Магутнасць другога блока БелАЭС павысілі да 50% у прысутнасці Галоўчанкі і Ліхачова
Магутнасць рэактарнай устаноўкі другога энергаблока БелАЭС павысілі да 50 %. Прымеркаваная да гэтай падзеі цырымонія прайшла 19 мая на БелАЭС з удзелам прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі і генеральнага дырэктара дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксея Ліхачова, паведамляе Мінэнерга.
Фота: Мінэнерга
Як праінфармаваў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, 13 мая 2023 года другі энергаблок БелАЭС на ўзроўні магутнасці рэактара 40% быў уключаны ў аб'яднаную энергасістэму краіны. За мінулы час ім выпрацавана больш за 45 млн кВт-г электраэнергіі.
Кіраўнік урада наведаў блочны пульт кіравання другога блока атамнай станцыі, дзе яму далажылі аб праведзенай працы. У прысутнасці прэм'ер-міністра ўзровень магутнасці рэактарнай устаноўкі павысілі з 40 да 50 %.
У найбліжэйшы час спецыялісты працягнуць паэтапнае засваенне магутнасці рэактара блока да 100 %. Прадугледжваюцца і адключэнні блока ад сеткі.
Нагадаем, што ў мінулым годзе доўгі час прастойваў першы энергаблок АЭС.
Чытайце таксама: