Знайсці
12.05.2023 / 10:072РусŁacБел

Экскаватарная археалогія ў Магілёве. Прычым тут Марзалюк і палітычныя чысткі?

Нядаўнія земляныя работы ў гістарычным цэнтры Магілёва, калі перакапалі брукаванку, правялі без ведама Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Выбрукаваная Дваранская вуліца на пачатку XX стагоддзя. Першы будынак — дом Дваранскага сходу, ад якога вуліца атрымала сваю назву. За ім, у глыбіні квартала, хаваецца касцёл Святога Станіслава. Фота: Wikimedia Commons.

Пра незаконнасць работ у Магілёве стала вядома з адказу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, які апублікаваў тэлеграм-канал «Спадчына». 

Капітальны рамонт вуліцы Камсамольскай пачаўся 15 сакавіка. На ўчастку ад вуліцы Першамайскай да Ленінскай цалкам прыбралі аснову дарожнага палатна на глыбіню больш чым 1,4 м. Замест яго стварылі шматслойную «падушку» пад новае дарожнае палатно.

Падчас работ мясцовымі жыхарамі была заўважаная старая брукаванка, якую разам з грунтам вывезлі ў невядомым кірунку. Тэрыторыя, дзе праводзіліся работы, цалкам уваходзіць у склад гістарычнага цэнтра Магілёва, культурны пласт якога ўзяты пад ахову дзяржавай.

Інстытут гісторыі, як толькі стала вядома пра работы, неадкладна правёў агляд, але не выявіў ужо ні культурнага пласта, ні бруку. Земляныя работы, праведзеныя з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі, спецыялісты прызналі грубым парушэннем заканадаўства.

Хто ж адказны за гэта?

Брук, выяўлены падчас работ на Камсамольскай вуліцы. Фота: тэлеграм-канал Aktahon.

Сама гэтая вуліца мае даўнюю гісторыю і, верагодна, з’явілася не пазней за XVII стагоддзе як працяг Велікакняжацкай вуліцы (Віленскай, цяпер Лазарэнкі). Яна праходзіла ўздоўж Кругавога (або Бліжняга) вала, што ахопліваў Стары горад. На вуліцу выходзілі дзве гарадскія брамы — Ветраная і Княжацкая. За абарончымі ўмацаваннямі Старога горада склаўся вялікі Шклоўскі пасад. 

Праца цяжкай будаўнічай тэхнікі на культурным пласце. Фота: «Веснік Магілёва».

У 1738—1752 гадах на Шклоўскім пасадзе з арыентацыяй на вуліцу пабудаваны двухвежавы барочны храм пры кляштары кармелітаў. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Магілёўшчына патрапіла пад уладу Расійскай імперыі. Горад, які да гэтага лічыўся апошняй апорай праваслаўя, цяпер ператварыўся ў цэнтр каталіцтва ўсёй імперыі. Гэткі ўздым звязаны з асобай новапастаўленага магілёўскага архібіскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча (дзядзькі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча).

У Магілёве пры ім, з арыентацыяй на рымскі сабор, перабудоўваецца галоўны фасад кармеліцкага сабора, які атрымлівае тытул у гонар Святога Станіслава (якое супадзенне!). На гэтай жа вуліцы па праекце віленскага архітэктара Лаўрына Стуока-Гуцэвіча ён узводзіць уласны палац. Перспектыву вуліцы канца XVIII стагоддзя з перабудаваным па новай модзе кармеліцкім касцёлам, архібіскупскім палацам, а таксама пакуль яшчэ захаваным Блізкім валам адлюстраваў на сваім малюнку расійскі архітэктар Мікалай Львоў, які праектаваў у горадзе. Пакрыццё вуліцы ў гэты час яшчэ грунтавое.

Вуліца ў канцы XVIII стагоддзя, па левы бок — Блізкі вал, па правы — кармеліцкі касцёл і палац архібіскупа. Малюнак Мікалая Львова. Крыніца: Wikimedia Commons.

У XIX стагоддзі гарадскія ўмацаванні, якія заміналі росту горада, былі зрытыя. На месцы Блізкага вала быў разбіты сквер-бульвар, які атрымаў назву Мураўёўскага, у гонар губернатара Міхаіла Мураўёва — таго самага, якому за здушэнне паўстання 1863—1864 гадоў дадуць мянушку «Вешальнік». Само з'яўленне бульвараў звязанае з паўсюдным зносам старых умацаванняў у Еўропе: і знакамітыя парыжскія бульвары, і венскі Рынгштрасэ, і маскоўскае Бульварнае кола — усе яны ўзніклі на месцы колішніх гарадскіх сцен. 

Брук перад уваходам у Мураўёўскі сад з боку Дваранскай вуліцы. Фотаарахіў Алега Лісоўскага

У XIX стагоддзі вуліца стала называцца Дваранскай, па размешчаным тут доме Дваранскага сходу (разбураным падчас вайны). З бурным развіццём горада кармеліцкі касцёл і архібіскупскі палац апынуліся цяпер у глыбіні новых кварталаў, забудаваных па перыметры 2-3-павярховымі сучаснымі дамамі. З прыходам да ўлады камуністаў неадпаведная духу часу назва была змененая, вуліца стала называцца Камсамольскай.

Круглы брук на Дваранскай вуліцы перад гасцініцай «Брысталь», дзе падчас знаходжання ў горадзе Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага жылі прадстаўнікі саюзных дзяржаў. 1916. Фотаарахіў Алега Лісоўскага.

На здымках вуліцы канца XIX — пачатку XX стагоддзя ўжо выразна бачны брук. Праўда, ён збольшага круглы (з нечасаных камянёў), у той час як на ўсіх здымках нядаўніх дарожных работ ён прамавугольны часаны. А вось на здымках часоў нацысцкай акупацыі горада брукаванка ўжо апынулася пад асфальтам. Такім чынам, перабрукоўка вуліцы, калі яна і была, магла адбыцца недзе ў міжваенны час. Выкарыстанне такога бруку дакладна пацверджанае ў Мінску. Вельмі верагоднай прычынай змянення круглага бруку на больш зручны ў Магілёве могуць быць не да канца ажыццёўленыя планы 1930-х гадоў па пераносе сюды сталіцы БССР з прыгранічнага Мінска. Камень пры гэтым мог пастаўляцца з гранітных радовішчаў ва Украіне, бо сваіх распрацовак у той час на Беларусі не было.

Газетная нататка пачатку 1930-х гг. пра работы на Савецкай вуліцы ў Мінску. На цэнтральным здымку бачна, як часаным каменем выбрукоўваецца вуліца.

Такім чынам, брук, нават калі ён не дарэвалюцыйны, мае відавочную каштоўнасць як сведчанне развіцця горада, неажыццёўленых палітычных праектаў і эканамічных узаемасувязяў даваеннай Беларусі. Тым больш, што быў знішчаны не толькі брук, але і ўвесь шматвекавы культурны пласт.

Пачатак Камсамольскай вуліцы падчас нацысцкай акупацыі горада. Замест бруку ўжо асфальтавае пакрыццё. Фотаархіў Алега Лісоўскага.

Беларускі гісторык, да якога мы звярнуліся, лічыць, што праблема з аховай культурнага пласта ў Беларусі мае сістэмны характар. Пры гэтым ён адзначае, што ў цэлым на Магілёўшчыне вельмі далікатна ставяцца да даследаванняў, выключэннем з’яўляецца сталіца рэгіёна. Тут, на яго думку, праблема палягае ў манаполіі на археалагічныя раскопкі, якую захапіў дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк.

Адкрыты ліст на даследаванні па канкрэтных гарадах і раёнах археолагам даецца Інстытутам гісторыі НАНБ, і Марзалюк, нягледзячы на ўсе «касякі», заўсёды мае такі ліст на Магілёў і фактычна не дае іншым працаваць у горадзе (хоць ніхто больш ужо і не прэтэндуе).

Марзалюк, які ўжо шмат год аддае перавагу палітычнай дзейнасці, робіць Магілёў закладнікам сітуацыі. Апошнім часам ён, як адзначае наша крыніца, перадае свае паўнамоцтвы па горадзе свайму вучню Аляксею Аўласовічу. 

Як адназначнае гісторык, археалагічны нагляд прыносіць вялікія даходы. Будаўнічыя арганізацыі плацяць дзясяткі тысяч даляраў за нагляд падчас работ у гістарычным цэнтры. 

Абуральныя выпадкі абыходжання з культурным пластом у Магілёве здараліся і раней. Так, на тэрыторыі Замкавай гары ў канцы 2000 гадоў з асабістага дазволу Лукашэнкі пачалі будаўніцтва царквы ў гонар святых царственных пакутнікаў і новапакутнікаў і спавядальнікаў ХХ стагоддзя. На тэрыторыі былога замка захоўваецца адзін з найбольш магутных пластоў у горадзе, а рэжымамі аховы было забаронена любое новае будаўніцтва акрамя аднаўлення страчаных помнікаў. Перад будаўніцтвам царквы ўсё ж даследавалі адзін квадрат, але пасля план царквы змянілі, да яе дадаўся яшчэ адзін аб'ём, пад якім ужо ніякіх даследаванняў не праводзілася. Не праводзіліся яны і пад свячной лаўкай і домам святара, якія былі пабудаваныя побач без аніякага дазволу. 

Гісторык адзначае, што пры былым кіраўніку горада Уладзіміру Цумараву ў ім знішчалася ўсё, што мае непрывабны выгляд і не адпавядае «навядзенню лоску», нават калі тое мае гістарычную каштоўнасць. Новы ж старшыня гарвыканкама Аляксандр Студнеў пакуль не абазначыўся ў прынцыповых рашэннях.

