Мінскі метрапалітэн: «Ад асоб сталага ўзросту нам неаднаразова паступалі настойлівыя просьбы не пускаць у метро без масак»
На сённяшняй нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі і мерах супрацьдзеяння распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў кантроль масак. Але нічога дакладнага пра лёс абавязковага масачнага рэжыму ў выніку сказана не было. Між тым, мы пацікавіліся, як цяпер праходзіць кантроль за маскамі ў мінскім метро: здзяйсняць рэйды ў падземцы з 13 кастрычніка даручылі групам інспектараў службы бяспекі.
Лукашэнка заняўся кавід-прафілактыкай насельніцтва, але атрымалася толькі горш. Што ён сказаў
Як нам расказалі ў прэс-службе метрапалітэна, з просьбамі дадаткова сачыць за тым, каб у метро не было людзей без масак, да супрацоўнікаў звяртаюцца самі пасажыры.
«Нам неаднаразова паступалі скаргі, у асноўным ад асоб старэйшага і сталага ўзросту, з настойлівай просьбай не дапускаць у метро людзей без масак ці сачыць, каб ніхто з іх не здымаў іх падчас язды, — пракаментаваў «Нашай Ніве» прэс-сакратар мінскага метрапалітэна Андрэй Дроб. — У тым ліку з клопатам пра ўзроставых пасажыраў і былі распачатыя тлумачальныя рэйды.
Фота: прэс-служба метрапалітэна
Падчас іх практычна ўсе пасажыры пазітыўна рэагавалі на просьбы інспектараў службы бяспекі надзець маску. У сваю чаргу, нашы супрацоўнікі заўсёды дзякуюць такім пасажырам за разуменне і клопат пра людзей навокал».
Фота: прэс-служба метрапалітэна
Што тычыцца штрафавання пасажыраў метро без маскі, то такой мэты і не было.
«У нас няма такіх паўнамоцтваў. Мы толькі прапануем пасажырам надзець маскі на перыяд паездкі ў метро, каб засцерагчы сябе і пасажыраў побач ад рызыкі заражэння інфекцыйнымі захворваннямі.
Гэта выклікана тым, што ў грамадскім транспарце няма магчымасці забяспечыць сацыяльную дыстанцыю», — удакладніў Андрэй Дроб.