Знайсці
11.01.2024 / 01:0731РусŁacБел

Скандал вакол маці Валерыя Кавалеўскага. Хто запусціў інфармацыйную кампанію і ў чым сутнасць абвінавачанняў?

Самая магутная інфармацыйная кампанія пачатку 2024 года ў апазіцыйных колах — атака на намесніка старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета Валера Кавалеўскага. Апаненты спрабуюць выставіць яго «агентам» і тарпедаваць рэпутацыю дыпламата праз асобу яго маці.

Адкуль пачалася атака? Адтуль жа, адкуль ішла і папярэдняя, супраць сузаснавальніка ініцыятывы By_help Аляксея Лявончыка.

Гэта супольнасць з тэлеграм-канала «Аб'яднаны штаб супраціву» (на меркаванне «Байпола», за АШС стаіць Андрэй Абозаў, які цяпер жыве ў Эстоніі), палітолага Дзмітрыя Балкунца, прэтэндэнта ў прэзідэнты-2020 Валерыя Цапкалы. Балкунец за тыдзень напісаў у сваім канале 15 (!) допісаў, прысвечаных Валерыю Кавалеўскаму.

У папярэдняй сітуацыі супольнасць апелявала да айчыма жонкі Лявончыка — бо той працаваў у Радзе бяспекі. А Лявончык у адказ даводзіў, што не падтрымлівае адносіны з цесцем ужо амаль 10 гадоў. На гэтым абмеркаванне скончылася, і ўвага пераключылася на наступную тэму.

Цяпер гаворка пайшла пра маці Валерыя Кавалеўскага. Людміла Кавалеўская доўгі час жыла ў Расіі, атрымала расійскае грамадзянства і нават уступіла ў «Адзіную Расію». Апроч таго, жанчына з’яўлялася прадстаўніком гандлёвай карпарацыі Удмурцкай Рэспублікі ў Беларусі. Загучалі абвінавачванні пра чарговы «расійскі» след у дэмакратычных сілах Беларусі.

Людміла Кавалеўская (другая справа) на сустрэчы з беларускімі чыноўнікамі. Фота: @ostorojnovirusSvobody / Telegram

Кавалеўскі адмовіўся каментаваць сітуацыю «Нашай Ніве», але даў некалькі інтэрв'ю іншым СМІ. 

У эфіры «Еўрарадыё» Кавалеўскі распавёў, што яго маці, якая нарадзілася на Палессі, па ўласнай ініцыятыве паехала працаваць у Расію, дзе былі добрыя магчымасці для яе прафесійнай рэалізацыі.

Доўгі час Людміла Кавалеўская пражыла ў Іжэўску (Удмурція). Там яна займалася грамадскай дзейнасцю, брала ўдзел у працы беларускай дыяспары. У 2017 годзе як кандыдат ад «Адзінай Расіі» Людміла ўдзельнічала ў выбарах, але не перамагла. Для таго, каб удзельнічаць у выбарах, яна адмовілася ад беларускага грамадзянства.

Па словах Валерыя, яго маці з 2020 года жыве ў Беларусі. Яна аднавіла беларускае грамадзянства і добраахвотна выйшла з расійскага. Таму, маўляў, жанчына зараз не можа быць сябрам ніякай палітычнай партыі ў Расіі.

Ва Удмурціі Людміла Кавалеўская працавала на «Гандлёвы дом «Беларусь». Але, як адзначае Валерый, гэта была прыватная, а не дзяржаўная структура. Таму нельга гаварыць, што гэта быў нейкі дзяржаўны орган прасоўвання беларускай прадукцыі.

Людміла Кавалеўская. Фота: @ostorojnovirusSvobody / Telegram

Цяпер Людміла Кавалеўская зʼяўляецца прадстаўніком удмурцкай гандлёвай карпарацыі ў Беларусі — «свабодным агентам» па прасоўванні прадукцыі, што вырабляецца ва Удмурціі, на беларускі рынак.

Як распавёў Валерый Кавалеўскі, маці з павагай паставілася да яго рашэння далучыцца да каманды Святланы Ціханоўскай. Але гэта стварыла для яе пэўныя рызыкі.

У інтэрвʼю «Радыё Ўнэт» Кавалеўскі дадаў, што спецслужбы неаднаразова выклікалі маці на размовы, а восенню мінулага года ў яе кватэры быў праведзены ператрус. Зрэдку Людміла бывае за мяжою, дзе сустракаецца з сынам і ўнукам.

У тэлеграм-канале OSINT «Феникс», які пазіцыянуе сябе як «праект ускрыцця прарасійскай агунтуры ў шэрагах апазіцыі» адрэагавалі на тлумачэнні Валерыя Кавалеўскага адносна адсутнасці ў яго маці расійскага грамадзянства. Яны пераконваюць, што расійскі пашпарт Людмілы Кавалеўскай не значыцца сярод несапраўдных, таму яна працягвае быць грамадзянскай Расіі.

Чытайце яшчэ:

«Калі палітыка пытаюць, агент ты ці не агент, я не ведаю, што ён мусіць адказваць». Сяргей Вазняк патлумачыў, для чаго ім з Калякіным партыя

Былая рэдактарка Чорнай кнігі Беларусі выступіла са скандальнымі заявамі — і пачаліся разборкі на ўвесь інтэрнэт

«Байпол» выклаў сваю версію расколу арганізацыі: спецслужбы, «штаб супраціву», Балкунец і Цапкала

Як вызначыць агента ў сваім атачэнні

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
44
Ха-ха
16
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
18
1
Рэндэр/адказаць/
11.01.2024
узяты асобна, гэты факт ні пра што не сведчыць. але ў звязку з іншымі фактамі - расійскімі пашпартамі Сахашчыка і Красулінай - выглядае вельмі падазрона.
12.01.2024
Журналюга, КГБ возьмёт, поверь, несчастный
0
Дзядька Ох/адказаць/
27.03.2024
Не разумею за каго нас трымаюць. Як можа маці аднаго з палітыкаў, які лабіруе санкцыі супраць рэжыма жыць у Беларусі? З іньшага боку я не ведаю дзе жывуць бацькі Ціханоўскай і іньшых. Сапраўды дзеці за бацькоў не адказваюць, але ўсё ж такі лічу што ў нашых абставінах усе публічныя палітыкі павінны быць абсалютна чыстымі ў гэтых адносінах і ўвогуле ніякіх родных у Беларусі ім лепш не мець. Хочыш займацца публічнай палітыкай - вывозь сваіх родных. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031