Gulagu.net апублікаваў апавяданне беларускага праграміста, які перадаў праваабаронцам відэа катаванняў зняволеных у Расіі
Заснавальнік расійскага праваабарончага праекта Gulagu.net Уладзімір Асечкін зрабіў невялікае інтэрв'ю з беларускім праграмістам, які перадаў яму відэазапісы катаванняў зняволеных у Расіі.
Расійскія праваабаронцы атрымалі відэа ад беларускага праграміста з імем Сяргей. Ён прыехаў у Расію і ў 2013 годзе быў затрыманы з торбай з наркотыкамі, якую перавозіў па просьбе знаёмых. У 2015 годзе Сяргея асудзілі на дзевяць гадоў. Ён адбываў пакаранне ў Саратаўскай вобласці і быў адміністратарам камер назірання ў сухотнай бальніцы. Пасля вызвалення Сяргей папрасіў палітычны прытулак у ЕС.
Праграміст заявіў, што хацеў данесці да людзей інфармацыю аб катаваннях зняволеных у Расіі.
Таксама Gulagu.net паказаў відэа катаванняў былога зняволенага Рамана Гуртавога, якое было знятае ў лютым 2020 года. На ім двое мужчын трымаюць ногі Гуртавога, а трэці мужчына падыходзіць да яго і пачынае гвалтаваць.
У катаваннях удзельнічалі зняволеныя, якія супрацоўнічалі з сілавікамі.
Раней стала вядома, што праваабаронцы атрымалі больш за 40 гігабайт відэа, дакументаў і фатаграфій з катаваннямі і здзекаваннямі.
Пасля гэтага Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу. Некалькі кіраўнікоў рэгіянальнага ўпраўлення турэмнага ведамства былі адпраўленыя ў адстаўку.