Знайсці
05.04.2023 / 09:104РусŁacБел

«Бабуліны» кватэры за $ 160, а колькі за «элітку»? Пачым зараз у Мінску доўгатэрміновая арэнда кватэр

Што зараз адбываецца з доўгатэрміновай арэндай кватэр у Мінску? Ці ёсць попыт на «бабуліны» метры і ці здымаюць зараз «элітку» па тысячы даляраў за месяц? Onlíner распытаў начальніка аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыту Пачыцкую.

«Бабуліны» кватэры. $160—180 па курсе за аднапакаёўку

Гісторыя, калі мінскія арандатары ў пошуках жылля праходзілі «кастынгі» перад уласнікамі і часта чулі ў трубцы «ўжо здадзена», сышла ў мінулае. А ўжо пра аднапакаёўкі за $350 у раёне Ангарскай ніхто не чуў з канца 2014 года. Цяпер прапаноў на рынку шмат, і далёка не ўсе сыходзяць з аб'яў за дзень. Як у такой сітуацыі здаюцца кватэры на другасным рынку — без рамонту і ва ўмоўнай Чыжоўцы?

Маргарыта Пачыцкая дае такі роскід цэн у бюджэтным сегменце:

  • аднапакаёвыя — $ 160—180;
  • двухпакаёвыя — $ 200—250;
  • трохпакаёвыя — $ 250—280 (трохпакаёвыя самыя незапатрабаваныя).

— Гэта будуць простыя варыянты. Трэба разумець, што гэтыя кватэры ўжо даўно маральна састарэлі, знаходзяцца далёка ад цэнтра. І такое жыллё сярод нашых арандатараў ужо не вельмі запатрабавана. Нават бюджэтныя кватэры на другасным рынку людзі хочуць бачыць са свежым рамонтам: хай без вынаходак, але каб быў новы лінолеум, новыя шпалеры, — кажа суразмоўніца.

— Не настолькі цяпер актыўны попыт, каб людзі хапалі ўсё, што бачаць.

Так як сённяшні арандатар, незалежна ад свайго бюджэту на арэнду, стаў куды больш патрабавальным да кватэр, асаблівую ўвагу ўладальнікам трэба звяртаць на тыя моманты, якія раней здаваліся дробязямі. Напрыклад, на стан санвузла. Бывае, у астатнім кватэра нармальная, а вось у туалеце ці ванным пакоі ўсё зусім дрэнна.

— Прычым такая сітуацыя бывае і ў новабудоўлях. Часам кватэры ад дзяржзабудоўшчыкаў здаюцца з ваннымі пакоямі, дзе сцены проста пафарбаваны. Часта пасля мінімальнага выкарыстання фарба паднімаецца, і выгляд становіцца зусім нетаварным. 

Раней бюджэтныя кватэры хутка разбіралі студэнты, асабліва падчас студэнцкага буму. Але летась павышанага попыту не было — для прыезджых хапала месцаў у інтэрнатах.

Аднак моладзь з абмежаваным бюджэтам усё роўна засталася мэтавай аўдыторыяй падобнага жылля, а яшчэ — сем'і з дзецьмі, якія шукаюць больш танныя варыянты.

— Сем'і з дзецьмі часцяком гатовыя здымаць нават аднапакаёвыя, абы менш плаціць. І яны прывязаны да месца з-за дзіцячага сада, школы. Калі ў патрэбным раёне будзе кватэра, ды яшчэ і танная, — гэта плюс для такіх кліентаў, — тлумачыць Маргарыта Пачыцкая. — Па досведзе нашага агенцтва, «бабуліны» кватэры ва ўмоўнай Чыжоўцы не здаюцца, як раней, за дзень — нават за $ 160 па курсе. І гэта пры тым, што мы збіраем попыт з усяго рынку. А што ўжо казаць, калі ўласнік спрабуе здаць жыллё самастойна ці проста даў аб'яву і чакае званкоў.

— Ці ўсе ўладальнікі такіх кватэр адэкватна ацэньваюць свае «квадраты»? 

— Мы спрабуем адразу даносіць сваім арэндадаўцам інфармацыю аб сітуацыі на рынку, падказваць, якой павінна быць цана. Хтосьці прыслухоўваецца — тады кватэра сыходзіць даволі хутка, іншыя ідуць за сваімі «жаданнямі», і варыянт завісае ў аб'явах. Людзі розныя. Ёсць тыя, хто не да канца разумее адметнасць бягучай сітуацыі.

Напрыклад, здаваў уласнік пяць гадоў таму сваю кватэру за 200, хоча і зараз гэтыя ж 200 даляраў атрымаць. Мы тлумачым, што сітуацыя на рынку арэнды ўжо не тая.

Іншыя ўласнікі, наадварот, пагаджаюцца зафіксаваць сумы ў беларускіх рублях, што раней рабілі неахвотна.

— Мы ў свой час шмат працавалі над гэтым, і многія арэндадаўцы нас пачулі. Бюджэтныя варыянты сёння часта ідуць без прывязкі да даляра. Людзі разважаюць так: «Я лепш стабільна буду атрымліваць свае 600 рублёў у месяц і не буду думаць, два рублі сёння курс даляра ці ўжо не».

«Больш за ўсё пацярпелі ад рэлакацыі». Кватэры ў новабудоўлях і на другасным рынку пасля рамонту

У агенцтвах нерухомасці кватэры дзеляць на тры катэгорыі ў залежнасці ад цаны: бюджэтныя, сярэдні сегмент і элітныя. Аб першых мы ўжо пагаварылі, а што з «сярэднячком»?

— Гэта залатая сярэдзіна паміж бюджэтнымі варыянтамі і элітным жыллём. Камфортныя кватэры, у якіх будзе і новы рамонт, і бытавая тэхніка. Прычым гэта жыллё звычайна ў добрым раёне ці побач з метро. У гэтым сегменце можна знайсці як новабудоўлі, так і кватэры ў старэнькіх дамах (сталінкі, брэжнеўкі), калі ў астатнім там усё добра», — кажа Маргарыта Пачыцкая.

Кошты за арэнду тут складана ўпісаць у пэўныя рамкі. Прадстаўніца «Тваёй сталіцы» дае такі арыенцір:

  • аднапакаёвыя — $ 230—280;
  • двухпакаёвыя — $ 300—400.

— Кватэры сярэдняга сегмента, на мой погляд, больш за ўсё пацярпелі ад рэлакацыі айцішнікаў. У выніку вызвалілася шмат добрага жытла, а здымаць яго так масава, як раней, ужо няма каму. Знізіўся і цэннік на такія варыянты — на 10—20%, а ў цяперашніх арандатараў з'явіўся выбар. Гэтыя кватэры зараз здаюцца даўжэй: калі раней сыходзілі за два дні, то зараз, бывае, за месяц. 

Важны момант: абсалютная большасць арандатараў шукае кватэры з мэбляй.

— Асабліва гэта тычыцца аднапакаёвых. Іх часта выбірае моладзь і тыя, хто прыехаў у Мінск на працу, — яны хочуць прыйсці проста з чамаданам і адразу жыць. Калі казаць пра двух— і трохпакаёвыя кватэры, такія ўжо крыху часцей гатовыя здымаць без мэблі. Туды часта засяляюцца сем'і, якія ўжо паспелі нажыць нейкую колькасць мэблі. Яны згодныя зняць жыллё танней і запоўніць яго сваёй мэбляй, але такіх арандатараў няшмат — да 20%.

Асобна стаяць кватэры ў «Мінск-Свеце» і «Новай Баравой», на якія па розных прычынах высокі попыт і зараз.

— Цэны на арэнду ў «Мінск-Свеце» моцна вар'іруюцца ў залежнасці ад метражу, напаўнення кватэры. Але гэта новае жыллё, там будзе прыемна нават пры бюджэтным рамонце, таму туды зараз гатовы пераязджаць. Да таго ж размяшчэнне нядрэннае — нават да «Кавальскай Слабады» можна прагуляцца пешшу.

Расцэнкі прыкладна такія:

  • аднапакаёвыя — ад $ 250;
  • двухпакаёвыя — ад $ 350;
  • трохпакаёвыя — ад $ 450.

Уплывае на кошт арэнды і тое, ці зарэгістраваны нехта на «квадратах». Для кватэр у «Мінск-Свеце» гэта асабліва актуальна, бо там часта якраз ніхто не прапісаны.

— Вы ведаеце, што зімой «камуналка» можа быць у два разы даражэйшая ў кватэрах без зарэгістраваных. Таму многія ўласнікі ідуць на кампраміс: альбо на ацяпляльны перыяд зніжаюць кошт арэнды, альбо зімой за камунальныя паслугі плацяць папалам. Калі вы хочаце, каб арандатары ў вас спакойна жылі, а не пастаянна шукалі больш танныя варыянты, то так і трэба — дамаўляцца.

— Эксперты кажуць, што ў «Мінск-Свеце» хутка будзе настолькі шмат арэндных кватэр, што цэны будуць зніжацца з-за вялікай канкурэнцыі. Што вы пра гэта думаеце?

— Па адчуваннях, там сапраўды вельмі многія кватэры былі пабудаваны для здачы ў арэнду, а не для сябе. Але калі гэта паўплывае на цану? Можа быць, калі дабудуюць увесь комплекс, у нейкім далёкім даляглядзе.

Другі вельмі папулярны сёння ў арандатараў раён — «Новая Баравая».

«Новая Баравая» размешчана далёка ад цэнтра, але ўсё роўна запатрабавана. Цяпер шмат хто працуе аддалена, і ім важны камфорт на месцы. Жыллё новае, дзіця можна адправіць адно пагуляць на вуліцу, таму што машыны не ездзяць па двары, ён зачынены. Кватэры ў гэтым раёне, скажам прама, не застойваюцца.

Які там зараз прыкладна ўзровень коштаў? Суразмоўніца прыводзіць сумы:

  • аднапакаёвыя — ад $ 250;
  • двухпакаёвыя — каля $ 350;
  • трохпакаёвыя — ад $ 500.

