністраў

і генералаў, якія праўду пра Чарнобыль утойвалі, — пазней пісаў Сяргей Навумчык. — Не ўдалося ўсё ж пагутарыць з Мікалаем Рыжковым (тады прэм’ер-міністрам СССР. — Заўв. рэд.) і Міхаілам Гарбачовым… Аднак мы атрымалі абсалютна дакладныя звесткі, што ў Крамлі ўжо ў першыя дні мелі дастаткова поўную інфармацыю пра ступень небяспекі, і менавіта адтуль пайшла жорсткая каманда: маўчаць! Паступова перад намі вымалёўвалася карціна суцэльнага падману, куды, як у варонку, уцягваліся партыйныя сакратары, міністры, навукоўцы, лекары».

Старшыня часовай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па ацэнцы дзейнасці службовых і іншых адказных асоб у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на ЧАЭС Рыгор Вячэрскі. Фота: t.me/belhalat_by

Пры гэтым камісія так і не атрымала інфармацыю з КДБ і Генштаба Міністэрства абароны СССР, а таксама не ўсе дакументы з архіва беларускай кампартыі. Па словах Навумчыка, камісія нават не мела рэферэнта, уласнага памяшкання, аргтэхнікі і гэтак далей: «Але самае галоўнае, мы не заўсёды мелі доступ да той інфармацыі, якую па законе і па праве абавязаны былі мець».

Праз год пасля пачатку працы камісіі, 13 чэрвеня 1991 года, яе старшыня Рыгор Вячэрскі агучыў выніковую справаздачу: «Першы сакратар ЦК КПБ Слюнькоў, бюро ЦК КПБ валодалі інфармацыяй у поўным аб’ёме ўжо 29 красавіка 1986 года (праз некалькі дзён пасля аварыі. — Заўв. рэд.). Аналагічную інфармацыю меў і старшыня Савета міністраў Кавалёў, у якога ў той самы дзень адбылася аператыўная нарада. У ёй удзельнічалі міністр аховы здароўя БССР [Мікалай] Саўчанка, яго супрацоўнікі Кондрусеў, Іўчанка, а таксама [віцэ-прэм'ер Ніна] Мазай, старшыня Мінгарвыканкама [Уладзімір] Міхасёў і начальнік штаба грамадзянскай абароны БССР Грышанін. І таварыш Слюнькоў, і таварыш Кавалёў раілі не панікаваць і не хваляваць народ, бо нічога, маўляў, страшнага не адбылося. У выніку такіх безадказных паводзін першых кіраўнікоў рэспублікі, а таксама адпаведных кіраўнікоў абласцей і райцэнтраў рэспублікі, жыхары Беларусі разам з дзецьмі былі паўсюль выведзеныя на першамайскую дэманстрацыю. Слюнькоў і Саўчанка, якія выступілі потым з экранаў тэлебачання, суцяшалі насельніцтва рэспублікі байкамі аб тым, што «страшнага нічога не адбылося, ніякай дапамогі Беларусі не патрэбна, і мы хутка самі справімся з гэтай аварыяй»».

Вячэрскі заявіў, што дзеянні чыноўнікаў па ліквідацыі наступстваў аварыі ў многіх выпадках былі «безадказнымі і злачыннымі»: «Неабходна вызначыць ступень віны кожнага выканаўцы, які не прыняў неабходныя меры для гарантавання бяспечных умоў жыцця насельніцтва Беларусі, і далажыць аб выніках Вярхоўнаму Савету БССР».

Мікалай Слюнькоў (злева), 2014 год. Фота: comparty.by

Кіраўнік камісіі назваў канкрэтныя імёны: Мікалай Слюнькоў, Ніна Мазай (віцэ­-прэм'ер у 1985−1994 гадах) і Міхаіл Кавалёў. Ён агучыў яшчэ некалькі высноў (напрыклад, пра неабходнасць забараніць выкарыстанне забруджаных сельскагаспадарчых зямель), пасля чаго абвясціў, што праца камісіі завершана.

Стварэнне камісіі лабіравала апазіцыя, але пракамуністычная большасць лаяльна аднеслася да яе высноў. Верагодная прычына ў тым, што ніякіх канкрэтных дзеянняў далей не прадугледжвалася. А яшчэ ў пачатку працы камісіі іншыя дэпутаты прасілі іх не займацца «паляваннем на ведзьмаў». Сярод іх быў і Аляксандр Лукашэнка, які выступаў супраць «судзілішча над людзьмі», пераконваў, што «неабдуманае слова раніць».

«Тыя два дні на сесіі я чакаў, што вось нехта з сакратароў райкамаў, абкамаў ці ЦК выступіць у абарону Слюнькова, — казаў Сяргей Навумчык. — Бо палова з дэпутатаў, калі не болей, былі абавязаныя сваімі пасадамі яму ці ягоным прызначэнцам (найперш немалая група 40-­гадовых першых сакратароў райкамаў). Яны сапраўды выступалі, але абаранялі ад нас кампартыю, а не Слюнькова. Пра яго толькі сказалі: «Сёння гэта палітычны труп, і няма чаго пра гэта гаварыць». Вось і ўсё. І ў гэтым, акрамя іншага, выявілася закладзеная самім жа Слюньковым традыцыя прагматычнага стаўлення да чалавека».

Апазіцыя запатрабавала працягнуць працу камісіі, але дэпутацкая камуністычная большасць, зразумела, прагаласавала за спыненне яе працы. Вярхоўны Савет даручыў пракуратуры даць прававую ацэнку дзейнасці чыноўнікаў, адказных за чарнобыльскія пытанні. Але ніякага разбіральніцтва не здарылася. Дакументы паклалі пад сукно, а суд над лідарамі БССР так і не адбыўся.

Кнігу «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» можна набыць на сайце выдавецтва або на маркетплэйсе Allegro (даступная дастаўка ў шэраг краін), а таксама ў кнігарні выдавецтва, што працуе ў Варшаве (ul. Kłopotowskiego, 4).

Чытайце таксама:

Сёння — 38-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
12
0
Жорік/адказаць/
26.04.2024
"Сярод іх быў і Аляксандр Лукашэнка, які выступаў супраць «судзілішча над людзьмі», пераконваў, што «неабдуманае слова раніць»." Глядзі ты які гуманіст аказваецца
1
Ёсік/адказаць/
26.04.2024
Беларусы - працавіты народ, але дурны, заўсёды шукаюць сабе гаспадара. Так і тутака - у 1990 годзе мелі шанец стаць годнай краінай у Еўропе. Камуністы маглі стаць сапраўднымі камуністамі, якія жадаюць дабра і заможнасці народу, але як былі пад абцасам расейцаў, так і вырашылі да скону там застацца.
6
Чорнага кабеля не адмыеш да бяла/адказаць/
26.04.2024
Хлусня
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031