Знайсці
16.05.2023 / 08:442РусŁacБел

Недахоп асвятлення і кальцыю, а таксама псіхалагічныя праблемы ў інтэлігентных людзей. Былыя беларускія турэмныя медыкі расказалі, якія праблемы назіралі ў вязняў

22 мая пачнецца суд над Эдуардам Бабарыкам — вязням, які правёў на Валадарцы амаль тры гады. Як такое зняволенне адбіваецца на фізічным і псіхічным здароўі вязняў? Распыталі медыкаў.

«Цяжкі стан падследнага аблягчае працу тым, хто змяшчае яго ў СІЗА»

Праваабаронца Васіль Завадскі больш за 20 гадоў прапрацаваў медыкам у беларускай пенітэнцыярнай сістэме, узначальваў медыцынскую службу Дэпартамента выканання пакаранняў беларускага МУС.

Завадскі расказвае, што калі людзі знаходзяцца ў СІЗА не менш за некалькі месяцаў, то шмат хто пачынае скардзіцца на стан зубоў, і гэта тыповая праблема для пенітэнцыярнай сістэмы:

«Я звязваю гэта з недахопам натуральнага асвятлення і фізічных нагрузак, а таксама з недахопам засваяльнага кальцыю, і нормы харчавання не ўлічваюць гэтага аспекту. Засваяльны кальцый змяшчаецца не столькі ў малочных прадуктах, колькі ў раслінных. З тварагом крыху іншая гісторыя, яго наогул няма ў рацыёне вязняў: ён прадугледжаны на дыятычным харчаванні, але яго часта замяняюць іншымі прадуктамі».

У харчаванні вязняў раслінных прадуктаў вельмі мала. Нядаўна там значна зменшылася колькасць рыбы, і гэта таксама не спрыяе здароўю. А так, мяркуе праваабаронца, рацыён у вязняў у СІЗА збольшага збалансаваны, хаця і ёсць перакос у бок вугляводаў: па нормах вязні атрымліваюць шмат каш і хлеба, ім не хапае тлушчаў і раслінных прадуктаў.

Недахоп асвятлення выклікае праблемы са зрокам, а таксама не дае выпрацоўвацца ў арганізме вітаміну D, які патрэбны для засваення кальцыю. Пагаршаецца стан зубоў і касцей, ды і ўвогуле стан арганізма і настрой чалавека. Нават у калоніях чалавеку не хапае асвятлення, бо ён вымушаны пэўны час быць на працоўным месцы без дастатковага асвятлення. Гэта асабліва актуальная праблема ў нашым клімаце, дзе сонца і так мала.

Васіль Завадскі. Фота: humanrightshouse.org

Тое, што вязням не хапае фізічнай нагрузкі, таксама вельмі істотна ўплывае і на іх тонус, і на псіхалагічны стан.

Імаверна, праз стрэс у вязняў могуць узнікаць фізічныя хваробы, але гэтая тэма недастаткова даследаваная. Гаворка пра так званую псіхасаматыку.

«Такіх хвароб шмат, але часцей за ўсё гэта артэрыяльная гіпертэнзія, захворванні скуры, язва страўніка, магчыма, бранхіяльная астма і цукровы дыябет. Таксама багата хвароб узнікае на фоне аслаблення імунітэту, тыя ж анкалагічныя захворванні, а імунітэт можа аслабляцца праз псіхасаматыку.

Зразумела, што калі доўгі час знаходзіцца ў абмежаваных і стрэсавых умовах, нейкія псіхасаматычныя хваробы праявяцца. Бачыў, калі працаваў у пенітэнцыярнай сістэме, што вельмі шмат людзей там знаходзіцца ў прыгнечаным псіхалагічным ці дэпрэсіўным стане, бываюць і суіцыды з гэтых прычын. Аднак, па маіх назіраннях, у зняволенні не больш суіцыдаў, чым на волі, за кратамі іх нашмат цяжэй учыніць, бо за чалавекам там пастаянна назіраюць. Іншыя прычыны смерці збольшага тыя ж, што і на волі: сардэчна-сасудзістыя захворванні, анкалогія», — кажа Васіль Завадскі.

Што адбываецца з вязнямі накшталт Эдуарда Бабарыкі, якія праводзяць у СІЗА не ўмоўныя чатыры месяцы, а некалькі гадоў? Завадскі заўважае, што нават па фота з суда бачна, што людзі выглядаюць блага.

Але да суда, нават да такога, у якім загадзя вядомы вынік, людзі знаходзяцца ў стане барацьбы з сістэмай, таму іх арганізм мабілізуецца. Таксама праваабаронца дзеліцца назіраннем, што калі людзі вызваляюцца з месцаў пазбаўлення волі, то ў іх пачынаюць прагрэсаваць пэўныя хваробы. Ён тлумачыць гэта так: праз тое, што знікае «тонус барацьбы з хранічным стрэсам», арганізм расслабляецца і робіцца больш схільным да хвароб.

Алесь Бяляцкі ў судзе. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру правёў у СІЗА-1 больш за паўтара года. Фота: СБ

Калі ў СІЗА трапляе вязень з анкалагічнай хваробай, як у выпадку з Ксеніяй Луцкінай, ён сутыкаецца з тым, што ва ўсёй пенітэнцыярнай сістэме няма анколагаў, тым больш вузкага профілю. Таксама людзі, якія пастаянна прымалі лекі, могуць нейкі час не мець да іх доступу. 

Таму, тлумачыць праваабаронца, шмат залежыць ад настойлівасці сваякоў, а таксама ад лекараў. 

Цяпер лічыцца, што ў следчыя ізалятары не павінны прымаць людзей, стан здароўя якіх вымагае неадкладнай медычнай дапамогі. Але, на думку Васіля Завадскага, у рэальнасці гэта правіла не заўсёды выконваецца.

«Трэба разумець, што цяжкі стан падследнага аблягчае працу тым, хто змяшчае яго ў СІЗА, і гэтыя людзі якраз зацікаўленыя ў такім ціску. У такім выпадку чалавек хутчэй згодзіцца прызнаць віну ці нешта на сябе ўзяць.

Медыкам складана такому супрацьстаяць, бо следчыя могуць на іх ціснуць праз адміністрацыю ўстановы, каб яны прымалі чалавека ў СІЗА», — тлумачыць ён.

На думку праваабаронцы, у пенітэнцыярнай сістэме ёсць сур’ёзная праблема з укамплектаваннем медыцынскіх кадраў. Умовы працы медыкаў у СІЗА і калоніях больш складаныя, чым у іншых абставінах, нягледзячы на бонусы для іх, і нават у добрыя часы было складана знайсці медыка для такой працы. Што датычыць лекаў, то Завадскі пацвярджае: у СІЗА асаблівых праблем з лекамі няма. Іншая рэч, што там звычайна прэпараты беларускай вытворчасці, ды і не заўсёды яны добра падабраныя.

А вось трапіць да стаматолага ў зняволенні цяжэй, чым да звычайнага медыка.

«У штаце кожнай пенітэнцыярнай установы будзе стаматолаг, калі ўстанова маленькая, ён будзе працаваць не на ўсю стаўку, але ў любым выпадку ён сутыкнецца з вельмі высокай нагрузкай. У зняволеных значна большая патрэба ў стаматалагічнай дапамозе, чым у іншых грамадзян, і адзіны стаматолаг з ёй не справіцца.

Тады з’яўляецца спакуса не лячыць зубы, а іх выдаляць, і такая праблема сапраўды ёсць.

Стаматолаг можа паехаць на курсы ці ў адпачынак, і разам з іншымі фактарамі гэта яшчэ больш ускладняе сітуацыю.

Калі людзям выдаляюць зубы, паўстае праблема іх пратэзавання, і яна зусім не вырашана. Раней існавала лабараторыя, якая гэтым займалася. Наколькі я ведаю, цяпер яе няма, але фармальна дазволена заключаць дамовы аб пратэзаванні з найбліжэйшай да СІЗА ці калоніі медычнай установай. Але ўсё гэта складана, бо зняволенага, думаю, не будуць нікуды вывозіць, так як для гэтага трэба канвой і транспарт, таму трэба неяк заахвоціць лекара, каб ён сам некалькі разоў прыехаў да вязня. Рэч і ў цэнах, бо пратэзаванне — зусім не танная працэдура».

«Збольшага людзі ў СІЗА атрымліваюць разлады адаптацыі, бываюць неўрозы»

Псіхіятр Павел Перапёлкін дзесяць гадоў працаваў у брэсцкім СІЗА-7, восем з іх ён адказваў за медычную частку ўстановы. Спецыяліст падзяляе вязняў СІЗА на дзве катэгорыі. Першая з іх — тыя, хто ўжо не першы раз трапляе за краты і для каго зняволенне — частка пэўнага ладу жыцця. Для такіх вязняў умовы ў СІЗА звыклыя, і нічога асаблівага з імі там не адбываецца. Для некаторых з іх трапіць у зняволенне — гэта, наадварот, магчымасць заняцца сваім здароўем, напрыклад, праблемамі, звязанымі з залежнасцямі.

Іншая рэч — людзі, якія трапляюць у СІЗА ўпершыню, асабліва калі яны не з маргінальных слаёў. 

«Псіхалагічныя праблемы ў такіх вязняў збольшага датычаць адаптацыі, бо людзі трапляюць у цалкам новыя для сябе ўмовы, стасуюцца з новымі людзьмі. Але ў большасці выпадкаў вязні здольныя самі адаптавацца да гэтых умоў: у кагосьці гэта займае некалькі дзён, у кагосьці — некалькі тыдняў. Некаторым, аднак, трэба псіхалагічная дапамога ці прыём псіхіятрычных лекаў», — кажа ён.

Людзі з псіхічнымі захворваннямі таксама трапляюць у СІЗА, але гэта бывае не так часта, калі не браць ва ўлік залежнасці і расстройствы асобы. Яшчэ, расказвае Павел, псіхіятры ў СІЗА часам маюць справу з алкагольнымі псіхозамі або сіндромамі адмены наркотыкаў ці алкаголю. Рэч у тым, што чалавек трапляе ва ўмовы, якія выключаюць ужыванне гэтых рэчываў.

Ці можна атрымаць у СІЗА праблемы з псіхікай? Павел кажа, што тут, як і з фізічнымі хваробамі, пагаршэнне ідзе з боку найбольш уразлівых у канкрэтнага чалавека сістэм арганізма. «У вязня можа быць генетычная схільнасць да нейкіх захворванняў або хранічны працэс у псіхіцы, больш-менш скампенсаваны, і падчас зняволення ўсё гэта можа абвастрыцца.

Збольшага людзі ў СІЗА атрымліваюць разлады адаптацыі, то-бок у чалавека рэзка змяніліся ўмовы і яму цяжка да іх прыстасавацца, таксама назіраюцца дэпрэсіўныя рэакцыі. Не магу сказаць, што ўмовы СІЗА могуць справакаваць развіццё нейкіх псіхозаў».

Акрамя змены ўмоў, на псіхіку вязняў уплываюць і асаблівасці асяроддзя, бо ты не абіраеш яго, ты вымушана кантактуеш з пэўнымі людзьмі 24/7. У дадатак ты пад следствам або праходзіш праз суд, і гэта таксама на табе адбіваецца, бо не пра ўсё можна распавесці, не ўсе пачуцці можна выказаць, на волі для гэтага значна больш магчымасцей. Усё гэта, тлумачыць Павел, адбіваецца на эмацыйнай сферы, можа выклікаць неўроз.

Павел Перапёлкін. Фота: архіў героя

Умовы ў камеры СІЗА не надта спрыяльныя і для фізічнага здароўя: «нары», стол, адна ці дзве лаўкі, санвузел, душ раз на тыдзень, летняя спёка, з якой нічога не зробіш (Перапёлкін удакладняе, што ўзімку тэмпература ў камеры больш камфортная, чым у спёку). Калі чалавек прымае ежу за метр ад санвузла, калі перагародка нават не дастае да столі, то гэта не надта добра для здароўя. У дадатак, расказвае доктар, вязень амаль не можа кантраляваць тэмпературу ў камеры, для гэтага ён мае хіба што маленькае акенца пад столлю.

Таксама вязням не хапае магчымасці хадзіць. «Так, іх выводзяць на шпацыр, але шпацырны дворык — гэта такі ж каменны мяшок, як і камера, толькі з нацягнутай сеткай замест столі. Уся прагулка адбываецца ў гэтай клетцы, але ж чалавеку патрэбна нармальна рухацца, гэта таксама фактар здаровага ладу жыцця», — кажа Павел Перапёлкін.

Медык сведчыць, што ў псіхолагаў і псіхіятраў, якія працуюць у СІЗА і калоніях, шмат фармальнай працы, якая не мае дачынення да аказання медычнай дапамогі і ўвогуле збольшага непатрэбная. Ці знойдуць псіхолагі ў такім выпадку час, каб разбірацца як мае быць у праблемах вязняў? Гэта, хутчэй, залежыць ад асабістых якасцяў спецыялістаў, а таксама ад памераў СІЗА, колькасці зняволеных і ўкамплектаванасці штату.

Што рабіць па выхадзе з СІЗА?

Павел раіць заняцца псіхічным здароўем любому чалавеку, які вызваліўся з СІЗА або з калоніі. Магчыма, у першую чаргу лепш пайсці да псіхіятра, каб вырашыць, ці трэба экс-вязню прымаць псіхіятрычныя лекі — калі не, псіхіятр перанакіруе яго да псіхолага. Так ці інакш зняволенне адбіваецца на жыцці чалавека, ды і да жыцця на волі таксама трэба адаптавацца.

«Псіхічныя наступствы ад СІЗА могуць стаць адбіткам на ўсё жыццё, і не заўсёды можна хутка чалавеку дапамагчы, асабліва калі ў яго неўроз. Калі гаворка толькі пра разлад адаптацыі, то там больш шансаў, што чалавек выйдзе на волю і, магчыма, нават самастойна вернецца да нармальнага жыцця, але гэта цяжка», — кажа Павел.

У норме, лічыць Павел, павінна існаваць сістэма рэабілітацыі экс-вязняў, у тым ліку і экс-палітвязняў. На думку псіхіятра, яны належаць да асобнай катэгорыі: чалавек разумее, што ён не павінен сядзець, а тыя, хто якраз павінен, знаходзяцца на волі і вырашаюць яго лёс. Гэта яшчэ адна траўма, таму экс-палітвязням заўсёды патрэбная псіхалагічная, а то і псіхіятрычная дапамога. 

Для вязняў вельмі важны кантакт са светам за межамі турмы. Чалавек пастаўлены ва ўмовы, у якіх ён не выбірае сваё асяроддзе, і яму трэба рэалізаваць патрэбы ў камунікацыі, а ў камеры не заўсёды ёсць для гэтага адпаведныя людзі. Лісты, спатканні — усё гэта вельмі важна і дапамагае не толькі ў адаптацыі, але і ў тым, каб знізіць уплыў стрэсу ад зняволення.

Ці быў Павел сведкам суіцыдаў у СІЗА-7?

«За дзесяць гадоў маёй працы ў СІЗА ў нас было два завершаныя суіцыды, па сёння я не разумею іх матываў. Тыя людзі не мелі дэпрэсіі, у іх не было складаных адносін з сукамернікамі або са знаёмымі ці сваякамі на волі.

Здараюцца вострыя захворванні, часам і смерці. На жаль, людзі паміраюць і на волі, і ў турме, але я не бачыў выпадкаў, каб чалавек памёр праз тое, што не атрымаў своечасова дапамогі. У камеры з гэтым, наадварот, лягчэй, бо вязень увесь час пад наглядам, таксама ля яго сукамернікі. Калі чалавеку стане дрэнна,то ў камеры хутчэй заб’юць трывогу і будуць нешта рабіць, каб ён атрымаў дапамогу», — кажа ён.

Праблем у лекаванні зняволеных шмат, але грамадства пра іх не надта ведае і ў асноўным успрымае сітуацыю стэрэатыпна. «Нам можа здавацца, што ў такіх месцах не хапае лекаў, але звычайна ўсё, што ёсць у звычайнай паліклініцы, або ёсць у медычнай частцы СІЗА і калоніі, або можа быць туды прывезена. Але самі ўмовы зняволення шмат у чым спецыфічныя і не спрыяюць здароўю. І яшчэ важна: рэфармаваць трэба не сістэму медычнай дапамогі ў СІЗА і калоніях, а ўсю пенітэнцыярную сістэму, бо гэта пазамінулае стагоддзе», — падсумоўвае Перапёлкін.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратамі

Ва ўдзельніка гурта Tor Band за кратамі здарыўся рэцыдыў анкалогіі, ён не можа хадзіць

«У прамзону ходзіць з кійком». Аляксандра Фядуту не вызвалілі ад лагернай працы, нягледзячы на стан здароўя

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
10
Абуральна
15
3
Саша/адказаць/
16.05.2023
Нечего комментировать. Рабы довольны и так. А сильным уезжать. Наверное, другого не будет. Население рабов уже превалируе.
0
даведка/адказаць/
16.05.2023
При нынешней власти никто не будет реформировать пенитенциарную систему, а для нынешней будет незачем.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930