— Многае залежыць ад рамонту: бываюць як бюджэтныя варыянты, так і кватэры з больш дарагімі матэрыяламі, — робіць рэмарку Маргарыта Пачыцкая.

Пацыент хутчэй жывы. Што зараз з мінскай «эліткай»?

Калі праглядаеш кватэры за $1000—1500 за месяц, мімаволі задумваешся, хто гэта ўсё цяпер здымае. Часцяком жаляцца на тое, што ўпаў попыт на такое жыллё і агенты нерухомасці. Аднак начальнік аддзела арэнды «Тваёй сталіцы» ўпэўнена: пацыент хутчэй жывы.

— Вядома, няма ранейшага патоку замежнікаў, але такія кліенты ўсё роўна ёсць. Ёсць попыт з боку расіян, якія тут працуюць, да гэтага часу прыязджаюць нейкія пасольскія супрацоўнікі. Не ў ранейшым аб'ёме, але рынак у гэтым сегменце ёсць.

Па назіраннях суразмоўцы, завісае ў пошуках арандатараў «элітка» ўчарашняга дня ці нават пазаўчарашняга.

Сёння ў абсалютным трэндзе  сучаснасць і новабудоўлі.

— Рамонт жылля ў гэтым сегменце павінен адпавядаць духу часу. Ёсць кватэры, якія 20 гадоў таму былі «эліткай», аднак іх уласнікі лічаць, што такое жыллё і зараз застаецца элітным. Але мы разумеем, што маральна іх рамонт даўным-даўно састарэў. Так, быццам бы жыллё ў добрым доме, так, з падземнай паркоўкай, але яно ўжо не будзе канкурыраваць з кватэрай у новым сучасным доме са свежым дызайнерскім рамонтам.

Маральна састарэлых кватэр, якія ў мінулым былі элітнымі, дастаткова шмат у цэнтры Мінска, у Старым горадзе.

— Добра здаюцца элітныя кватэры ў новых раёнах: «Парк Чалюскінцаў», Vogue, «Маяк Мінска». Вялікім попытам карыстаюцца кватэры ў Лебядзіным — там нямала дамоў павышанай камфортнасці. Заўсёды ёсць вуліца Піянерская ў Драздах, малапавярхоўкі на Дзімітрава. Пералічваць усё не будзеш, але гэта альбо новыя дамы павышанай камфортнасці, альбо не новыя, але клубныя, малакватэрныя, са сваёй тэрыторыяй і паркінгам. І з актуальным дызайнерскім рамонтам.

Словам, цэны на «элітку» сёння моцна залежаць ад шматлікіх фактараў. Але арыенцір такі:

  • аднапакаёвыя — $ 500—600 (больш дарагія варыянты прастойваюць);
  • двухпакаёвыя — $ 600—700;
  • трохпакаёвыя — ад $ 1000.

Падагульняючы сітуацыю на рынку доўгатэрміновай арэнды, Маргарыта Пачыцкая кажа:

— Так, гэта не той узровень, як гадоў пяць таму, калі ва ўласнікаў пастаянна звінеў тэлефон і здавалася, што кожны хоча зняць іх кватэру. Цяпер попыт ёсць, але ён спакойны. Сёння ўжо мала проста даць аб'яву і спадзявацца, што менавіта ваша кватэра кагосьці зацікавіць сярод мноства іншых, ды яшчэ і ў канкурэнцыі з новабудоўлямі. Трэба самому выходзіць на попыт — толькі так можна пазбегнуць прастою кватэры, які нясе для ўласніка значныя страты. Гэта даказвае і зваротная сувязь ад уласнікаў, якія зразумелі гэта толькі пасля некалькіх месяцаў прастою.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
4
4
Праўдаруб/адказаць/
05.04.2023
Ваш інтарэс,чаго дачакаюцца ўласнікі, якія не гатовыя рабіць знішкі і адэкватна ацэньваць сітуацыю? Вы статыстыку бачылі, што колькасць прапаноў ад арэндатараў толькі расце? Лепей здаць хату крыху танне, чым па 2-3 месяцы чакаць, калі знойдзецца той, хто дасі на 20-30 даляраў болей. Навучыцеся лічыць грошы. Лепей здаваць 12 месяцаў за ўмоўныя 200 баксаў, чым 10 па 230. Тым больш, што за пустуючую хату яшчэ і камуналку плаціць трэба. А калі бачыш, што твой арэндатар адэкватны чалавек, то лепей сваечасова абмеркаваць з ім знішку, чым зноў шукаць неведама каго. Даю вам 99% гарантыю, што стаўкі на арэнду хоць і паціху, але працягнуць зніжацца.  
05.04.2023
Параўноўваю цэны на арэнду ў Рызе і ў Мінску і здзіўляюся. Зарплаты ў Мінску ў палову ніжэйшыя, а цэны на жыллё аднолькавыя... І нам расказваюць як добра мы жывем...
4
Максим Дизайнер/адказаць/
05.04.2023
RB, Сказки не трави тут Венского леса. От 600 евро - приличная квартира в Риге без коммуналки. В Даугавпилсе - 100, Но коммуналка - 150-400. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930