Знайсці
01.03.2024 / 07:00РусŁacБел

«Раскідвалі ўлёткі, каб мяне ачарніць, у суседнюю камеру пасадзілі сына». Прадпрымальніца з'ехала ад рэпрэсій і прадае кветкі ў Вільні

Прадпрымальніца са Жлобіна пераехала ў Вільню з-за рэпрэсій і адкрыла там кветкавую краму. Справы ў жанчыны ішлі няважна, але дапамагла салідарнасць беларусаў, якія хацелі яе падтрымаць — цяпер яны складаюць большасць кліентаў Ліяны. Расказваем кранальную гісторыю.

Ліяне Шуба 55 гадоў. Мы гутарым з ёй 15 лютага, на наступны дзень пасля Дня святога Валянціна — калі ж, як не ў гэты дзень, набываць і дарыць кветкі? Жанчына просіць пачаць гутарку са словаў падзякі сваім асноўным кліентам:

«Учора такая падтрымка была, палова ўчарашніх кліентаў — беларусы. Было шмат літоўцаў, бо шмат каму на свята трэба кветкі, але беларусы проста паказваюць салідарнасць найвышэйшага ўзроўню — і прыходзілі, і рабілі замовы».

Гэтая салідарнасць — тое, што цяпер падтрымлівае Ліяну, якая адна спрабуе збудаваць у Вільні новае жыццё.

«Цэнтр горада, у пяці хвілінах міліцыя і выканкам, а мы тут стаім з усімі магчымымі сцягамі»

Ліяна Шуба родам з Пухавіцкага раёна, у Жлобін пераехала, калі ёй было 14 гадоў. 17 гадоў жыцця жанчына аддала прадпрымальніцтву. Пачынала з кніг, а калі на рынку з’явіліся электронныя выданні, стала прадаваць канцылярскія тавары, а пазней у дадатак да іх і тавары для святаў: розныя шары, свечкі, элементы карнавальных касцюмаў, парыкі.

Потым сталы пастаўшчык жанчыны прапанаваў ёй прывезці кветкі для продажу, і некалькі гадоў яна прадавала іх перад 8 сакавіка — ружы, гваздзікі, архідэі. 

Тут і далей — здымкі з віленскай крамы Ліяны. Адрас крамы — Geležinkelio, 6.

Жанчына заўсёды іх любіла: «У мяне дома было 56 вазонаў з кветкамі, і я іх нават асабліва не перасаджвала — магла часам папырскаць вадой, абрэзаць сапсаваныя парасткі. Але, напэўна, яны адчуваюць, што я іх люблю, дык і жывуць самі сабе. 

Мае сябры ведалі, што я люблю кветкі. У дзень нараджэння мяне забіралі з працы, дык там была поўная машына кветак — казалі, быццам у Алы Пугачовай! У мяне кветкі заўсёды доўга жылі, нават зрэзаныя: ставіла іх у чарачкі, усе вазачкі запаўняла.

За тое, што ў мяне кветкі доўга жывуць і ружы пускаюць парасткі, мяне сябры называлі вядзьмаркай — маўляў, я нешта пра кветкі ведаю. Казала ім, што нічога не ведаю, проста іх люблю».

Ледзь не палову жыцця Ліяна займалася грамадзянскім актывізмам — да прыкладу, была адной з удзельніц руху «Маці 328» і ўдзельнічала ў галадоўцы. 

Увесну 2020-га яна ўвайшла ў ініцыятыўную групу Сяргея Чэрачня. Разам з іншымі жлобінскімі актывістамі проста ля сваёй крамы ладзіла пікеты па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў:

«Крама працавала да 16, потым мы проста на вуліцы выстаўлялі сталы і штэндары з агітацыйнымі матэрыяламі і збіралі подпісы. Цэнтр горада, у пяці хвілінах міліцыя і выканкам, а мы тут стаім з усімі магчымымі сцягамі. Калі арганізоўвалі першы вялікі пікет, спрачаліся, колькі будзе людзей, ці будуць яны стаяць у чарзе — так і атрымалася, чарга на цэлы квартал.

Надвор’е было жудаснае, вельмі моцны вецер, часам ішоў дождж. Я сяджу за сталом і пішу, а асадка ад холаду не трымаецца ў руках, і людзі падаюць мне пашпарты сінімі рукамі. Тым не менш, яны стаялі і чакалі».

Пасля гэтага да Ліяны сталі прыходзіць сілавікі: то зладзяць прафілактычную гутарку, то паклічуць на размову ці апытанне. Пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага Ліяна паехала ў Гомель на мітынг і рабіла адтуль стрым. За гэта жанчына атрымала сваю першую палітычную адміністратыўку — тады яшчэ «літасцівую», кажа яна, 10 базавых велічынь.

Размовы і выклікі да сілавікоў працягнуліся, кіраўнік РАУС забараніў жанчыне гандляваць БЧБ-сімволікай. А потым пад абмежаванне трапілі нават белыя, чырвоныя і сінія шарыкі — гэта колеры жлобінскага хакейнага клуба «Металург». 

«14 гадоў я гандлявала гэтымі шарыкамі перад хатнімі гульнямі каманды: прыносіла латэксныя шарыкі, надзімала іх насосам і надзявала на палачку. Сказалі, што калі на трыбуне пабачаць хоць адзін такі шарык, спыняць матч і пакараюць мяне, бо гэта я іх прадаю», — згадвае Ліяна.

На выбарах-2020 жанчына была незалежнай назіральніцай, яе затрымлівалі, а потым выклікалі на прафілактычныя гутаркі.

У мясцовым дзяржаўным медыя выйшаў артыкул, што Ліяна праз падман зарабіла на зборы подпісаў — быццам казала, што збірае подпісы за Ціханоўскую, а насамрэч збірала за Чэрачня, і так быццам зарабіла грошы на адпачынак. Па паштовых скрынях у яе пад’ездзе раскідвалі ўлёткі, што яе чарнілі, але нехта з суседзяў узяў такую лістоўку і напісаў на ёй выразанымі аднекуль літарамі: «Слухай сваё сэрца, гэта правакацыя». І прыклеіў скотчам у пад’ездзе.

Далей жанчыну, здавалася, пакінулі ў спакоі. З’язджаць ёй не хацелася — занадта шмат сіл укладзена ў бізнэс, ды і куды ехаць, навошта?

«У мяне пачаліся галюцынацыі, я чула, быццам сына ўначы выводзяць збіваць»

У лютым 2022-га Ліяна пайшла на рэферэндум па зменах у Канстытуцыі. 

Спачатку ўсё было спакойна: калі яна зайшла на выбарчы ўчастак, з ёй павітаўся кіраўнік камісіі, яна павіталася ў адказ па-беларуску, прагаласавала. А калі сыходзіла, затрымалася ля стэнда з афіцыйнымі лічбамі яўкі і звярнула ўвагу — яна была чацвёртай са свайго пад’езда, хто распісваўся за выдадзены бюлетэнь, а яўка на той час ужо складала нібыта 65%. І пачула, як адзін назіральнік пытаўся ў іншага, ці «ім ужо пазванілі». А потым жанчыну затрымалі:

«Мяне чакаў сябар, і мы з ім выйшлі на ганак школы. Там да нас падскочылі чацвёра амапаўцаў. І я ўсё зразумела: калі я павіталася па-беларуску, гэта было сігналам, каб мяне затрымаць, а назіральнікі пыталіся адзін у аднаго, ці выклікалі ўжо сілавікоў.

Мяне прывезлі ў РАУС, куды мяне і да таго шмат разоў прывозілі і запрашалі, так што мяне там ужо ведае багата людзей. Кажуць: «Мікалаеўна, вы зноў да нас. А чаму вас прывезлі?» Папрасілі тэлефон і знайшлі там падпіску на нешта экстрэмісцкае, я за гэтым ужо і не сачыла, бо мяне ніхто не чапаў. Адвялі мяне ў адну камеру, майго сябра — у іншую. Увечары да мяне ў камеру прыйшлі яшчэ тры жанчыны — яны адважыліся выйсці на плошчу з паперкай «Не вайне».

На наступны дзень у Ліяны быў суд. У сярэдзіне сакавіка жанчына збіралася паехаць у Мінск на аперацыю, таму прасіла не даваць ёй арышт, але ж атрымала 15 сутак і выйшла на волю ўвечары ў дзень аперацыі. Аперацыю, замену тазасцёгнавага суставу, перанеслі на май, а ў канцы сакавіка па краіне пракаціліся затрыманні артапедаў-пратэзістаў — так жанчына засталася без аперацыі.

Пасля першага арышту Ліяна атрымала паведамленне, што з ёй разрываюць дамову аб арэндзе памяшкання крамы, пры тым што толькі за паўгода да таго дамову ўпершыню падпісалі на тры гады. Прадпрымальніца збіралася з’ехаць у сярэдзіне мая, а таксама арандаваць у той жа арганізацыі склад, каб перавезці туды абсталяванне і тавар. У арэндзе склада ёй таксама адмовілі, а потым жанчыну арыштавалі другі раз:

«Недзе 22-23 мая, калі я была на гандлёвым пункце ў брата, па мяне прыйшлі, паклікалі мяне як сведку па нейкай крыміналцы. Прыйшла, а там мне паказваюць раздрукоўкі з маіх сацсетак, дзе знайшлі рэпост — здаецца, інтэрв’ю з роднымі палітзняволенай Таццяны Канеўскай. І мне зноў прызначылі 15 сутак.

Гэтыя суткі мне даліся надта цяжка, бо ў мінулы раз у камеры нас было трое, а тут я была адна. Калі мяне затрымалі на рэферэндуме, я была ў доўгім пухавым паліто, выкарыстоўвала яго як спальны мяшок. А тут, калі мяне забралі, я была ў сукенцы і калготках».

Сын прынёс жанчыне ў перадачцы вялікі лазневы рушнік — ім можна было накрывацца як коўдрай. Маленькі рушнік Ліяна выкарыстоўвала як прасціну, пад галаву клала красоўкі і туалетную паперу, і спала на драўлянай падлозе, бо яна была цяплейшай за металічныя нары. 

На пятыя суткі ў суседнюю камеру памясцілі сына жанчыны — ён недзе выклаў відэа з матча са словамі «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!». 

«Нейкі час я чула, што з ім адбываецца ў той камеры, бо там мала іншых гукаў і чутнасць добрая, ды і рабіць няма чаго. А потым я перастала яго чуць. Захварэла — у мяне пачаўся гаймарыт, кан’юктывіт, балела горла, потым і бранхіт пачаўся, і з-за гаймарыту былі праблемы з зубамі, давялося выдаляць.

У мяне пачаліся галюцынацыі, я чула, быццам сына ўначы выводзяць збіваць, але ж не ведала, што гэта толькі галюцынацыі. І ў карцары я была, і галадоўку абвяшчала, у мяне былі істэрыкі», — згадвае Ліяна.

Калі жанчына вызвалілася, зразумела, што пасля трох палітычных адміністратывак жыць ёй у горадзе будзе цяжка. І вырашыла, што трэба з’язджаць.

«Дарагія беларусы, калі вы да мяне заходзіце, вітайцеся па-беларуску»

У чэрвені 2022-га Ліяна апынулася ў Вільні і пачала шукаць працу. Разумела, што мусіць гандляваць, бо нічога іншага не ўмее, і пажадала гандляваць кветкамі.

На першым месцы замацавацца не атрымалася, і тады Ліяна пайшла шукаць іншую працу. Яна згадвае, што проста зайшла ў кветкавую краму, якая ёй спадабалася, і спытала: ці не трэба вам гандляры? Так і засталася там працаваць. Але на пяты дзень жанчына атрымала працоўную траўму і сышла на бальнічны, іншая супрацоўніца таксама была на бальнічным, і крама засталася без гандляра. Крама працавала нерэгулярна, для гаспадароў гэта было стратна, і яны прынялі рашэнне зачыняцца. 

Ліяна вырашыла выкупіць іх кветкі і паспрабаваць распачаць сваю справу. Жанчына пераехала ў Літву без сваякоў, не мае там падтрымкі і вялікіх грошаў, але не здаецца:

«Я прадпрымальніца, і я некалькі разоў пачынала з нуля. Спачатку працавала пад навесам, потым пабудавала павільён, пазней перайшла ў адну краму, у іншую. Пераход у рамках аднаго гандлёвага аб’екта на 50 метраў — гэта ўжо новы пункт, кліенты губляюцца і трэба распачынаць з нуля. Разумею, што тое ж самае будзе і цяпер. Працую тут недзе 5 месяцаў, але гэтага мала. Па маім досведзе, трэба год, каб напрацаваць кліентуру».

Каб хутчэй знайсці кліентаў, Ліяне параілі звярнуцца да беларусаў і запрасіць іх прыходзіць у краму па кветкі, тым больш што знаходжанне ў крамы зручнае — на пляцоўцы ля віленскага чыгуначнага вакзала (Geležinkelio, 6). Жанчына кажа, было трывожна гутарыць з незалежнымі медыя, але дапамог унутраны пратэст — маўляў, я ўжо ў свабоднай краіне, чаго мне яшчэ баяцца?

Цяпер у краму да Ліяны пайшлі беларусы, і яе гэта вельмі кранае: «Разумею, што навіна хутка перастае быць навіной і пра мяне забудуць, што камусьці нешта магло не спадабацца, у кагосьці маглі хутка памерці кветкі, бо кветкі ўсе розныя. Зразумела, што са 100 чалавек, якія прыйдуць да мяне, застанецца 30 маіх кліентаў, але яны застануцца. Спадзяюся, што калісьці іх будзе не 30, а 300.

Дарагія беларусы, калі вы да мяне заходзіце, вітайцеся па-беларуску, каб я адразу зразумела, што вы мае зямлякі. Я больш камунікую з літоўцамі, але калі заходзіць чалавек і ад дзвярэй кажа «прывітанне», насамрэч расквітаеш».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Пачаў у вольны час думаць па-беларуску». Беларусы, якія дзесяцігоддзямі жывуць у эміграцыі, расказалі, як страцілі і аднаўлялі сувязь з беларушчынай

У Жлобіне на падворках ставяць расійскія сцягі. Мясцовыя сілавікі гэта толькі вітаюць

Мастак Кузьміч расказаў, навошта зноў вяртаўся ў Беларусь. Стрыжак: Больш вывозіць яго не будзем

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
39
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
8
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031