Знайсці
30.09.2021 / 09:20РусŁacБел

Ад паштальёна да Народнага паэта Беларусі. Сёння Нілу Гілевічу магло б споўніцца 90 год

Яго першы верш надрукавалі, калі яму было 15 год. Ён пераклаў звыш 400 твораў на беларускую мову, але ніводную яго п’есу не паставілі на сцэне. Апошняму Народнаму паэту Беларусі, навукоўцу і перакладчыку сёння магло б споўніцца 90 год. У дзень юбілею творцы Budzma.by узгадвае цікавыя факты з жыцця паэта.

pln.by

Пры нараджэнні бацькі далі сыну зусім іншае імя

Будучы паэт нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў шматдзетнай сялянскай сям’і. У бацькоў Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны было 8 дзяцей. Пяць хлопцаў: Нінэл, Леў, Мікалай, Марат, Сальвір. І тры дачкі Ліна, Іда і Святлана. Пры нараджэнні бацькі назвалі сына — Нінэл. Калі чытаць гэтае імя наадварот, то атрымоўваецца — «Ленін». У будучыні паэт змяніў сваё імя, скараціўшы яго да Ніл.

Дэбютаваў з першым вершам у 15 год

Дзіцячыя і падлеткавыя гады Ніла Гілевіча прайшлі ў вёсцы. Першыя гады пасля акупацыі будучы творца працаваў паштальёнам у калгасе. Тады ў 1946-м годзе паэт дэбютуе ў часопісе «Бярозка» з вершам «Яблынька». З гэтага часу яго творы пачынаюць рэгулярна друкаваць у рэгіянальнай і рэспубліканскай прэсе.

У наступным, 1947-м, годзе Гілевіч пераязджае ў Мінск. Там ён паступіў ў Мінскую педагагічную вучэльню імя Крупскай, якую скончыў у 1951 годзе. Апошні год навучання Гілевіч спалучаў з працай настаўніка ў Мінскай школе.

Пераклаў больш за 400 твораў разнастайных славянскіх пісьменнікаў

За ўсё жыццё Гілевіч пераклаў звыш 400 твораў. Паэт перакладаў творы з балгарскай, расійскай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай моваў. Але большую перавагу аддаваў балгарскай літаратуры. Бо лічыў, што яна практычна невядомая беларускаму чытачу.

Сам Гілевіч шкадаваў, што шмат увагі надзяляў перакладам, а не сваёй творчасці. «Шкадую, што займаўся перакладамі ў такім аб’ёме. Маю на ўвазе, што я даў беларускаму чытачу таўшчэзны баўгарскі раман, дзьве аповесьці, шмат апавяданьняў, казкі югаслаўскіх народаў і г.д. Гэта я не павінен быў рабіць. Паэзія — мая стыхія, а без перакладаў прозы можна было абысьціся спакойна. (…) мог бы я трошкі больш сілы пакінуць на сваё. Сям-там я трохі перастараўся. Што зробіш — назад не адкруціш».

Ніводную п’есу Ніла Гілевіча не паставілі на сцэне

За гады сваёй творчасці Гілевіч напісаў 15 п’ес. але ніводную з іх не паставілі на сцэне тэатра. Сам паэт казаў: «Відаць, я ня маю неабходных драматургу здольнасьцяў. П’есу трэба прабіваць, што ўмелі рабіць мае знаёмыя і сябры. Трэба ісці ў міністэрства культуры, да галоўнага рэжысэра і г.д. Я — палец аб палец не ўдарыў».

Але для рамана «Родныя дзеці» Ніл Гілевіч напісаў лібрэта для радыёп’есы. Прагучаўшы некалькі разоў па радыё, п’еса атрымала добрыя водкукі.

Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін і Васіль Быкаў

Не любіў трасянку і скептычна ставіўся да беларускай лацінкі

Паэт лічыў, што трасняка — пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускай мовы і катэгарычна выказваўся супраць яе. «Трасянка — з’ява пачварная, іншай ацэнкі быць ня можа», — казаў Ніл Гілевіч.

Таксама Народны паэт даволі скептычна ставіўся да беларускага лацінскага алфавіта. Ён параўноваў пераклад на лацінку са зменай арабскага пісьма на кірылічнае, калі бальшавікі прыйшлі ў Сярэднюю Азію:

«За зменай алфавіта — змена пісьменства, а гэта значыцца асуджэнне на смерць усёй нашай літаратурнай спадчыны, якую немагчыма — усю! — перавесці на новае пісьмо».

Заставаўся апошнім, хто насіў званне Народнага паэта Беларусі

Званне Народнага паэта Беларусі Ніл Гілевіч атрымаў у 1991 годзе. Але нават маючы ганаровае званне ў 2006 годзе атрымаў адмову ў выданні кнігі «Выбранае» ад выдавецтва «Мастацкая літаратура». Гэта было звязана з тым, што падчас перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў 2006 годзе паэт уваходзіў у выбарчы штаб кандыдата Аляксандра Казуліна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031