Знайсці
22.10.2021 / 09:37РусŁacБел

Як Інтэрпал — арганізацыя, што спрыяе правасуддзю — стала дапамагаць таталітарным рэжымам

Некалі гэтае паліцэйскае агенцтва дапамагала шукаць зніклых злачынцаў. Але нядаўна ў яго спісе для міжнароднага вышуку з’явіліся ўцекачы і дысідэнты.

Фота depositphotos.com.

Міжнароднае паліцэйскае агенцтва Інтэрпал было заснаванае ў 1923 годзе. Новая арганізацыя павінна была не даць магчымасці людзям пасля злачынства ў адной краіне беспакарана пераязджаць у іншую.

У 1938 годзе нацысты далучылі да Германіі Аўстрыю, дзе размяшчалася штаб-кватэра Інтэрпала, і перанеслі арганізацыю ў Берлін. Большасць краін выйшлі з агенцтва, і яно перастала мець міжнародны статус да канца вайны.

На жаль, гэта быў далёка не апошні выпадак, калі таталітарныя рэжымы выкарыстоўвалі Інтэрпал у сваіх мэтах, піша Guardian.

Зараз у Інтэрпал уваходзяць 194 краіны. Яны дапамагаюць адна адной у вышуку ваенных злачынцаў, наркабаронаў і тых, хто дзесяцігоддзямі збягае ад правасуддзя. Арганізацыя выдае паведамленні наконт асоб, што знаходзяцца ў вышуку ў краінах-чальцах Інтэрпала, і гэтая інфармацыя распаўсюджваецца ў сістэме агенцтва.

Самы вядомы тып паведамленняў Інтэрпала — чырвоныя, кожны год яны дапамагаюць знаходзіць тысячы людзей. Сярод злачынцаў, дзеля вышуку якіх выдавалі чырвоныя паведамленні, былі Усама бін Ладэн і Саадзі Кадафі, сын Муамара Кадафі.

У апошні час колькасць такіх паведамленняў вырасла амаль у 10 разоў — ад 1200 у 2000 годзе да амаль 12 000 у мінулым годзе. Такому росту спрыяе распаўсюджванне тэрарызму і глабалізацыя — злачынцам стала прасцей перамяшчацца па ўсё больш узаемазвязаным свеце.

Інтэрпал як інструмент таталітарызму

Эксперты лічаць, што расце колькасць выпадкаў, калі краіны-чальцы арганізацыі выкарыстоўваюць Інтэрпал у мэтах набыцця палітычнага капіталу ці помсты апанентам аўтарытарных рэжымаў.

Яны жадаюць перадаць грознае паведамленне: вы можаце пакінуць сваю краіну, але вам усё роўна пагражае пакаранне.

Нядаўна ў такую сітуацыю трапіў беларус Макарый Малахоўскі. 27-гадовы хлопец, што жыве ў Польшчы некалькі месяцаў, быў затрыманы 12 верасня ў горадзе Пясэчна якраз у сувязі з чырвоным паведамленнем Інтэрпала.

Беларускія праваахоўнікі ўзбудзілі супраць Малахоўскага крымінальную справу па абвінавачванні ў «гвалце ці пагрозе гвалту» да сілавіка, праз што і было выдадзенае чырвонае паведамленне. Аднак беларус правёў у польскай турме толькі адну ноч, пасля чаго быў выпушчаны.

Міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі назваў выпадак Малахоўскага вынікам чарговай спробы палітычнага выкарыстання чырвонай ноты Інтэрпала.

Генсек Інтэрпала Юрген Шток прызнае, што не ўсе чырвоныя паведамленні маюць абгрунтаваны характар. Ён сцвярджае, што краіны далёка не заўсёды паведамляюць у Інтэрпал пра атрыманы тым ці іншым чалавекам статус уцекача, чым часткова можна патлумачыць памылковыя чырвоныя паведамленні.

Таксама Шток падкрэслівае, што колькасць неабгрунтаваных паведамленняў вельмі маленькая. Ён называе лічбу ў 5%, аднак нават яна можа выклікаць сотні неапраўданых арыштаў кожны год.

Падчас працы Штока на чале Інтэрпала агенцтва ўзмацніла свой наглядны орган — камісію па кантролю за файламі Інтэрпала, што разглядае апеляцыі на дзейнасць агенцтва і можа выдаляць чырвоныя паведамленні.

Інтэрпал пачаў публікаваць больш інфармацыі пра вынікі скаргаў. Як кажа Шток, цяпер перад тым, як паведамленні аб вышуку публікуюцца, іх разглядае каманда экспертаў. Крытыкі прывіталі змены, аднак некаторыя з іх мяркуюць, што Інтэрпалу яшчэ ёсць над чым працаваць.

«Вы хацелі, каб там адны дурні працавалі?» Як беларускія сілавікі спрабуюць падмануць Інтэрпал 

Улады ўнеслі ў спіс Інтэрпала заснавальніцу дзіцячага хоспіса ў Гродне

«Сказалі, што ў Еўрасаюз мне лепш не прыязджаць». Блогер, якога затрымалі ў аэрапорце Браціславы, расказаў, чаму гэта адбылося

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031