Вядома, што раней брук знаходзілі і на іншых магілёўскіх вуліцах, у прыватнасці Першамайскай і Піянерскай, але звычайна на яго зверху проста залівалі новы асфальт. Як адзначаюць, такая аснова — амаль вечная і не патрабуе замены. 

Інстытут гісторыі НАНБ спрабаваў сам разабрацца з сітуацыяй, накіраваўшы лісты ў Магілёўскі гарвыканкам і Міністэрства культуры аб парушэнні заканадаўства пры правядзенні работ на Камсамольскай вуліцы. Калі выканкам так нічога не адказаў, то адказ Міністэрства культуры, што работы па капітальным рамонце вуліцы не павінны ўзгадняцца з імі, бо не з'яўляюцца рамонтна-рэстаўрацыйнымі і не выконваюцца на тэрыторыі помнікаў археалогіі, выклікае пытанні.

Абазнаныя ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей асобы патлумачылі нам, што падобныя адпіскі сталі нярэдкімі для профільнага міністэрства і звязваюць гэта з палітычнымі чысткамі апошніх гадоў. У студзені 2022 года, які лукашэнкаўцамі быў абвешчаны Годам гістарычнай памяці, былі звольненыя па палітычных матывах начальніца ўпраўлення па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей Наталля Хвір і яе намесніца Святлана Краюшкіна, якая ўзгадняла навукова-праектную дакументацыю на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Упраўленне ўжо больш за год застаецца без кіраўніцтва (відаць, не могуць знайсці лаяльных спецыялістаў), якое б магло ўзяць на сябе ініцыятыву па прыцягненні да адказнасці вінаватых, але замест гэтага ініцыятыва перайшла на бок міністэрскіх юрыстаў. 

Па Магілёве ж, адзначаюць спецыялісты, дзейнічаюць адразу два праекты зон аховы: гістарычнага цэнтра горада, зацверджаны ў 2005 годзе, і ўласна праект для археалагічных аб'ектаў, зацверджаны ў 2011-м. У апошнім адназначна напісана, што «пры выкананні ўсіх відаў земляных і будаўнічых прац на тэрыторыі зон аховы археалагічных аб'ектаў неабходна забяспечыць правядзенне археалагічных даследаванняў і рэалізацыю мер па ахове археалагічных аб'ектаў». Такім чынам, сцвярджэнні міністэрскіх супрацоўнікаў пра тое, што работы выконваліся не на тэрыторыі археалагічных помнікаў, не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю і заканадаўствам.

Разрытая вуліца Камсамольская. 20 сакавіка 2023 г. Фота: Magilev.by 

Хочацца заўважыць, што пры маўклівай згодзе Міністэрства падчас падрыхтоўкі Стоўбцаў да мясцовых Дажынак, летам 2020 года была знішчаная большая частка брукаванкі на тракце Новы Свержань — Мір. Як выявілася, ніякія ўзгадненні для гэтага, на думку ведамства, таксама не патрабуюцца. А вось баранавіцкія ўлады ў 2019 годзе, калі быў выяўлены брук перад чыгуначным вакзалам «Баранавічы-Палескія», паступілі больш разумна: вырашылі захаваць яго, забрукаваўшы пешаходную зону паміж прывакзальнай плошчай і вуліцай Фралянкова. Магілёўцы таксама спадзяваліся, што стары брук знойдзе новае прымяненне, напрыклад, у новых «кішэнях» прыпынкаў грамадскага транспарту. Замест гэтага стары брук вывезлі кудысьці на сметнік, а «кішэні» забрукавалі новым каменем. 

Брук, выяўлены перад вакзалам у Баранавічах, пасля быў паўторна выкарыстаны. Фота: Intex-press

Звяртае на сябе ўвагу яшчэ той факт, што Інстытут гісторыі даведаўся пра сітуацыю толькі з публікацый у інтэрнэце — гэта паказвае на важнасць і неабходнасць паведамляць пра любыя работы, якія падаюцца вам незаконнымі, у сродкі масавай інфармацыі, тэматычныя блогі, або напрамую звяртацца ў адпаведныя органы. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

У Беларусі адкрылі палац Булгакаў пасля рэстаўрацыі, якая доўжылася 14 гадоў

У Мінску надрукавалі «Біблію Скарыны». Кнізе — 500 гадоў!

У час каранацыі Карл III сядзеў на вялікім камені. Чым адметны гэты кавалак пясчаніку?

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
35
12.05.2023
Шліман адкапаў Трою, марзалюк бы яе закапаў.
0
Быхаў/адказаць/
12.05.2023
Што там Магілёў, уся Беларусь пад каўшом лукашысскага экскаватара…
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера