Знайсці
18.05.2016 / 13:2216РусŁacБел

Скандальны фінансавы аўдыт ЕГУ: «ліпавыя» кампенсацыі на суму больш за $100 тысяч?

Днямі Рада міністраў Паўночных краін аб'явіла аб спыненні фінансавання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Фармальна рашэнне звязана са зменай прыярытэтаў у паўночна-еўрапейскіх краін.

Зрэшты, не ўсё так проста: аказваецца, у канцы мінулага года скандынаўскія донары вывучылі фінансавую аўдытарскую справаздачу, якая паказвае на шэрыя схемы, у якіх задзейнічаны рэктар універсітэта і асобныя члены Рады кіраўнікоў ЕГУ. BEL.BIZ уважліва вывучыў скандальны фінансавы аўдыт універсітэта.

Новыя прыярытэты Паўночнай рады або канец цярпенню скандынаваў?

На мінулым тыдні Рада міністраў Паўночных краін (Nordic Council of Ministers) апублікавала заяву аб спыненні фінансавання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які ў 2004 годзе быў закрыты беларускімі ўладамі і ў 2006 годзе знайшоў прытулак у літоўскай сталіцы.

Рашэнне скандынаваў — крытычная падзея ў жыцці ўніверсітэта, улічваючы, што Nordic Council — другі па велічыні фінансавы донар ЕГУ пасля Еўрапейскай камісіі. З 2011 года ён штогод выдзяляў універсітэту прыкладна 550 тысяч еўра, забяспечваючы каля 18% фінансавай дапамогі ўніверсітэту. Усяго з 2008 года Рада міністраў выдзеліла ЕГУ каля 4,5 млн еўра. Гэтыя сродкі дазволілі сотням беларускіх студэнтаў атрымаць добрую еўрапейскую адукацыю.

Усяго за час існавання ЕГУ ў Вільнюсе з універсітэта выпусцілася каля 1600 чалавек.

Фармальна, рашэнне Nordic Council звязана з пераарыентацыяй грашовых сродкаў на падтрымку інтэграцыйных праграм для ўцекачоў і імігрантаў. Сапраўды, скандынаўскія краіны, у асаблівасці Швецыя, у мінулым годзе прынялі шмат уцекачоў з Сірыі, Ірака і іншых краін.

Пры гэтым у заяве Паўночнай рады ёсць і намёк на тое, што новыя прыярытэты — толькі частка карціны. «Рашэнне спыніць фінансаванне ЕГУ засноўваецца і на выніках працэсу, у рамках якога абмяркоўвалася роля і стратэгія ўніверсітэта. Неаднаразовыя ўнутраныя рознагалоссі ў ЕГУ ў апошнія гады таксама адцягнулі ўвагу ад дзейнасці ўніверсітэта», — гаворыцца ў заяве.

Кэнэт Броман, фота ehu.lt

У каментары BEL.BIZ кіраўнік офіса генеральнага сакратара Рады міністраў Паўночных краін Кэнэт Броман (Kenneth Broman) удакладніў, што гэтая фармулёўка не зусім пасуе. Маўляў, у Паўночнай рады няма праблем з унутранымі рознагалоссямі ва ўніверсітэце. Ёсць незадаволенасць многімі прынятымі ў ЕГУ рашэннямі ў апошнія гады.

Кэнэт Броман: «ЕГУ павялічыў свой бюджэт, не забяспечыўшы пры гэтым павелічэнне донарскай дапамогі. Гэта прывяло да вельмі вялікага дэфіцыту бюджэту».

Памылковыя рашэнні, як вынікае з адказу Бромана, прывялі да таго, што фінансавую дапамогу Нарвегія, Данія і Фінляндыя спынілі яшчэ ў мінулым годзе. Справа ў тым, што скандынаўскія краіны вылучалі дапамогу ЕГУ не толькі праз Nordic Council, але і наўпрост. З 2008 года Нарвегія вылучыла ўніверсітэту за 3,5 млн еўра, Швецыя — за 2,3 млн, Фінляндыя — за 1,1 млн, Данія — 0,6 млн еўра.

Зрэшты, афіцыйная лінія скандынаваў такая: галоўная прычына рашэння — у змене прыярытэтаў. Але Дарыюс Удрыс (Darius Udrys), прарэктар ЕГУ па развіцці і камунікацыях ў 2011—2015 гг., упэўнены, што на самай справе рашэнне скандынаваў наўпрост звязана з праблемамі ў ЕГУ.

Дарыюс Удрыс

Дарыюс Удрыс:«Рада міністраў Паўночных краін амаль два гады цярпліва сігналізавала, што чакае ад кіраўніцтва ЕГУ больш адказных дзеянняў. Яшчэ ўвосень 2014 года ЕГУ заклікалі пачаць працэс, у выніку якога быў бы створаны стратэгічны план развіцця ўніверсітэта і адноўлены баланс бюджэту ў адпаведнасці з такім планам. Гэтым важным задачам не надавалі належнай увагі. Правалокі, збіванне з панталыку, раздражняльнасць кіраўніцтва ЕГУ разбурылі раней прадуктыўныя адносіны з Радай міністраў Паўночных краін».

Дарыцюс Удрыс: ЕГУ можа збанкрутаваць да канца наступнага года

Прэс-служба ЕГУ і менеджар Траставага фонду ЕГУ Мадс Майнерт (Mads Meinert) не назвалі Bel.biz дакладныя лічбы дэфіцыту бюджэту ўніверсітэта. Па словах Максіма Мільто, адказнага за камунікацыю ў ЕГУ, «дакладныя паказчыкі дэфіцыту бюджэту будуць вядомыя да чарговай донарскай канферэнцыі ў чэрвені-ліпені, калі донары зацвердзяць памер фінансавай дапамогі ўніверсітэту». Пакуль жа, адзначае Максім Мільто, ЕГУ праводзіць аптымізацыю аперацыйных выдаткаў.

Максім Мільто:«Аптымізацыя выдаткаў — гэта, у першую чаргу, зніжэнне адміністрацыйных выдаткаў. У прыватнасці, восенню прайшла рэформа па скарачэнні адміністрацыйнага персаналу. Частку выдаткаў, у прыватнасці, па IT і выдавецкай дзейнасці, універсітэт знізіў за кошт аўтсорсінгу паслуг».

Наколькі такая аптымізацыі дапаможа ЕГУ вырашыць фінансавыя праблемы, незразумела. Па ацэнцы Дарыюса Удрыс, з мінулага года ЕГУ страціў 1,5 млн еўра донарскай дапамогі, пры гэтым аб'ём бюджэту ў 2015-м годзе падскочыў на 1 млн еўра. А яшчэ і падзенне даходаў універсітэта ў сувязі з памяншэннем колькасці новых студэнтаў.

Дарыюс Удрыс:«Адмоўныя тэндэнцыі, верагодна, будуць працягвацца ў сувязі з праблемамі ў кіраўніцтве ЕГУ і пагаршэннем рэпутацыі ўніверсітэта, а таксама па прычыне змяншэння магчымасцяў ЕГУ забяспечваць прыцягненне донарскай дапамогі, у тым ліку ў сувязі з закрыццём Траставага фонду ЕГУ Радай міністраў Паўночных краін. У выніку, цалкам верагодна, што да канца наступнага акадэмічнага года ЕГУ збанкрутуе».

Таямніцы фінансавага аўдыту ЕГУ: усё таемнае становіцца яўным

У мінулым годзе Рада міністраў Паўночных краін замовіла фінансавы аўдыт ЕГУ ў аўтарытэтнай кампаніі Deloitte. Прадстаўнікі Рады міністраў Паўночных краін адмовіліся даць доступ да дакумента, спаслаўшыся на яго канфідэнцыяльнасць. Па словах Кенета Бромана, «злом зла не паправіш».

Тым не менш, 46-старонкавы дакумент, датаваны 22 кастрычніка 2015 года, апынуўся ў распараджэнні Bel.biz. Аўдытарскае заключэнне разбіраецца ў фінансавых тратах, зробленых універсітэтам на карысць рэктара Дэвіда Поліка і двух членаў Рады кіраўнікоў ЕГУ: Дэна Дэвідсана і Грэгары Прынса.

Злева направа: Дэн Дэвідсан, Грэгары Прынс, Дэвід Полік

Пры гэтым нават не ўсе 16 членаў Рады кіраўнікоў ЕГУ маюць гэты дакумент. Напрыклад, Дарыюс Сталюнас (Darius Staliūnas), намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Літвы, паведаміў Bel.biz, што не атрымаў аўдыт, нягледзячы на неаднаразовы зварот з гэтай нагоды да часовага старшыні Кіруючай рады ЕГУ спадарыні Эн Лонсдэйл. Яму паведамлялі, што дакумент яшчэ не гатовы.

Дарыюс Сталюнас, фота veidas.lt

Дарыус Сталюнас:«Цяпер жа я бачу, што часовы старшыня [Рады кіраўнікоў ЕГУ] каментуе гэта аўдытарскае заключэнне на сайце ЕГУ. Мяркую, гэта звязана з маёй пазіцыяй адносна падзей, якія адбываюцца ў ЕГУ».

Сапраўды, Эн Лонсдэйл ад імя Рады кіраўнікоў размясціла паведамленне, у якім заяўляе пра наяўнасць «істотных пярэчанняў» да працэсу аўдыту і яго высноў. Пры гэтым якіх-небудзь ўдакладненняў і прыкладаў такіх пярэчанняў не прыводзіцца.

Згодна з аўдытарскім заключэннем, гіганцкія сумы на карысць рэктара Дэвіда Поліка (каля $ 104 тысяч за чатыры месяцы, з чэрвеня па верасень 2015 году) фармальна праходзяць як кампенсацыя ўніверсітэтам выдаткаў у рамках яго працоўнай дзейнасці. Шэсць буйных рахункаў уключаюць затраты на авіяпералёты, перасоўванне наземным транспартам, харчаванне на дзелавых сустрэчах і сутачныя.

Насамрэч, мяркуюць аўдытары, Полік дамовіўся з намеснікам Рады кіраўнікоў ЕГУ і адначасова дырэктарам Амерыканскіх радаў па міжнароднай адукацыі (American Councils for International Education) Дэнам Дэвідсанам (Dan E. Davidson) аб атрыманні фінансавых выплат ад American Councils у дадатак да сваёй афіцыйнай зарплаты ў ЕГУ.

У канцы верасня 2014 года з Полікам быў падпісаны працоўны двухгадовы кантракт на пасаду в.а. рэктара з штомесячным заробкам у памеры 14 583 еўра. Пазней, у чэрвені 2015 года, з Полікам быў заключаны кантакт ужо ў якасці рэктара, з заробкам паменш. Пры гэтым бакі дамовіліся лічыць палажэнні новага пагаднення, якія ўступілі ў сілу з красавіка 2015 года. Па новым кантракце штогадовая зарплата Поліка склала 60 тысяч еўра, плюс магчымы гадавы бонус не больш за 30 тысяч еўра.

За красавік і травень Поліку працягвалі выплачваць зарплату па старым, больш выгадным кантракце, у выніку чаго ЕГУ пераплаціў, і пазней Полік абавязаўся вярнуць суму пераплаты. А ЕГУ, у сваю чаргу, абавязаўся кампенсаваць Поліку даволі вялікую суму страт, якая нібыта ўтварылася ў выніку канверсіі з еўра ў даляры пры выплаце рэктару зарплаты. Для аўдытараў гэтае пытанне таксама падалося не да канца ясным.

Вяртаючыся да пытання кампенсацый, іншымі словамі, схема, якую апісваюць аўдытары, такая: рэктар Полік нібыта здзяйсняе вялікія фінансавыя траты і дае рахункі арганізацыі American Councils (у мінулым — адзін з донараў ЕГУ), а пасля гэтая сума, нават без належнага дэталёвага аналізу расходаў кіраўнічымі органамі ЕГУ, кампенсуецца ўніверсітэтам. Фармальна грошы пайшлі на аплату авіябілетаў, гасцініц, паслуг кіроўцы. Праблема ў тым, адзначаюць аўдытары, што ім не было прадстаўлена ніякіх дадатковых дакументаў, напрыклад, копій авіябілетаў.

«Такія дадатковыя кампенсацыі на карысць спадара Поліка таксама могуць сведчыць аб парушэннях падатковага заканадаўства», — гаворыцца ў дакуменце. Сапраўды, калі названыя сродкі ў рэальнасці не былі кампенсацыяй, то з іх павінны быць выплачаныя падаткі.

Копія рахунку членаў Рады кіраўнікоў ЕГУ

Больш за тое, у ліпені 2015 года ЕГУ кампенсаваў American Councils выдаткі двух членаў Рады кіраўнікоў ЕГУ, а менавіта Дэну Дэвідсану і Грэгары Прынсу, у памеры $ 52 080. «Нам не былі прадастаўлены дакументы або інфармацыя, якія пацвярджаюць гэтыя выдаткі, — пазначана ў дакуменце. — Прымаючы да ўвагі гэтыя абставіны, мы не былі ў стане праверыць, ці адлюстроўваюць названыя аб'ёмы фактычныя выдаткі. Мы таксама вывучылі рахункі, прадастаўленыя ЕГУ з боку American Councils ў мінулым годзе, і іх аб'ёмы аказаліся значна ніжэйшымі».

Аўдытары рэкамендуюць Радзе міністраў Паўночных краін звярнуцца да American Councils з запытам па больш дэталёвай інфармацыі па ўказаных рахунках і выплатах. Прадстаўнікі Рады міністраў Паўночных краін адмовіліся адказваць на пытанне Bel.biz, ці быў зроблены такі запыт і якія яго вынікі.

Эн Лонсдэйл, часовы старшыня Рады кіраўнікоў ЕГУ, фота css.ge

Тут трэба падкрэсліць, што і Дэн Дэвідсан (Dan Davidson), і Грэгары Прынс (Gregory Prince), разам з Даніэлем Таршысам (Daniel Tarschys), Хенрыкам Тофт Енсэнам (Henrik Toft Jensen) і Эн Лонсдэйл (Anne Lonsdale) былі сябрамі Пошукавага камітэта, які займаўся выбарам кандыдата на пасаду рэктара ЕГУ і, у канчатковым выніку, зацвердзіў Поліка. Bel.biz звярнуўся да часовага старшыні Рады кіраўнікоў ЕГУ Эн Лонсдэйл з пытаннямі адносна фактаў, выкладзеных у дакладзе Deloitte, і чакае адказу.

Акрамя ўсяго іншага, усе згаданыя вышэй асобы былі прызначаныя ў Пошукавы камітэт, адзначае аўдыт, яшчэ да таго, як былі зацверджаны ў якасці членаў Рады кіраўнікоў ЕГУ. У дакуменце прыводзіцца і шэраг парушэнняў выбарчага працэсу. «Нам не былі прадастаўлены крытэрыі адбору і інфармацыя па іншых кандыдатах, якія прэтэндавалі на пазіцыю в. а. рэктара. Улічваючы важнасць такой пасады і значныя фінансавыя траты ўніверсітэта на яе карысць, нам уяўляецца, што ў працэсе прызначэння в.а. рэктара павінны былі мець месца канкурэнтныя працэдуры выбараў», — гаворыцца ў дакуменце.

У выніку фармальнага працэсу на пасаду в.а. рэктара быў абраны Полік, «нягледзячы на адсутнасць у кандыдата досведу ў постсавецкім рэгіёне і ведання рускай/беларускай моў — тых кваліфікацый, якія сам жа Пошукавы камітэт заявіў у якасці прыярытэтных для пасады рэктара», — сцвярджае аўдытарскае заключэнне. Такія справы.

Андрэй Елісееў, bel.biz

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930