Знайсці
02.02.2010 / 11:203РусŁacБел

Пазней, калі распранемся…

Анхела Мартынчук. Апавяданне памяці Дж. Д.Сэлінджэра.

Анхела Мартынчук. Апавяданне.

Памяці Дж. Д.Сэлінджэра

Я зноў бачу свой сон. Я стаю на заснежаным пляцы ў паласатай робе, у мяне астрыжаная галава. Ён набліжаецца. Ён ідзе наперадзе купкі афіцэраў уздоўж нашага шыхціка кандыдатак у «газоўку» і ў руцэ ў яго хлысток. Я ведаю, што ён бачыць толькі мяне. Бо ў яго толькі адно вока, толькі адно, другое ён страціў яшчэ ў маленстве, калі сястра торкнула яму ў вока алоўкам. І сваім адзіным вокам ён бачыць толькі мяне. Бо я зашчу яму сьвет. Бо ён губляе раўнавагу, калі бачыць мяне. І робіцца люцейшым са звяроў, бо адзіны не ведае, катуючы нас, жыдоў, патрэбы ў адпачынку. Хіба што п’е шмат гарбаты. Сыпе вельмі шмат цукру.

Яна ведала, што стома — паратунак ад кахання. Таму наўмысна не дазваляла сабе пісаць сяброўкам лісты ўранку. Каб не здрадзіць выпадкова, каб не выправіць сваю балюку туды, дзе ўсё адно не будзе паразумення. Не будзе. Таму што яны, яе сяброўкі, не былі ў тым жыцці жыдоўкамі. І ён не быў нацыстам. Калі, канешне, уявіць, што ў кожнай кабеты ёсць свой дакладны «ён».

Сяброўкі ўвогуле не былі жыдоўкамі. Яны не баранілі свайго жыдоўства ні ў вулічных бойках, ні ў ложку. Тым больш у ложку. Урэшце, амаль усе яны былі маладзейшымі ад яе, таму яшчэ не ведалі, што стома — паратунак ад кахання. Яна ж дакладна ведала (веда гэтая прыйшла пасля страты), што з ейным рытмам гойсання па клавіятуры пасля шостай вечара проста не застанецца сілаў думаць пра ягонае цела. Яна будзе проста бачыць яго перад сабой — як заўсёды, штохвіліны — але думаць сілаў не застанецца. Ведала, бо ёй было 37, а не 28. Урэшце, ейнае жыдоўства тут было апрыёры ні пры чым.

1.

Яна не была беларускай дзяўчынай. Хаця спраўна стаяла ў ланцужку «16», за выключэньнем хіба тых дзён, калі тэмпература сягала за 38. Яна размаўляла па-расійску. Яна бараніла беларускасць на кожным кроку. Зразумела, калі б яна жыла ў якой прыгнечанай афрыканскай краіне, дык бараніла б тамтэйшы дыялект. Яна апрыёры заўжды бараніла ўсё, што мела патрэбу ў абароне. Магчыма, у гэтым і выяўлялася ейнае жыдоўства.

Хаця, не. Яшчэ ў адным. Яна не дапускала на сваёй кухні простае ежы — кшталту бульбы ці макароны. Есці (у гасцёх), вядома, не адмаўлялася, але гатаваць — анізавошта. Таму апантана збірала рацэпты экзатычных салатак.

За тры гады супольнага жыцця ён так і не назвычаіўся есці тое, што яна гатуе. Хіба на самым пачатку, — магчыма, у той вечар, калі адчуў, што кахае яе, — пераадолеў сваю агіду да смажаных вешанак.

Вонкава ён вылучае мяне сярод іншых вязняў гета адно тым, што не дае іншым катам магчымасьці бачыць мяне аголенай.

2.

Доўгае жыццё ў апазыцыі, як ён жартам казаў, каштавала яму зубоў. Але здарыліся чарговыя выбары, і агульных грошай хапіла на ягоныя зубы таксама. Ён паставіў сабе амаль усю верхнюю сківіцу і канчаткова разлічыўся з пратэзістам у той дзень, калі выпадкова сустрэў яе ў краме «Тарты». У яго заставалася рэшта — дзесяць даляраў. Раней яны бачыліся чатыры ці тры разы, і яго проста немагчыма было абмінуць. Яна толькі што выпіла кубак кавы, але вырашыла, што не перашкодзіць яшчэ адзін. Замовіла і яму таксама, і здзівілася, калі ён прапанаваў разлічыцца. Нават вырвалася непрыстойнае: «У цябе ёсць грошы?» За гады валэндання на ўскрайку тусоўкі беларускамоўных, яна прызвычаілася плаціць за каву хлопцаў сама.

Пазней ён прызнаўся ёй, што тады спалохаўся. За свае дзесяць даляраў. Што прыйдзецца памяняць іх — пасля таго, як, развітваючыся, яна паведаміла яму свой адрас і дадала, што, спазніўшы чарговым разам на электрычку, ён можа ў яе пераначаваць. Далібог, яна не мела на ўвазе нічога, апроч начавання, але ён спалохаўся за свае грошы. Бо ў яе была вельмі нязграбная хада, даўгі нос і непрыгожыя зубы. А ён, маючы тры ныркі, па шэсць пальцаў на нагах і псіхіятрычны дыягназ, дакладна ведаў, што ягонай жонкай можа стаць выключна нязграбная кабета.

Амаль тыдзень яны пражылі ў цнатлівай здушанай закаханасці, два месяцы — у спраўджанасці выпакутаванага кахання немаладых не надта прыгожых людзей і яшчэ два гады і восем месяцаў — у зацятым самазнішчэнні ва ўзаемных абдымках смяротнікаў, бо не маглі дазволіць сабе прызнацца адно адному і, найперш, сабе, што жыццё сапраўды не мае сэнсу.

Ён неабачліва сказаў ёй, што не будзе жыць, калі раптам перастане яе кахаць. Яна перапытала: «Мы ніколі не разыдземся?» І паабяцала, што ніколі таксама не перастане яго кахаць. І вельмі адразу ж спалохалася, бо, падобна, у ейным выпадку гэта магло стацца папраўдзе.

На жаль, доўгае жыццё ў акупаванай краіне прывучыла іх да думкі, што ў трыманні абяцанняў ёсць пэўная годнасць.

3.

Яна сапраўды была жыдоўкай, бо з усяго Пісання ведала напамяць толькі тое, што Напачатку было Слова. З кожным наступным сказаным і напісаным ёй словам ён ненавідзеў яе ўсё бязлітасней, бо так і не змог пабачыць, што інакш, як праз словы, яна няздольная глытаць паветра. Урэшце, яна адразу паверыла яму, калі ён сказаў ёй, што ён мастак. Яшчэ ёй было смешна з таго, што ў горадзе, дзе ён нарадзіўся, усе ганарыліся знаёмствамі з ЗЭКА. Мабыць, з-за таго, што ў ягоным родным горадзе сапраўды зашмат вязніцаў.

Яна апрыёры дыхала праз словы. А ён — адзінае, за што быў удзячны кампутарнаму свету ён — за вынаходніцтва смайлікаў. Аднойчы на прыёме ў псіханалітыка ён сказаў, скардзячыся на яе: «Я не бачу тое, пра што яна кажа».

Калі ён упершыню ўдарыў яе, яна плакала ўва сне, прыціскаючыся да ягонага жывата, а ранкам пакінула яму цыдулку: «Ты расстраляў маё сэрца». Яна ведала, што напісала пошласць.

Збіўшы яе на горкі яблык ў чацверты ці пяты раз, ён, нарэшце, зразумеў, за што так моцна ненавідзіць сваю маці. За пазбаўленне яго ўласных сродкаў паратунку. Маці заўжды прапаноўвала яму свае. Напачатку, калі да маладой дарэктаркі клуба сышоў бацька (папярэдне параіўшы сыну менавіта з той згубіць цнатлівасць) яе паратункам стала выхаванне ў дзецях трывалай нянавісці да панятку сям’і. Да побытавага. Пасля — дасягненьні. Хоць якія. Ён ведаў, што маці не задаволіць ягонае другое ці трэцяе месца, — асабліва пасля таго, як сястра выпырнула яму вока. Таму, ніколі не маючы сілаў прыйсці першым, свядома збочваў, каб прыйсці пасля ўсіх. Потым — беларушчына. Маці ўчапілася ў яе, калі ляснуўся «савецікус» — гэта давала магчымасць ёй, былой «грымзе» з раяна, апрыёры заставацца «vip» для аднавясковак. Калі ж старасць канчаткова ўзяла мацерчыну мараль у палон, яна сталася праваслаўнай. Аднесла грошы ў царкву, паставіла крыжы на могілках усіх сваякоў, зарэзервавала яму і дачцэ месца сярод дзядоў і прадзедаў.

Чаму тут месца адно для цябе, чаму не прадугледжана пасмяротная плошча для тваіх дзяцей і жонкі?

4.

Кожны з мужчынаў, якіх яна ў сваім жыцці кахала, быў святы. Апрыёры. Таму што кахаў яе — з ейнай нязграбнай хадой, непрыгожымі зубамі і даўгім носам. Гэты быў найсвяцейшы. Бо прывучаў яе не саромецца акту любошчаў.

Але ж дзіўную рэакцыю навакольных на іхны імправізаваны хаўрус яна заўважыла адразу. Пасля першай жа імпрэзы ў Чырвоным касцёле, куды яны выправіліся разам. І паціху пачала распытваць знаёмых. Усе казалі брыду. Але яна не надта паважала гэтых усіх — паэта, што зашыў сабе рот, каб з яго больш не выходзілі вершы, мастака, што згнаіў свае фарбы і выкінуў іх у цэнтры сталіцы, рэжысёра, што гандляваў саколкамі з выявамі Кшыштафа Занусі… Зачапіў яе адно старэнькі кульгавенькі настаўнік з ягонага роднага горада. Ён сказаў — гэта чалавек, апрыёры здольны ўчыніць Халакост.

Тады яна пайшла да слыннага пісьменніка. Пісьменнік адначасова быў і мастаком. Яго майстэрня месцілася побач з кватэрай, у якой ён жыў са сваёй папярэдняй каханкай. Пісьменнік запытаўся: «Ён прыйшоў да цябе, бо ранейшыя кабеты адмовіліся ад яго?"

Кожны раз, калі ён кліча мяне да сябе, мая сяброўка моліцца, каб ён, нарэшце, перамог сябе і даў загад выправіць нас абедзьвюх у «газоўку».

5.

Яна здрадзіла яму ўвесну. Квітнеў другі ці трэці месяц іхных любошчаў. Ёй прызначыў сустрэчу колішні таварыш па змаганні з нудой. І яна не адмовілася пабачыцца. Яму сказала, што ўвечары пойдзе шпацыраваць з сяброўкай. Але ён здагадаўся — бо яна задоўга стаяла ля люстэрка. Ён не ведаў, што такую праўду казаць яму яна ніколі ня зможа. Бо апрыёры бароніць тое, што мае патрэбу ў абароне. У гэтым палягала ейнае жыдоўства.

Жыды абцяжараныя вопытам папярэдняга пераследу. Усе іхныя папярэднія жыцці абуджаюцца, калі вакол робіцца гусцейшай імгла патэнцыйнага пераследу. Тады той, хто яшчэ толькі пачаў марыць пра неабмежаванасць, разумее, што жыдоў трэба знішчыць, інакш яны вось-вось выкрыюць яго. Бо ж дзіўная рэч — там, дзе шмат жыдоў, усе астатнія, нежыды, пачуваюцца разумнейшымі. Жыды нібыта і на іх распаўсюджваюць здольнасьць сваечасова здагадацца і выкрыць. Хіба няма гэтаму простага тлумачэньня? Хіба здольнасьць жыдоў сваечасова здагадвацца не грунтуецца на старажытнай сімвалічнай кнізе, а не на малюнках харызматычных мультыплікатараў?

6.

Ва ўзаемных шчыраваннях яны не абмінулі ніводнага інтымнага эпізоду з сваіх жыцьцяў. Калі схематычна зрэзюмаваць ягоны досвед — выходзіў спіс стратаў. У яе — пералік пазыцыяў, якія не дазвалялі ёй зрабіць сваё мінулае сапраўды мінулым. Яго гэта юшыла. Увогуле, ён жыў так, нібы чалавек — гэта ўсяго толькі сума мараў ды жаданняў. Яна дзьвюма нагамі стаяла на падмурку свайго мінулага. Яго юшыла ейная жыдоўская непахіснасць.

Яна страчвала яго двойчы. Першы раз — пасля вечарынкі геяў. Яны адмыслова адолелі доўгі шлях ад сталіцы адной дзяржавы да другой, каб паўдзельнічаць у ёй. Было лета, спёка, яна заленавалася адразу пасля прывітальных пацалункаў ісці ў душ, каб змываць дарожны пыл. Прайшла да стала ў звыклых «капры», памяняўшы адно саколку. Гаспадары і іхныя госьці былі ў майтках. Але ён зачыніўся ў ванным пакоі, доўга валэндаўся і ўрэшце, з’явіўся ў белым строі з гальштукам-«мятлушкай».

Наступным днём ён зьнік. Пайшоў па каву і не вярнуўся. Яна шалела ў гасцёх яшчэ чатыры дні. Пасля з’ехала. Ён патэлефанаў ёй праз месяц, з Карпатаў. Патэлефанаваў адно калі на абедзвюх ягоных нагах усе шэсць пальцаў збіліся ў адну крывавую кулю.

Другі раз быў, калі яна выправілася ў каталіцкую вандроўку не з ім, — якраз тады штодзёная побытавасць вымагала ад яго асаблівай адказнасці, нават і матэрыяльнай. Таму ён апрыёры ухапіўся за нагоду. Яна зноў шукала яго па свеце. Знайшла пад спадніцай у маці. І адступілася, зразумеўшы, што не будзе біцца з нябожчыкамі.

Я змерзла. Я паміраю ад зледзянення. Ён набліжаецца. Я ведаю, што трэба ўсяго толькі трошачкі датрываць, хутка ён пакліча мяне. І будзе як заўсёды. Спачатку ягоны шэпт, падобны да вуркатаньня коткі, пасьля звярыны крык асалоды. Пазней, калі распранемся, я сцішуся, учаплюся за яго, я буду ведаць, што вайна скончылася, што ён нясе мяне туды, дзе вялікія старыя дрэвы, дзе аніякія нялюдскія маршы не парушаць цішыні нашых ранкаў.

7.

Ёй спатрэбіліся тры гады на набыццё веды. Веды пра тое, што ягоныя рукі не павінны быць вольнымі. Веды пра тое, што ягоныя рукі заточаныя толькі пад дзве рэчы — хлысток гвалтаўніка ды пэндзаль мастака. Але ейнага руплівага жыдоўства не хапіла на тое, каб вызваліць ягоныя рукі ад першага і надаць ім жыцця, усунуўшы ў іх другое.

Ёй спатрэбіліся тры гады на самую вялікую ў ейным жыцці страту. Калі ён зносіў у таксоўку свае рэчы, яна вырашыла, што на пытанні сябровак — з чым яна засталася? — будзе адказваць, што ў яе засталося мора. І апране на пэўны час хустку.

Пазней, калі распранемся, я сцішуся, учаплюся за яго, я буду ведаць, што вайна скончылася, што ён нясе мяне туды, дзе вялікія старыя дрэвы, дзе аніякія нялюдскія маршы не парушаць цішыні нашых ранкаў. Але ён не глядзіць на мяне. Ён упершыню не глядзіць на мяне, ён тыцкае ў мой бок хлыстком і я разумею, што ён аддаў загад весці мяне ў «газоўку». Разам з іншымі. Разам з тымі, хто сёньня… памрэ. І-я-ні-кол-лі-бо-лей-ня-бу-ду-на-ле-жаць-я-му. Ён болей не кахае мяне. Я бачу ягоную спіну.

Я прачынаюся. Я разумею, што мне трэба пайсці да споведзі. Магчыма, я не дачакаюся сваёй чаргі да канфэсіяналу ды проста ўкленчу перад хоць-якім абразом. Я ведаю, чаго буду прасіць у Пана. Я хачу пабачыць іншы сон. Я хачу зрабіцца таўстушкай Эльзай і, абмерыўшы вокам яго, зледзянелага на пляцы, загадаць зрабіць мне маленечкую кайстрачку зь ягонае скуры, зняўшы кавалачак са сьпіны, там, дзе пяшчотнейшая. Не, не, не трэба яго забіваць. Ня трэба… Хіба не дзеля ўслаўлення маёй даўгой спадніцы і бразготак са шкляных перлаў народзіцца заўтра нехта іншы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930