Знайсці
12.01.2023 / 13:166РусŁacБел

Перабежчык, які ўцёк з Паўночнай Карэі на сваім самалёце, дажыў да 90 гадоў

Кенэт Хіл Роу (сапраўднае імя — Но Гым Сок) быў паўночнакарэйскім перабежчыкам эпохі Карэйскай вайны і стаў першым, хто здолеў уцячы з Паўночнай Карэі разам з непашкоджаным знішчальнікам МіГ. Пра яго смерць паведаміла выданне The New York Times са спасылкай на яго дачку. Выданне таксама вырашыла распавесці гісторыю знакамітага пілота.

Кенэт Роу (сапраўднае імя — Но Гым Сок). Фота: U.S. Air Force photo

21 верасня 1953 года, праз паўтара месяца пасля падпісання перамір’я ў Карэйскай вайне, Но Гым Сок, лейтэнант ВПС Паўночнай Карэі, адарваўся ад свайго патруля з 16 самалётаў побач са сталіцай краіны Пхеньянам, праляцеў незаўважаным ў Паўднёвую Карэю на сваім савецкім знішчальніку МіГ і прызямліўся на вайсковым аэрадроме, на якім месціліся ВПС ЗША і летчыкі з саюзных краін.

21-гадовы пілот, ветэран звыш 100 баявых вылетаў, уцёк ад камунізму і «падарыў» ВПС ЗША першы непашкоджаны савецкі МІГ. Праз год уцякач атрымаў новае імя — Кенэт Роу — і пачаў новае жыццё ў Амерыцы як студэнт каледжа. Хлопец, калі прызямліўся на базу саюзнікаў, зусім не ведаў ангельскай мовы, а вакол яго пачалася мітусня: ніхто не ведаў, што з ім рабіць. 

Прызямленне Кенэта тады стала галоўнай навіной у СМІ. «Чырвоны МіГ прызямліўся каля Сеула і здаўся саюзнікам», — паведамілі тады New York Times у сваім чарговым выпуску на першай галоўнай старонцы. 

«Я адшпіліў кіслародную маску і ўпершыню ў жыцці ўдыхнуў вольнае паветра», — узгадваў Но Гым Сок у сваіх мемуарах «МіГ-15 да свабоды» (1996). Тады, па ўспамінах, ён прыпаркаваўся сярод амерыканскіх ваенных самалётаў, сарваў з прыборнай панэлі фатаграфію Кім Ір Сена (тагачаснага лідара Паўночнай Карэі) у рамцы, выскачыў з кабіны і кінуў фатаграфію на зямлю. Дзясяткі лётчыкаў кінуліся да яго, а камандуючы пятай паветранай арміяй генерал-лейтэнант Сэмюэль Андэрсан паспяшаўся на базу.

21 верасня 1953 года, Но Гым Сок ў сваім МіГ-15біс (удасканаленая версія арыгінальнага МіГ-15) на авіябазе Кімпхо праз пяць хвілін пасля свайго прызямлення. Фота: U.S. Air Force photo

Кенэт Хіл Роу нарадзіўся 10 студзеня 1932 года ў мястэчку з насельніцтвам 10 000 чалавек на поўначы акупаванага Японіяй Карэйскага паўвострава. Яго бацька быў адміністратарам японскага прамысловага кангламерату ў Карэі, а яго маці была звычайнай хатняй гаспадыняй. У 1949 годзе Кенэт стаў курсантам ваенна-марскога вучылішча. Пазней, у 19 гадоў, ён быў пераведзены ў ВПС і прайшоў курс падрыхтоўкі на рэактыўных знішчальніках у савецкіх лётчыкаў у Маньчжурыі.

Затым Но Гым Сок увайшоў у Камуністычную партыю Паўночнай Карэі і, паводле яго слоў, «прыкідваўся фанатыкам камунізму» падчас Карэйскай вайны. У той жа час яго бацька-антыкамуніст і маці-каталічка моцна паўплывалі на тое, каб іх сын імкнуўся да жыцця ва ўмовах дэмакратыі. Яшчэ з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны і з'яўлення камуністычнага рэжыму Кім Ір Сена на поўначы Карэі Но Гым Сок думаў аб тым, як дабрацца да Амерыкі.

Праз восем тыдняў пасля перамір'я ў Карэі ён аддзяліўся ад свайго патруля, падняўся на вышыню 7000 м і павярнуў на поўдзень для 13-хвіліннага палёту праз дэмілітарызаваную зону да горада Кімпхо.

Яму пашанцавала: амерыканскі супрацьпаветраны радар на поўнач ад авіябазы Кімпхо быў адключаны на планавае тэхнічнае абслугоўванне, і ні амерыканскія самалёты ў паветры, ні зенітчыкі на зямлі яго не заўважылі.

Такі ўчынак Но Гым Сока можа тлумачыцца тым, што ўжо на позніх этапах Карэйскай вайны ВПС ЗША скінулі над Паўночнай Карэяй улёткі з прапановай узнагароды ў 100 000 даляраў першаму паўночнакарэйскаму пілоту, які дэзертуе з непашкоджаным МіГам. Але Но Гым Сок у сваіх мемуарах сцвярджаў, што нічога не ведаў пра гэту ўзнагароду, і казаў, што проста хацеў жыць свабодным жыццём.

Кенэт Роу прыехаў у Злучаныя Штаты ў траўні 1954 года і адразу стаў знакамітасцю. Ён быў прадстаўлены Рычарду Ніксану (яшчэ на той момант віцэ-прэзідэнту ЗША), у яго браў інтэрв'ю Дэйв Гараўэй у праграме «Сёння» на канале NBC, ён удзельнічаў у радыёперадачах «Голасу Амерыкі». Таксама Кенэт атрымаў дыплом інжынера ва Універсітэце Дэлавэра і працаваў інжынерам у буйных абаронных і аэракасмічных кампаніях. Пазней ён стаў прафесарам інжынерыі ў Авіяцыйным універсітэце Эмбры-Рыдла ў Дэйтана-Біч. Кенэт Роу памёр ва ўзросце 90 год 26 снежня у Фларыдзе. Пра яго смерць паведаміла ягоная дачка Боні Роу. 

Калі Кенэт Роу прыехаў у ЗША, яго самалёт МіГ-15біс таксама прывезлі для дадатковых лётных выпрабаванняў амерыканскіх ВПС. Праз сем дзесяцігоддзяў гэты самалёт усё яшчэ існуе і знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ВПС ЗША недалёка ад Дэйтана, штат Фларыда. Чырвоная зорка на знішчальніку была перафарбавана, а сам ён быў выстаўлены разам з амерыканскім знішчальнікам F-86 Sabre у якасці памяці пра баі падчас Карэйскай вайны на частцы карэйскай паветранай прасторы, вядомай як «Алея МіГаў» (месца, дзе ўпершыню адзін супраць аднаго ваявалі амерыканскія і савецкія знішчальнікі).

Чытайце яшчэ:

У ЗША на волю выйшла адна з самых вядомых шпіёнак халоднай вайны

Мемуары прынца Гары паступілі ў продаж і карыстаюцца вялікай папулярнасцю

Сабака Патрон. Хто і колькі зарабляе на папулярным джэк-расел-тэр'еры

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
23
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
1
12.01.2023
Молодец.
0
гоблен/адказаць/
12.01.2023
Чё?) История одного предателя?) Правда, штоле? Простите, а кого он предал? Диктаторишку, который себя Кореей называет? Вот уж предатель, так предатель) отказался рабом быть да "сетовать", что горячей воды нету
12.01.2023
Р6619, аказваецца, маці была на паўднёвым баку, вось ён і пераляцеў.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера