Знайсці
11.01.2023 / 22:231РусŁacБел

Сакрэтныя выбары рэктара ў ЕГУ: што пра іх вядома

У ЕГУ выбіраюць рэктара, і гэтая справа, як заўсёды, пакрытая амаль масонскай таямніцай. Выбары ідуць ужо некалькі месяцаў, але і ў самім універсітэце, і тым больш за яго сценамі, пра іх вядома няшмат.

Таямнічыя выбары

У канцы снежня на сайце ЕГУ з’явілася кароткая нататка. Згодна з ёй, у маі 2022 года быў абвешчаны міжнародны адкрыты конкурс на пасаду рэктара ўніверсітэта, і нядаўна колькасць кандыдатаў — 17 чалавек — скарацілі да трох найлепшых. У нататцы пазначана, што вызначэннем і адборам кандыдатаў на пост рэктара займаецца Камітэт пошуку, які складаецца з 11 чалавек — збольшага гэта ўласнікі і донары ўніверсітэта. Трох кандыдатаў, што ўвайшлі ў шорт-ліст, Кіроўная рада ЕГУ абяцае разгледзець 12 студзеня. Пераможцу прапануюць Агульнаму сходу саўладальнікаў ЕГУ, які вырашыць да сакавіка, ці прызначаць гэтага чалавека рэктарам.

Хто ж кандыдаты? Хто тыя людзі, якія будуць іх выбіраць? Для еўрапейскіх універсітэтаў, якім сябе пазіцыянуе ЕГУ, важнае паняцце самакіравання, калі і студэнты, і выкладчыкі актыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні важных пытанняў у жыцці ўстановы.

«Наша Ніва» накіравала запыт Вілюсу Алясюсу, кіраўніку аддзела камунікацыі і маркетынгу ЕГУ. Нас цікавіла, як праходзяць выбары, хто з’яўляецца кандыдатамі на пост рэктара і хто будзе рэктара выбіраць. Таксама мы задалі некалькі пытанняў па сённяшнім становішчы ЕГУ, у прыватнасці, запыталі, колькі студэнтаў вучыцца ва ўстанове, які ў ЕГУ бюджэт і якое месца ЕГУ займае ў міжнародных адукацыйных рэйтынгах.

Адказ мы атрымалі толькі па адным пытанні — колькі ва ўніверсітэце студэнтаў (іх больш за 1200). Датычна выбараў нас скіравалі да вышэй азначанай нататкі, датычна пытання бюджэту — да Алаізаса Віткаўскаса, дырэктара Цэнтральнага агенцтва па кіраванні праектамі Літвы, якое займаецца траставым фондам ЕГУ. Адказ ад яго на момант публікацыі мы не атрымалі.

«Усё падобна да падводнай лодкі, з якой не сыходзіць ніякіх гукаў»

Адзін з кандыдатаў, які адкрыта абвясціў пра свой удзел у выбарах на пост рэктара, — Павел Церашковіч, былы выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага. Ці прайшоў ён у шорт-ліст з трох кандыдатаў, невядома, бо пра гэты этап выбараў яму не паведамілі.

Церашковіч працаваў у гэтым універсітэце 11 гадоў, быў дырэктарам праграмы па вывучэнні сацыяльных трансфармацый у Беларусі, Украіне і Малдове. Таксама ён заснаваў праграму па гісторыі і антрапалогіі Беларусі, працаваў дэканам дэпартамента гісторыі, быў двойчы абраны старшынёй Сената ЕГУ і, як старшыня Сената, быў сябрам Кіроўнай рады. У 2014 годзе падчас канфлікту паміж акадэмічнай супольнасцю і адміністрацыяй ЕГУ Павел быў звольнены разам з шэрагам іншых выкладчыкаў, у тым ліку сябрамі Сената і прафсаюза, якім раптоўна не падоўжылі кантракт.

«Мы змагаліся за тое, каб выкладчыкі і студэнты мелі права ўплываць на прыняцце рашэнняў ва ўніверсітэце, бо ЕГУ — універсітэт у выгнанні, і мы былі выгнаннікамі, а гэтыя рашэнні вырашалі наш лёс», — кажа Павел.

Апошняй кропляй, якая прывяла да яго звальнення, стала тое, што ён быў адзіным сябрам Кіроўнай рады, хто выступіў супраць прызначэння рэктарам Дэвіда Поліка. Пазней Поліка знялі з пасады з вялікім скандалам. «То-бок гісторыя даказала, што рацыю меў я, а не тыя, хто мяне звольніў», — лічыць Церашковіч.

Ён таксама звяртае ўвагу, што ў публічнай прасторы няма амаль ніякай інфармацыі пра выбары: «Але ёсць Правілы правядзення выбараў, і там напісана, што гэтая кампанія праводзіцца публічна, адкрыта і празрыста. Раскладу працэсу выбараў няма. Я звяртаўся ва ўніверсітэт яшчэ ў верасні і прасіў, каб мне патлумачылі расклад [выбараў], каб і ўласны графік адаптаваць пад гэта, але ніякай інфармацыі мне не далі.

Для мяне, шчыра кажучы, такая таямнічнасць вакол выбараў — гэта дзіўна, тым больш што гэта не першыя адкрытыя выбары ў ЕГУ. Памятаю, што раней быў спіс, здаецца, з 9 або нават з 11 кандыдатаў, гучалі іх праграмы і прамовы, ладзіліся сустрэчы з акадэмічнай супольнасцю. Цяпер жа ўсё падобна да падводнай лодкі, з якой не даходзіць ніякіх гукаў. Чаму так зроблена — мне цяжка сказаць. Прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці ёсць сярод тых, хто выбірае новага рэктара».

Як сам Церашковіч ставіцца да сённяшняга ЕГУ? Згодна з яго праграмай як кандыдата, у ЕГУ трэба праводзіць істотныя рэформы. Яны мусяць быць скіраваныя на тое, каб універсітэт нарэшце стаў цэнтрам прасоўвання ведаў і экспертызы пра Беларусь навокал і ў свеце. ЕГУ павінен рухацца ў бок даследчыцкага ўніверсітэта ў тым ліку дзеля таго, каб выкарыстаць сітуацыю, якая склалася ў апошнія два гады, звязаную з хвалямі інтэлектуалаў-уцекачоў з Беларусі, стаць для іх прытулкам. 

Павел таксама лічыць, што і ў самім універсітэце хапае ўнутраных праблем: «У тым ліку гэта праблемы з даследчыцкай дзейнасцю, якая выглядае недастатковай. Ёсць праблемы на ўзроўні камунікацыі і падтрымання ведаў пра сам універсітэт, яго сайт неахайна зроблены. Ва ўніверсітэце рэгулярна ўзнікаюць унутраныя канфлікты паміж адміністрацыяй і студэнтамі, яны датычаць аплаты і іншых пытанняў».

Унутранае самакіраванне ва ўніверсітэце, мяркуе Церашковіч, існуе ў абмежаваным варыянце, выбіраецца толькі частка сяброў Сената ЕГУ. Інтарэсы выкладчыкаў і студэнтаў не прадстаўленыя ў Кіроўнай радзе ўніверсітэта. Апроч гэтага, Павел лічыць, што ЕГУ хаця і ствараўся, каб стаць інтэлектуальным лідарам грамадзянскай супольнасці Беларусі, але сёння ў гэтай супольнасці ўзнікаюць пытанні: ці з’яўляецца ЕГУ яе часткай?

Церашковіч задаецца пытаннем: ЕГУ — гэта беларускі ўніверсітэт ці не?

«Калі паглядзець на фармулёўку місіі ўніверсітэта, мы там прачытаем, што гэта міжнародны ўніверсітэт, створаны для студэнтаў з Беларусі і Усходняй Еўропы. Лічу, што трэба арганізаваць публічную дыскусію адносна таго, якое месца павінен займаць гэты ўніверсітэт у грамадскай супольнасці. Таксама мяркую, што трэба скласці дарадчую раду з прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці, яе лідараў, навукоўцаў, пісьменнікаў і мастакоў, якія маглі б уплываць на стратэгію развіцця гэтага ўніверсітэта».

Церашковіч тлумачыць, што пасля вымушанай эміграцыі ўніверсітэта ў Літву ў 2005 годзе беларускі кампанент у ЕГУ быў прадстаўлены вельмі моцна. Але пазней акцэнты змясціліся, у тым ліку таму што ЕГУ змяніў сваё месца на рынку беларускіх студэнтаў, якія выязджаюць вучыцца за мяжу. То-бок умовы і праграмы, якія прапануе ЕГУ, не самыя папулярныя для такіх студэнтаў, і больш студэнтаў пачалі замест ЕГУ выбіраць Польшчу.

Таму было вырашана арыентавацца на студэнтаў не толькі з Беларусі. Сталі прымаць студэнтаў з Расіі, Казахстана, Украіны і гэтак далей. Іх колькасць павялічваецца, але пакуль гэта меншасць.

Павел падкрэслівае: «ЕГУ — гэта найбуйнейшая структура беларускай грамадскай супольнасці. Большая частка рэсурсаў, што ідзе на падтрыманне гэтай супольнасці, трапляе ў ЕГУ. Але па факце сам ЕГУ працуе не толькі на Беларусь, а і на рэгіён Усходняй Еўропы. Чаму мы павінны гэтым займацца, калі выдзеленыя сродкі прызначаныя менавіта на Беларусь? І гэтае пытанне даволі істотнае. Калі гэта міжнародны ўніверсітэт, значыць, трэба, каб фінансаванне было не толькі з тых сродкаў, якія прызначаныя на Беларусь, але і з тых, што прызначаныя для Расіі, Украіны і гэтак далей».

«Насамрэч акадэмічная супольнасць ЕГУ не мае рэальнага ўплыву на прыняцце рашэнняў»

Ці могуць выкладчыкі ўплываць на выбарчы працэс? Прафесарка ЕГУ Таццяна Шчытцова расказвае, што тая мадэль адбору рэктара, якая цяпер практыкуецца ў ЕГУ, вельмі адрозніваецца ад мадэлі, прынятай, напрыклад, у Віленскім універсітэце, дзе гэта даволі адкрыты і дэмакратычны працэс. Там ёсць развітая культура акадэмічнага самакіравання, якой няма ў ЕГУ.

Тым не менш сімвалічны ўдзел у выбарах прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці бяруць.

Таццяна расказвае, што ў склад камісіі ўваходзіць цяперашняя кіраўніца Сената ЕГУ, а таксама ёсць адзін прадстаўнік студэнцтва. Але ж гэтае прадстаўніцтва менавіта сімвалічнае, насамрэч акадэмічная супольнасць ЕГУ не мае рэальнага ўплыву на прыняцце рашэнняў.

«Я працую ў ЕГУ з 1994 года, больш за тое, сама брала ўдзел у першых выбарах рэктара ў 2017 годзе, і нават тады, нягледзячы на вынік, было больш адкрытасці, чым цяпер, калі мы маем толькі мінімум інфармацыі», — заўважае яна.

Важна, кажа Таццяна, улічваць наступнае. Калі праходзяць такія конкурсы на высокія пазіцыі, часта людзі не хочуць апублічваць свой удзел і згодныя на гэта толькі ў выпадку сваёй перамогі. Бо ў конкурсе могуць браць удзел людзі, якія займаюць высокія пазіцыі ў нейкіх акадэмічных інстытуцыях, фондах ці ўніверсітэтах. 

«Але часцей за ўсё ў выпадках выбараў акадэмічная супольнасць ведае як мінімум пра некалькіх фіналістаў, ёсць этапы публічнага абмеркавання іх кандыдатур, галасаванняў і гэтак далей. На жаль, у ЕГУ цяпер выкарыстоўваецца больш закрытая мадэль, і гэта звязана менавіта з тым, што з самага пачатку выбары рэктара працэдурна не прадугледжваюць уліку меркавання акадэмічнай супольнасці.

Як прафесарка ЕГУ, я б хацела, каб хаця б імёны 3—5 фіналістаў былі апублічаныя, каб гэтыя людзі выступілі ў Сенаце са сваёй праграмай, каб Сенат абмеркаваў іх праграмы і таксама меў права голасу падчас выбару рэктара. Гэта адпавядае ўяўленню пра тое, якой мусіць быць аўтаномія ўніверсітэта і культура акадэмічнага самакіравання», — расказвае Таццяна.

Паводле Шчытцовай, за апошнія пару гадоў у ЕГУ адбыліся пэўныя змены, якія паказваюць, што ўніверсітэт паступова выходзіць са стану доўгага інстытуцыянальнага крызісу. Гэтыя пазітыўныя зрухі важна фіксаваць. Але гэта толькі пачатак шляху, таму вельмі важна, каго зараз выберуць на пазіцыю рэктара.

Ад яго чакаюць, кажа Таццяна, каб ён вывеў ЕГУ на іншы ўзровень менеджменту, то-бок арганізацыйнага забеспячэння акадэмічных і даследчых працэсаў ва ўніверсітэце, і, галоўнае, на іншы ўзровень узаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Праз адукацыю і даследаванні ўніверсітэт павінен прадстаўляць і прасоўваць інтарэсы дэмакратычнай Беларусі ў Еўропе і ў глабальным міжнародным кантэксце. А для гэтага неабходна запусціць новыя адукацыйныя праграмы, выбудоўваць навуковае супрацоўніцтва з рознымі акадэмічнымі інстытуцыямі ў Еўропе і ў свеце, а таксама пашыраць узаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю.

Рэктары змяняюцца — скандалы застаюцца

Яшчэ 7 гадоў таму выбары рэктара ў ЕГУ праходзілі зусім іншым чынам: быў вядомы шорт-ліст кандыдатаў, гэтыя кандыдаты сустрэліся з выкладчыкамі і студэнтамі ЕГУ, ва ўніверсітэце адбываліся адпаведныя гутаркі, дыскусіі. Кандыдаты публічна абвяшчалі свае праграмы, а Студэнцкае прадстаўніцтва і Асацыяцыя выпускнікоў ЕГУ нават зладзілі канферэнцыю, куды запрасілі ўдзельнікаў выбараў.

Тады, у 2015 годзе, на пост рэктара быў выбраны амерыканец Дэвід Полік. Ужо тады некаторыя ўдзельнікі выбарчага працэсу выказвалі незадаволенасць тым, наколькі непразрысты выбарчы працэс.

Дэвід Полік на момант выбараў зусім не валодаў беларускай мовай і толькі вывучаў рускую, меў вопыт кіраўніцтва некалькімі прыватнымі каледжамі ў ЗША. На пасадзе рэктара ён пратрымаўся толькі год, пакуль не з’явіўся незалежны фінансавы аўдыт, што паказаў, як тагачасная адміністрацыя ЕГУ злоўжывала сваімі пасадамі. 

Сярод іншага, аўдытарскае заключэнне сведчыла, што на карысць рэктара Поліка пераводзіліся гіганцкія сумы грошаў — у перыяд з чэрвеня па верасень 2015 года яны склалі каля 104 тысяч даляраў. Фармальна яны праходзілі як кампенсацыя ўніверсітэтам выдаткаў амерыканца падчас яго працоўнай дзейнасці, але ж аўдытары не атрымалі ніякіх дакументаў, што пацвярджалі гэтыя выдаткі, напрыклад, авіябілетаў.

У 2017 годзе ў ЕГУ прайшлі новыя выбары рэктара, і гэтым разам імёны кандыдатаў ужо не раскрываліся. Перамог егіптолаг і былы міністр адукацыі Балгарыі Сяргей Ігнатаў, які ўзначальвае ўніверсітэт дагэтуль — ён таксама да абрання рэктарам ніякім чынам з беларускай праблематыкай не перасякаўся. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Монро/адказаць/
14.01.2023
Как же далеко белорусам до демократии если даже ректора прозрачно выбрать не могут (не хотят).
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера