Знайсці
19.09.2021 / 16:20

Трагедыя пад Навагрудкам: як стагоддзе таму расследавалі жудаснае забойства

Сяцевіна і Ігольнікі — дзве невялікія вёскі за сем кіламетраў ад Навагрудка, размешчаныя ўздоўж старога гасцінца. Зрэдку па пыльнай жвіровай дарозе, засаджанай высокімі дубамі, праедзе выпадковая машына, на імгненне патрывожыўшы сон гэтай беларускай глыбінкі. Мясцовыя жыхары звыкліся з ціхім жыццём удалечыні ад вялікай зямлі, і ніхто ўжо не ўспомніць, як стагоддзе таму да гэтых мясцін была прыкавана ўвага ўсяго краю. На падставе дакументаў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва гісторык Дзмітрый Кішкілевіч раскрывае жудасныя падрабязнасці адной гучнай крымінальнай справы 1914 года.

Павялічыць

Рамантычныя краявіды Наваградчыны мала змяніліся за 100 гадоў. На фота: царква ў Валеўцы. Фота Надзеі Бужан.

Жудасная знаходка

Марозным днём 8 лютага 1914 года ля карчмы, размешчанай каля вёскі Сяцевіна, спыніліся сялянскія сані. Марцін Горбач, як і большасць яго аднавяскоўцаў, часта звяртаўся па дапамогу да гаспадыні карчмы Іткі Гаркаві, якая займалася лекаваннем. Гэтым разам селянін прывёз да габрэйкі хворую жонку.

На ганку Марцін звярнуў увагу на ручку ўваходных дзвярэй: яна была прывязаная чорнай стужкай да скобы на сцяне. Зачыненыя былі і іншыя дзверы карчмы. Марцін захацеў пераканацца, што ў хаце нікога няма, і пачаў стукаць у вокны і клікаць гаспадароў. Вокны спальні былі адзінымі, дзе не было фіранак, і селянін зазірнуў у сярэдзіну дома. З гэтага моманту Марцін Горбач афіцыйна стаў першым сведкам у справе жудаснага забойства.

Паліцэйскі ўраднік (правобраз сельскага ўчастковага) Парамонаў, прыехаўшы неўзабаве, склаў пратакол агляду месца злачынства. Падрабязнасці, апісаныя ў ім, ледзянілі душу: «на падлозе спальнага пакоя знойдзеныя тры трупы пад вялікай масай крыві і адзін труп на кухні, таксама акрываўлены… Побач валяюцца нажы… Сцены і дзверы ўсіх пакояў запэцканыя крывёю… Поўнае бязладдзе дома, а таксама вывернутыя паліцы шафаў відавочна сведчаць пра характар злачынства — забойства з мэтай рабунку». На ўваходных дзвярах былі выяўленыя тры адтуліны, зробленыя ручным свердлам. Адтуліны знаходзіліся ніжэй за ўзровень засаўкі, на якую знутры замыкаліся дзверы, што дазволіла выказаць здагадку пра спосаб пранікнення злачынцаў у карчму.

Апытанне прысутных мясцовых жыхароў дапамагло высветліць асобы забітых. Труп, які ляжаў сярод пустых піўных бутэлек на кухні, належаў 50-гадоваму Абраму Гаркаві, уладальніку карчмы. У спальні на падлозе знаходзілася знявечанае цела Іткі Гаркаві — жонкі Абрама. У вялікай крывавай лужыне побач з целам жанчыны ляжалі трупы двух маладых мужчын, пастаяльцаў карчмы: Меера Чыжа і Івана Груды.

Павялічыць

План карчмы з пазначэннем целаў загінулых. Крыніца: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Доўгія крывавыя сляды на падлозе, а таксама вялікая лужына крыві пад ложкам Іткі ў суседнім пакоі сведчылі пра тое, што тая дарэмна спрабавала схавацца. Пасля забойства цела жанчыны перацягнулі ў пакой, дзе былі Чыж і Груда. Колькасць пашкоджанняў на целах забітых уразіла ўрадніка Парамонава. Пазней у адной толькі Іткі медыцынская экспертыза налічыць не менш за 80 нажавых ранаў.

Сярод рэчавых доказаў, знойдзеных ураднікам Парамонавым, апынуліся два нажы, сякера з прыліплымі да абуха валасамі і дзве брудныя сялянскія кашулі. У той далёкі час гэты набор яшчэ не азначаў хуткую ідэнтыфікацыю злачынца: узровень развіцця крыміналістычнай экспертызы быў невысокі. Аднак прадметы валодалі адной важнай уласцівасцю — пахам.

Павялічыць

Малюнак нажоў, знойдзеных на месцы забойства. Крыніца: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Гектар

Расследаванне злачынства было даручана следчаму Георгію Аляксандраву. Адным з першых дзеянняў следчага стаў зварот да новага спосабу вышуку — пошукавага сабакі.

Сабака Гектар і ягоны павадыр прыбылі ў карчму на наступны дзень пасля выяўлення забітых. Сабаку далі абнюхаць трупы і сталі назіраць за яго паводзінамі. Гектар выбег на вуліцу, спыніўся каля праваслаўных могілак, а затым павёў на скрыжаванне дарог. Там сабака пабег у бок вёскі Ігольнікі. Мінуўшы некалькі сялянскіх хат, Гектар забег у двор Рамана Шынтара і пачаў брахаць на ўваходныя дзверы. Калі іх адчынілі, сабака забег у хату і спыніўся. Замёр і Раман Шынтар, які сядзеў на ложку. Гектар падышоў да гаспадара і забрахаў.

Было вырашана паўтарыць эксперымент. Сабаку тройчы давалі панюхаць рэчавыя доказы, і той па-ранейшаму завяршаў свой шлях каля Шынтара. У момант аднаго з такіх эксперыментаў, калі Шынтар спрабаваў прыбраць ад сябе сабаку, следчы Аляксандраў звярнуў увагу на падрапаныя рукі селяніна. Адразу былі агледжаныя рукі і твары ўсіх членаў сям’і. Падобныя драпіны былі выяўленыя і ў сыноў Шынтара — Рамана ды Макара. Затым следчы загадаў мужчынам прымераць кашулі, знойдзеныя на месцы злачынства. Прысутныя ахнулі: па памеры кашулі цалкам падышлі як бацьку, так і яго старэйшаму сыну Раману. Крыху пазней у гумне Шынтароў было знойдзена некалькі ручных свердзелаў, адзін з якіх падышоў да адтулін на ўваходных дзвярах карчмы.

Перапуджаныя Шынтары кляліся ў сваёй невінаватасці і запэўнівалі, што правялі мінулыя дні на вяселлі аднавяскоўца. Наяўнасць драпінаў патлумачылі наступствамі цяжкай сялянскай працы, а падобныя кашулі, па іх словах, можна было знайсці ў любой мясцовай сям’і. Але просьбы ды ўгаворы не дапамаглі Шынтарам: бацьку і дваіх яго сыноў спешна арыштавалі і адправілі ў камеру Наваградскага турэмнага замка. Здавалася, што ўсё відавочна і жорсткае злачынства неўзабаве будзе раскрытае. Але на самай справе ўсё толькі пачыналася.

Бойка на вяселлі

Значная частка следчых дзеянняў ускладалася у той час на паліцыю. Ураднік Парамонаў прыклаў нямала намаганняў пры аглядзе месца злачынства і пошуку доказаў, не заставаўся ўбаку і пры далейшым расследаванні справы. Сам ён жыў у адной з навакольных вёсак, добра ведаў жыццё мясцовых сялян і карыстаўся іх павагай. Гэта дапамагло Парамонаву даведацца пра важныя дэталі.

Пры апытанні сялян вёсак Сяцевіна і Ігольнікі паліцэйскі звярнуў увагу на тое, з якой неахвотай мясцовыя жыхары гавораць пра трагедыю. Неяк пры размове адзін з мужыкоў сказаў Парамонаву, што валасны старшыня (правобраз старшыні сельсавета) злуецца на сялян і просіць іх не ўмешвацца ў «цёмную справу». Сяляне ахвотней дзяліліся падрабязнасцямі іншай падзеі ў жыцці вёскі — вяселля сына старэйшага жыхара Ігольнікаў Уласа Жмуры, якое святкавалі ў ноч перад страшнай знаходкай у карчме. Багаты стол, танцы і традыцыйная бойка — пра гэта сяляне былі гатовыя гаварыць ва ўсіх падрабязнасцях. Апошняе і зацікавіла Парамонава, улічваючы тое, што адным з удзельнікаў бойкі быў сын валаснога старшыні — 26-гадовы Іван Кур’ян.

Даведацца аб прычынах бойкі Парамонаў вырашыў у іншага яе ўдзельніка — Паўла Кур’яна, далёкага сваяка сям’і валаснога старшыні. Па словах пацярпелага, Іван Кур’ян і яго сябры прыйшлі на вяселле ўжо добра п’янымі. Паводле мясцовага звычаю, няпрошаных гасцей вяселля заўсёды «абносілі чаркай», частуючы невялікай порцыяй гарэлкі. Сын валаснога старшыні і яго кампанія запатрабавалі наліць ім больш алкаголю. Бацька жаніха, стары Жмура, адмовіў ім.

Усім было вядома пра круты нораў сына старшыні, і бойка, якая адбылася пасля, чарговы раз гэта даказала. Бяскрыўднае слова, кінутае Івану ўслед, прымусіла хлопца кінуцца на Паўла Кур’яна і збіць яго. Пасля кампанія кудысьці сышла, але неўзабаве вярнулася, застаючыся на вяселлі да раніцы.

Раман Шынтар і яго сыны таксама былі на свяце, аднак нічога падазронага ў іх паводзінах Павел Кур’ян не заўважыў. Куды сыходзіў сын валаснога старшыні і яго сябры, а таксама што яны думаюць з нагоды забойства, ураднік Парамонаў збіраўся ўдакладніць у саміх маладых людзей. Раптоўнае прызнанне Паўла Кур’яна дапоўніла карціну цікавымі падрабязнасцямі.

Валасны старшыня

Тое, што Павел распавёў паліцэйскаму пра валаснога старшыню, ведалі, але баяліся ў адкрытую абмяркоўваць аднавяскоўцы. Макар Кур’ян, які займаў пасаду старшыні ўжо 27-ы год, вяршыў лёсы не толькі Кашалеўскай воласці, але і іншых мясцовых сялян. Ніводнае дзяржаўнае або царкоўнае свята не абыходзілася без абдорвання ўсёмагутнага старшыні сялянскімі прысмакамі: свежанінай, яйкамі, пірагамі. Тых, хто стараўся гэтага не рабіць, чакалі непрыемнасці: нечаканыя штрафы, зацягванне выдачы хутарскога ўчастка ды іншае.

Акрамя падарункаў, валасны старшыня любіў грошы. Як адказны за грамадскія сродкі, Кур’ян стараўся не забываць пра сябе і да чацвёртага дзясятка гадоў на пасадзе займеў вялікі ўчастак ды багатую гаспадарку. Удалося ўладкаваць і дзяцей: старэйшы сын вучыўся ва ўніверсітэце ў Пецярбургу, а малодшыя дзеці мелі хатніх настаўнікаў. Здавалася б, сялянская мара здзейснілася, але Кур’ян хацеў большага. Перашкодай да гэтага была сям’я габрэяў Гаркаві, а менавіта — іх участак зямлі.

Валасны старшыня рэгулярна наведваўся ў карчму і прапаноўваў гаспадарам паўтары тысячы рублёў за продаж участка. Абрам Гаркаві адмаўляў Кур’яну і тлумачыў, што не плануе пакідаць звыклыя для яго мясціны. Тады ў ход пайшлі пагрозы. У адзін дзень невядомыя разбілі ў карчме акно. Неўзабаве з’явіўся старшыня і намякнуў, што «хата можа згарэць, калі яе своечасова не прадаць».

Пра ўсё гэта Паўлу Кур’яну распавёў сам Гаркаві і дадаў, што прапаноўваў старшыні суму 3 000 рублёў за ўчастак, але той працягваў настойваць на сваім. Павел заявіў урадніку Парамонаву, што забойства — справа рук Макара Кур’яна, яго сына Івана і іх суседзяў Шынтароў, з якімі ў старшыні было моцнае сяброўства. Але калі датычнасць апошніх да злачынства была амаль даказаная, то супраць Кур’яноў ніякіх доказаў не было.

«Муры Ерусаліма»

Тым часам на адрас следчага Аляксандрава сталі паступаць ананімныя запіскі з указаннем імён забойцаў. Амаль ва ўсіх ананімках фігуравалі адны і тыя ж асобы: Раман Шынтар з сынамі Макарам і Раманам, Іван Кур’ян, а таксама Іван Каралько і Міхаіл Ждан з вёскі Кашалева. Двое апошніх былі сябрамі Івана Кур’яна і прысутнічалі разам з ім на вяселлі. Пры ператрусе ў Каралько былі знойдзеныя рэчы, не ўласцівыя сялянскай сям’і: сталовы абрус з махрой і зялёная гліняная талерка з надпісам на ідышы ды малюнкам «Муры Ерусаліма».

Павялічыць

Ананімная запіска. Крыніца: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Якіх-небудзь падазроных рэчаў на хутары валаснога старшыні Кур’яна знойдзена не было. Як і ручных свердзелаў, якія павінны быць у такой вялікай ды багатай гаспадарцы. Падчас ператрусу старшыня быў спакойны, чаго нельга было сказаць пра яго сына Івана. Хлопец абураўся прысутнасцю паліцыі і прыкметна хваляваўся.

Калі ператрус падышоў да канца, следчы Аляксандраў працягнуў бацьку і сыну пратакол аб адсутнасці доказаў. Валасны старшыня падпісаў дакумент і выказаў надзею, што злачынцу хутка знойдуць. Калі ж па ўказанні следчага паліцыянты надзелі на мужчын кайданкі, здзіўленню Кур’яноў не было межаў. Прычынай арышту стала прызнанне Марыі Шынтар — дачкі Рамана Шынтара-старэйшага. Прызнанне, якога не чакаў ніхто.

«Не бацька з братам павінны сядзець! Кур’яны павінны сядзець!»

За некалькі дзён да арышту Кур’яна з сынам Марыя Шынтар па дарозе з Наваградка, дзе яна безвынікова спрабавала пакінуць перадачу ў турму для арыштаваных сваякоў, спаткала сябровак з вёскі. Слова за словам, і даведзеная да адчаю жыццёвымі абставінамі Марыя скрозь слёзы заявіла:

— Не бацька з братам павінны сядзець! Кур’яны павінны сядзець!

Хутка змест гэтай размовы стаў вядомы следчаму. Дзяўчына ў падрабязнасцях апісала раніцу 8 лютага, а менавіта — настойлівы грук у дзверы, з якім у дом Шынтароў прыйшло няшчасце. На парозе стаялі двое — Макар Кур’ян ды ягоны сын Іван з пухлым скруткам у руках. Марыя запрасіла гасцей у хату, разбудзіла бацьку і братоў, якія нядаўна вярнуліся з вяселля. Мужчыны селі за стол, і Іван Кур’ян разгарнуў скрутак, расклаўшы на стале пару кольцаў каўбасы і паставіўшы бутэльку гарэлкі. Крыху пазней да іх далучыліся Іван Каралько ды Міхаіл Ждан, якія вырашылі заначаваць у Шынтароў пасля вяселля. Абмеркавалі вяселле, выпілі ды закусілі.

А пасля валасны старшыня пачаў казаць дзіўныя рэчы. Маўляў, трэба вырашаць даўнюю праблему, бо момант прыдатны. Будучы ў суседнім пакоі, Марыя магла пачуць толькі асобныя фразы, але нават іх хапіла, каб насцярожыцца. Макар Кур’ян, звяртаючыся да Рамана Шынтара-старэйшага, сказаў, што «грошы і рэчы падзелім», і пастаянна падбадзёрваў старога. Гутарка доўжылася не больш за гадзіну, пасля чаго старшыня сышоў, а астатнія пачалі мітусіцца і хадзіць па хаце ў пошуках чагосьці. На роспыты Марыі ніхто не адказваў, а маці ўвогуле загадала дачцэ ісці спаць.

Неўзабаве ўваходныя дзверы бразнулі, запанавала цішыня. Праз акно дзяўчына паспела заўважыць, што бацька, браты і Іван Кур’ян з Каралько ды Жданом накіраваліся ў бок могілак і карчмы.

У тую ноч упершыню за шмат дзён выпаў снег. Ён ахутаў усё навокал, і нават самае зоркае вока не змагло б разглядзець, што хавае белая заслона. Ніхто так і не ўбачыў, як спрытныя рукі адсунулі дзвярную засаўку. Як выбег на шум Абрам Гаркаві ды спрабаваў абараніцца ад удараў, але ўпаў, забіты вастрыём сякеры. Як Ітка Гаркаві ў страху залезла пад свой ложак, але і там не здолела схавацца ад смерці. Як упарта змагаўся з нападнікамі Іван Груда і як хутка перарэзалі горла Мееру Чыжу, які спаў.

«Цяпер мы прапалі»

У турэмных сценах удзельнікі злачынства працягвалі быць героямі даносаў, але ўжо з боку сукамернікаў. Адзін з іх распавядаў следчаму, што калі ў камеру, дзе таксама былі і Шынтары, увялі валаснога старшыню з сынам, то Макар Шынтар прамовіў: «Цяпер мы прапалі». Сам жа старшыня Кур’ян не пакідаў спробаў зняць з сябе ўсе падазрэнні. Падбухторваў сукамернікаў узяць віну на сябе ўзамен на шчодрую ўзнагароду, даручаў сваім парабкам накіроўваць следства на падманны след. Нават за кратамі грозная постаць валаснога старшыні працягвала наганяць страх на простых сялян. Мясцовыя верылі, што Кур’ян зможа «ўтапіць у грашах любую праблему», здолее выйсці на волю і ўсім адпомсціць.

Вайна ўсё спісала

28 ліпеня 1914 года Расія ўступіла ў сусветную вайну. Да гэтага моманту Шынтары, Кур’яны, Ждан і Каралько знаходзіліся ў Наваградскай турме ўжо чацвёрты месяц. Арыштаваныя рэгулярна пісалі на імя следчага прашэнні аб пераводзе іх на хатні арышт, тлумачачы гэта цяжкім становішчам сваіх сем’яў. Рэзалюцыя следчага была заўсёды адна — «адмовіць».

Следства ішло павольна, у тым ліку з-за маруднай экспертызы валасоў, знойдзеных на месцы злачынства і ў руках забітых. Пакуль следчы Аляксандраў чакаў яе вынікаў, лінія фронту ўшчыльную наблізілася да Наваградка. У верасні 1915 года Сяцевіна і Ігольнікі былі ўжо ў тыле нямецкай арміі. Крыху раней усіх зняволеных Наваградскага турэмнага замка спешна эвакуіравалі ўглыб краіны: спачатку ў Смаленск, а затым у Маскву — у цэнтральную перасыльную турму, званую ў народзе «Бутыркай».

Вясной 1916 года просьбы аб змене меры стрымання ад арыштантаў аднавіліся. Зацягнутых спраў у Аляксандрава было мноства, і віной таму была вайна: шматлікія сведкі апынуліся на акупаванай тэрыторыі, губляліся рэчавыя доказы і дакументы. У сувязі з гэтым следчы пастанавіў змяніць меру стрымання ўсім семярым падазраваным і папрасіў паліцэйскія ўлады Масквы весці над імі «асаблівы паліцэйскі нагляд».

Неўзабаве пракурор Мінскага акруговага суда перадаў справу аб забойстве ў карчме следчаму па найважнейшых справах акругі Піменаву. Чыноўніку ўдалося аднавіць экспертызу валасоў: некалькі з іх, знойдзеных у сціснутых руках Іткі Гаркаві, аказаліся ідэнтычнымі валасам валаснога старшыні Кур’яна, а валасы Рамана Шантыра-старэйшага нічым не адрозніваліся ад валасоў, што засталіся на абуху сякеры. Сукупнасць сабраных доказаў паказвала на дачыненне да злачынства ўсіх семярых мужчын, следства даўжынёю два гады падыходзіла да канца.

Піменаў адмяніў пастанову папярэдніка і папрасіў маскоўскіх паліцэйскіх вярнуць Шынтароў, Кур’яноў, Ждана і Каралько ў турэмную камеру. Але ўжо было позна: скарыстаўшыся з папушчальніцтва мясцовай паліцыі, зламыснікі зніклі, змяшаўшыся з дзясяткамі тысяч бежанцаў.

Павялічыць

Стары гасцінец каля вёсак Сяцевіна і Ігольнікі. Злева — месца, дзе знаходзілася карчма Гаркаві. Справа — старыя праваслаўныя могілкі. Фота Хведара Лысенка.

Далейшы лёс фігурантаў гэтай справы невядомы. Віхуры гісторыі прынеслі ў іх родныя мясціны новыя беды. Па пыльнай дарозе каля закінутай карчмы ездзілі нямецкія абозы, маршыравалі польскія жаўнеры, цягнуліся вазы з забітымі чырвонаармейцамі. Мяняўся час, змяняліся краіны, а ў вёсках Сяцевіна і Ігольнікі і цяпер, як і стагоддзе таму, жывуць Шынтары, Кур’яны, Жмуры, Каралькі. У міры і згодзе.

Ці вярнуліся імаверныя забойцы на радзіму? Ці засталіся мясцовыя жыхары, якія памятаюць аб гэтым жудасным забойстве? Калі хто-небудзь з чытачоў ведае цікавыя падрабязнасці гэтай гісторыі, то, калі ласка, пішыце на history@nn.by.

Дзмітрый Кішкілевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31